За апошні час Брэст настолькі змяніўся, што тыя хто не быў у ім гадоў 5-7, то можа і не пазнаць некаторыя вуліцы. Акрамя саміх вуліц, змяніліся і людзі. Яны, жыхары Брэста, сталі больш часу прысвячаць свайму здароўю, займаюцца актыўным адпачынкам, а менавіта – катаннем на роварах.
І адной з прычын такога росквіту веларуху ў горадзе, можна назваць працу інфармацыйна-асветніцкай установы “За вела-Брэст”. Чым займаюцца хлопцы і дзяўчаты ва ўстанове і якія новыя праекты ад іх чакаць, на усе гэтыя, і не толькі, пытанні адказаў Уладзімір Красько – дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы “За вела-Брэст”.
Калі была заснавана ўстанова?
– Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “За вела-Брэст” была заснавана ў 2009 годзе. А зарэгістраваць атрымалася толькі ў мінулым годзе.
Што змянілася за гэтыя 6 гадоў?
– Змяніўся сам горад. У параўнанні з 2009 годам, зараз мы (жыхары горада) можам смела называць Брэст вела-сталіцай Беларусі. І вельмі цешыць той факт, што наша ўстанова мае да гэтага дачыненне таксама.
Расскажыце пра самыя запамінальныя моманты з працы “ За вела-Брэст”
– Такіх момантаў шмат. Адзін з самых яркіх, гэта момант правядзення роварнага прабегу ў 2012 годзе. На той час мы усталявалі рэкорд, і на велапрабег сабралі каля паўтысячы удзельнікаў! А ў красавіку гэтага года, калі Брэст і Батумі (Грузія) сталі гарадамі-пабрацімамі, інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “За вела-Брэст” паглядзела на ўмовы для веласіпедыстаў у сонечным Батумі. Ну і канешне ж прывезлі на Радзіму шмат цікавых ідэй.
Больш дэтальна азнаёміцца можна тут
Для чаго вам патрэбны валанцёры?
– Зараз мы праводзім акцыю “Апельсіны веласіпедыстам”, і нам патрэбныя людзі для раздачы апельсінаў. Таксама нам трэба валанцёры для падрыхтоўчага этапу па напісанні Стратэгіі развіцця веласіпеднага руху ў нашым горадзе. Для таго, каб дапамагчы ў напісанні Стратэгіі, не абавязкова быць веласіпедыстам. Ёсць шмат працы за кампутарам і ў інтэрнэце.
Як людзям, якія зацікавіліся вашай ўстановай, звязацца з вамі?
– Можна прыслаць сваё імя і кантакты (тэлефон ці id сацыяльнай сеткі) на электронны адрас [email protected]. Ці патэлефанаваць па нумару (029) 222-58-22