У каментарах да артыкула «Як вітацца па-беларуску» разгарэлася спрэчка адносна ўжывання ў беларускай мове выразу «добрай раніцы». Чытачы адзначаюць: ад самага ранку трэба казаць «дзень добры».
У іншых славянскіх мовах аналагі «добрай раніцы» сустракаюцца. Напрыклад, «доброго ранку» ва ўкраінскай ці «dobré ráno» ў чэшскай і славацкай. Але некаторыя славяне ад самай раніцы кажуць «дзень добры». Напрыклад, палякі — «dzień dobry».
Настасся Роўда, выкладчык «Мова Нанова – Маладзечна» і ўкладальнік тэксту да выявы, адзначае, што давала толькі варыянт «дабранак», бо прадчувала палкія дыскусіі. «Добрай раніцы» з’явілася на выяве праз аўтара выявы як дадатак да «дабранак».
«На шматлікіх форумах людзі выказваюцца, што ім падабаецца гаварыць «добрай раніцы». А калі падабаецца, то чаму забараняць? — кажа Настасся. — Менавіта ў гэтым выпадку не бачу нічога злачыннага. Нягледзячы на тое, што сама гэты варыянт не ўжываю, бо ведаю пра яго «ненарматыўнасць».
Кіраўнік і выкладчык курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка згадвае: «Адным з найвялікшых аўтарытэтаў у беларускай мове для мяне застаецца светлай памяці Юрась Бушлякоў, мой настаўнік і сябра. Спадар Юрась заўжды казаў, што «добрай раніцы» казаць нельга, што гэта калька. Таму, кіруючыся прынцыпам чысціні мовы, трэба зважаць на гэта».
Але забараняць некаму так казаць Лабадзенка не лічыць магчымым: «Як казаў вялікі Купала, «беларускай я песні ўладар» — і кожны беларускамоўны чалавек можа паўтарыць гэта за Песняром. Ніводзін народ у свеце не гаворыць на літаратурнай мове — таму я не прыхільнік метадаў «моўнай паліцыі», каб адразу біць лінейкай па ілбе таго, хто адхіляецца ад нормы».
«Гістарычна гэты зварот не мае грунту. Сапраўды, у беларускай мове ён не зафіксаваны, у дыялектнай практыцы таксама, — тлумачыць мовазнаўца Вінцук Вячорка. — Аднак пад уплывам іншых моваў (у нашай сітуацыі хутчэй за ўсё гэта расійская) ён распаўсюдзіўся, яго ўжываюць. Не думаю, што яго трэба калёным жалезам выпальваць. Слова «ранак», слова «раніца» — беларускія. Ужыванне «добрай раніцы» не пярэчыць задачам зберажэння самабытнасці беларускай мовы».
Вячорка мяркуе, што і самі расейцы, хутчэй за ўсё, ўзялі такі зварот ад немцаў ці французаў. Сялянскім традыцыйным культурам ён не ўласцівы: «Раніца як асобная пара не вылучаецца, адразу пачынаецца працоўны дзень». Магчыма, такі зварот з’явіўся ў расійскай каля XVIII стагоддзя, кажа мовазнаўца.
А вось «прывіт» Вячорка не рэкамендуе ўжываць. Хаця па-ўкраінску кажуць «привіт», а па-руску — «привет», гэта гучыць недарэчна па-беларуску, мяркуе ён.