Каардынатарка руху «Let’s do it!»: Захацелася пабыць сам-насам з прыродай, а вакол толькі кучы смецця

Як заахвоціць 50 000 чалавек выйсці на вуліцу і за 5 гадзін прыбраць усю краіну, ведае тая, у каго гэта атрымалася. Сакрэтамі і парадамі дзеліцца адна з каардынатараў руху «Let’s do it! World Cleanup» у Эстоніі Таццяна Лаўрова.

За дзень зрабіць Эстонію чыстай

Выпадковасці невыпадковыя, і аднойчы журналістцы эстонскага штотыднёвіка прапанавалі зрабіць інтэрв’ю. Яна не вярнулася назад: «Мне хацелася змяніць свет да лепшага, і была процьма ідэй. А мяне атачалі выдатныя людзі, але ўпэўненыя, што змяніць нешта немагчыма і трэба жыць сваім жыццём».

Выходзячы пасля інтэрв’ю, яна падумала: «Хацелася б тут застацца!» А праз пару месяцаў сышла з рэдакцыі, і лёс прывёў яе да людзей, якія расказалі пра цуда-бізнэсоўца: той загарэўся ачысціць Эстонію ад смецця за адзін дзень.

Аўтар ідэі — Райнэр Ныльвак (Rainer Nõlvak), дзякуючы якому з’явіўся самы папулярны эстонскі партал Delfi і нават першы завод па зборцы кампутараў MicroLink: «Ён — прафесійны біятланіст. Кажа, дастала: бягу, хачу быць сам-насам з прыродай, а вакол кучы смецця».

Як 600 валанцёраў працавалі 7 месяцаў

Тады, у 2007 годзе, нарадзілася канцэпцыя. На думку Таццяны, галоўнае ў тым, як рыхтавалася кампанія — тое, што ўдзельнікі пыталі: «Як?» замест таго, каб шукаць вінаватых.

«Мы пачалі шукаць асабістыя кантакты — без іх складана падняць такую махіну. Як сабраць людзей у адзін дзень? Трэба валанцёры, шмат. Па дадзеных Цэнтра кіравання дзяржаўнымі лясамі, было не менш як 10 000 тон адходаў у лясах, на ўзбочынах, лугах і палях. Былі і прыватныя ўгоддзі. Нам трэба было 40 000 валанцёраў», — распавядае яна.

Пасля валанцёры ўдакладнілі інфармацыю: «Дарэчы сказаць, skype рэалізавалі ў Эстоніі. І яго галоўны архітэктар стаў нашым партнёрам, пад яго кіраўніцтвам была зробленая віртуальная мапа смецця», — кажа Таццяна. Картаграфаванне праводзілася ў тым ліку з дапамогай дадатку для мабільных з GPS.

Падрыхтоўка да акцыі доўжылася каля 7 месяцаў, пару чалавек атрымоўвалі заробак, астатнія 600 — валанцёры. Яны падзяліліся на каманды: адказныя за камунікацыю, лагістыку, каардынацыю валанцёраў, сувязі з партнёрамі, «бо без прыватных грошай тут ніяк».

«Я працавала фрылансерам-перакладчыкам, і гэтую дзейнасць згарнула — не было сіл ні на што. Месяцаў пяць муж мяне спансіраваў — карміў. Гераічны мужчына, паўгады еў макароны…» — прыгадвае Таццяна.

Паліва давалі бясплатна паліўныя кампаніі, хтосьці з мясцовых уладаў — граблі-пальчаткі, гарбату, піражкі — болей ці меней, але ніхто не застаўся збоку. Было каля 500 партнёраў.

Самая масавая рэкламная кампанія за 0 крон

Рэкламная кампанія абыйшлася ў 0 крон і доўжылася месяц-паўтара. Па ацэнцы Таццяны, гэта была самая масавая кампанія ў краіне. Прыбіранне цягнулася 5 гадзін, удзел прынялі — увага! — 50 000 валанцёраў. І смецця сабралі столькі, колькі планавалі.

На ўтылізацыю дзяржава зладзіла тэндар і вылучыла 7 мільёнаў крон (447 тысяч еўра), што і пайшлі пераважна на яе. Калі прыбіранне ладзілася б выключна сіламі дзяржавы, па падліках валанцёраў, на яе пайшло б 350 мільёнаў крон (22,4 мільёны еўра) і 3 (!) гады.

Як зламалі стэрыятып у час, калі людзей вінавацілі ў фашызме

Першы дзень валанцёры адпачывалі… «А пасля ўсвядомілі, што мы яго сабралі. Мы зрабілі пераварот у свядомасці! Раней у грамадстве былі думкі: «Каму гэта трэба? Нам з гэтым жыць, а ўладам усё роўна».

Але пасля таго, што мы зрабілі, людзі не маглі так казаць. Мы зламалі стэрыятып, і людзі ўсвядомілі, што калі яны збіраюцца разам, яны могуць рабіць значныя змены. Мы здольныя канструктыўна стасавацца з уладай, і мы можам ісці далей — сувязі ўжо ёсць», — кажа адзін з каардынатараў руху «Let’s do it!»

Гэта, на думку Таццяны, з’яднала грамадства, у якім тады моцным было супрацьстаянне поглядаў «рускіх» і «эстонцаў». Акцыя прайшла акурат праз год пасля таго, як адбыліся канфлікты і дэмантаж помніка савецкаму салдату.

«У Эстоніі асаблівыя людзі? Гэта не так!»

Крок быў істотным у развіцці гарызантальнай камунікацыі ў грамадскай прасторы краіны, а аднаразовая акцыя зрабілася сусветным рухам «Зробім!», у якім зараз 122 краіны. У самой Эстоніі з’явіўся «Дзень карысных спраў».

На пытанне, у чым сакрэт поспеху акцыі, Таццяна адказала: «Мы адолелі 5%-ны бар’ер, зрабілі зрух свядомасці, і зараз гэта снежны ком».

Трэба адзначыць, што таксама бар’ер па колькасці ўдзельнікаў пераадолелі Славенія, Косава, Латвія і Літва, Балгарыя і Албанія.

«Калі ў кагосьці ўзнікнуць думкі, што ў Эстоніі нейкія асаблівыя людзі — гэта не так. Гэта магчыма паўсюль, дзе задаюць пытанне: «Як?». Мы разумелі, што робім нешта новае. Мы ссумаваліся па прыродзе і хочам, каб нашыя дзеці жылі ў чысціні. Нам няма адкуль чакаць дапамогі», — адзначае Таццяна.

Парады Беларусі

  • Сярод беларусаў слабы дух валанцёрства? Трэба намагацца перадаць людзям свае запал і натхненне. У тым ліку праз тэксты, маючы пэўны запас запрашэнняў і г.д., якія публікуюцца і рассылаюцца. Эстонцы пры пошуку валанцёраў шмат выкарыстоўвалі асабістых кантактаў.
  • Важна, каб у медыякампаніі ўдзельнічалі «лідары меркаванняў» — спевакі, акторы ды іншыя. Прычым у Эстоніі ролікі трансляваліся нават па тэлебаванню. Гэта паўплывае на імідж кампаніі.
  • Можна зменшыць выдаткі: эстонцаў пускалі бясплатна ў адміністратыўныя будынкі, гатэлі. У беларускім варыянце можна школы, дамы культуры.
  • Не падзяляць людзей паводле палітычных поглядаў, памятаючы, што ва ўсіх агульная мэта — зрабіць свой дом чыстым: «Ну вось, не прыйдзе Пуцін на прыбіранне — і не прыбярэ свае тры кучы», — трапна пракаментавала Таццяна. І кампанія мусіць быць абсалютна двухмоўнай.
  • Вызначыць ключавыя ролі ў камандзе і падзяліць працу, тых, каго не хапае, — знайсці.
  • І галоўнае: «Мне вельмі ўтульна ў вас. І мне падаецца, вы сябе недаацэньваеце. Я бачу, што людзі ў кожнай краіне камплексуюць і параўноўваюць сябе з замежжам… Трэба не саромецца сваіх моцных бакоў і расправіць плечы».

ampby.org

 

pirozhok

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

4 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

2 тыдні ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

3 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

3 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago