Каляндар

Папараць- кветка і што рабілі з дзяўчатамі: сем фактаў пра Купалле

Цікавая інфармацыя пра галоўнае паганскае свята Беларусі – Купалле.

kupalle150622_503-i8tyb[1]

Агульнае індаеўрапейскае свята

Некалі свята на дзень сонцастаяння адзначалі па ўсёй Еўропе, тлумачыць фалькларыст Арсень Ліс. У сярэднявечнай Францыі масавае гулянне з вогнішчамі распачынаў сам кароль. Беларуская ж асаблівасць у тым, што ў нас яно найдаўжэй захавалася. І гэта дазволіла зафіксаваць вялікую колькасць купальскіх песень. Дагэтуль купальскія традыцыі захаваліся і ў нашых балцкіх суседзяў.

У беларускай культуры перанос Купалля з чэрвеня на ліпень падмацавана яшчэ і тым, што 7 ліпеня па новым стылі нарадзіўся Іван Луцэвіч — і менавіта ў гонар Купалля ўзяў сабе псеўданім Янка Купала.

Кім быў Купала?

Ці быў насамрэч у паганскім пантэоне нашых продкаў бог Купала? Ці, як сцвярджаюць некаторыя навукоўцы, Іван Купала — гэта народны варыянт імя Яна Хрысціцеля? Адзінага меркавання няма, кажа Арсень Ліс. У многіх мясцовасцях, асабліва па захадзе Беларусі, Купалле называюць Янам, Іванам — «на Яна, на Йвана». «Ой, рана на Йвана» — знаная песня. Але ўся атрыбутыка свята – язычніцкага паходжання, адлюстроўвае міфалагічныя ўяўленні аб свеце. Тут і ігра сонца на Купалле, і вогнішчы.

Навошта скакаць цераз вогнішчы

Цяпер гэта робіцца дзеля забавы, а продкі верылі, што агонь мае ачышчальную моц. І не толькі для чалавека. Галавешку з купальскага вогнішча кідалі ў жыта, каб адпалохваць інфернальныя сілы. А на Купалле ж пачынае налівацца жыта. Трэ’ было яго абараніць, забяспечыць урадлівасць.

У лесе на Купалле шукалі папараць-кветку. Гэта ў выніку літаратурнай апрацоўкі яна стала сімвалам абстрактнага шчасця, а ў першасным народным уяўленні той, хто паспее яе сарваць, зможа разумець мову дрэў, травы, звяроў, бачыць скарбы пад зямлёй і ўрэшце стаць багатым.

Крыніцы сведчаць, што свята вылучалася і эратычнай разняволенасцю, як антычныя вакханаліі. Таму і песні спявалі жартоўныя. Моладзь гуляла, весялілася. Адна вёска магла спяваць супраць другой, ці хлопцы — супраць дзяўчат.

У крыніцах зафіксавана, што даўней падчас купальскіх гулянняў нават «украдалі жон» — будучых нявест.

Збор зёлак

Лекавыя травы на Купалле — у самай сіле. Дагэтуль у вёсках зёлкі збіраюць акурат на Івана, на Яна.

І яечня

Кожнае свята мела сваю абрадавую страву. На Купалле гэта яечня. У некаторых мясцовасцях яе нават пяклі ў патэльні на вогнішчы.

Уратаваная «Купалінка»

У 1921 у мінскім БДТ-1 (у будучым Купалаўскі тэатр) быў пастаўлены музычны спектакль «На Купалле». Тэатру патрабавалася п’еса з нацыянальным каларытам, і выбар рэжысёра Еўсцігнея Міровіча спыніўся на п’есе Міхася Чарота. Музыку да спектакля стварыў кампазітар Уладзімір Тэраўскі. У спектаклі ўпершыню прагучала «Купалінка», якую сёння многія лічаць народнай песняй.

Геніяльнага кампазітара Тэраўскага арыштавалі і замардавалі саветы. А ў Савецкім Саюзе была такая норма, што забараняліся і ўсе згадкі пра рэпрэсаваных, усе іх творы. Каб твор мог надалей выконвацца, беларускія ўкладальнікі пачалі ў музычных зборніках падпісваць «Купалінку» народнай песняй. Гэтаксама, дарэчы, была ўратаваная і «Зорка Венера» іншага замучанага саветамі беларуса, Сымона Рак-Міхайлоўскага.

Купаллі два?

Купалле традыцыйна адзначалася ў самую кароткую ноч у годзе. Гэта значыць, з 21 на 22, або з 22 на 23, або з 23 на 24 чэрвеня — у розных народаў па-рознаму, але канечне ў дні летняга сонцастаяння. Многія запярэчаць: Купалле святкуецца з 6 на 7 ліпеня. Нават на афіцыйным узроўні. Адкуль такая дваістасць? Гэта выклікана, тлумачыць Арсень Ліс, накладаннем на дахрысціянскае свята праваслаўнага календара. На Купалле накладаецца дзень святога Яна Хрысціцеля. У праваслаўнай традыцыі, што выкарыстоўвае юліянскі каляндар, свята Яна, а разам з ім і Купалле, «адстала» за стагоддзі. Тым часам навука прымяркоўвае Купалле да дня летняга сонцастаяння.

Такім чынам, Купалле адно, і правільней яго адзначаць у час летняга сонцастаяння.

nn.by

Пакінуць адказ