Еўраклуб

Ці будзе каштаваць шэнгенская віза для беларусаў 35 еўра?

Магчыма, ужо летам 2016 года шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 еўра замест цяперашніх 60.

Vizy-35-evro-300x300[1]

Чаму не было добрых навін з Рыгі

Сёлета надзеі беларусаў былі звязаныя з самітам усходняга партнёрства, які адбыўся ў Рызе ў маі. Чакалася, што менавіта там будзе падпісаная дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС.

Аднак прадстаўнікі Францыі і Швецыі звярнулі ўвагу на тое, што беларускія дыпламаты дагэтуль не маюць біяметрычных пашпартоў. Такі пашпарт адрозніваецца ад звычайнага тым, што ў яго ўбудаваная адмысловая мікрасхема. На ёй запісаная інфармацыя аб уладальніку: ад прозвішча да адбіткаў пальцаў.

У свеце 195 незалежных дзяржаў. Беларусы могуць без візы наведваць 27 з іх. Жыхары Уругвая — 132.

Біяметрычныя пашпарты ў дыпламатаў — абавязковая ўмова ЕС. Пакуль Беларусь яе не выконвае, хаця неабходнае абсталяванне для вырабу такіх пашпартоў у краіны ўжо ёсць.

У выніку доўгачаканая дамова не была падпісаная ў Рызе.

— Хутчэй за ўсё, дамова будзе падпісаная ў другой палове гэтага года, — кажа Андрэй Елісееў. — Тады яна пачне дзейнічаць на практыцы ўжо з вясны 2016 года.

Чаму дамову не падпісалі раней

— Калі параўноўваць Беларусь з іншымі краінамі рэгіёна, то мы бачым, як хранічна адстаём ад іншых, прыкладна на сем гадоў, — каментуе спадар Андрэй. — Час цягнулі як беларускі, так і еўрапейскі бок.

Калі ў 2005–2007 гадах Беларусь звярталася да Еўракамісіі з прапановай спрашчэння візавага рэжыму, ЕС выстаўляла свае ўмовы: абавязковая дэмакратыя і захаванне правоў чалавека.

У 2010 годзе чыноўнікі ЕС вырашылі адысці ад гэтых умоў. Але тады ў Еўракамісіі не атрымалася пачаць перамовы з Беларуссю: пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе двухбаковыя стасункі Беларусі і ЕС значна пагоршыліся. Перамовы зацягваў ўжо беларускі бок. Год таму яны ўсё ж пачаліся.

Як выглядаюць візавыя стасункі з ЕС у нашых суседзяў, вы можаце паглядзець у табліцы.

6866

Што рэальна зменіцца, калі дамову падпішуць

Аднак эксперт звяртае ўвагу на тое, што не варта звязваць надта вялікія надзеі з падпісаннем дакумента. Ён не азначае, што мяжа ў краіны ЕС стане адкрытай. Дамова — толькі першы крок на доў­гім шляху адмены віз.

Кошт візы знізіцца з 60 да 35 еўра — гэтыя змены заў­важыць на сабе кожны беларус. Да таго ж павялічыцца катэгорыя людзей, якім візы будуць даваць бясплатна.

Будзе больш магчымасцяў атрымаць шматразовую візу.

— Калі Украіна падпісала аналагічную дамову, журналісты назвалі яе «расчараваннем года», — кажа Мар’яна Кузьё, кіраўнік праектаў украінскай грамадскай арганізацыі «Еўропа без бар’ераў». — Людзі чакалі кардынальнага палягчэння сітуацыі з візамі, а ў выніку многія амаль не заўважылі змен.

Але дамова адкрые для Беларусі шлях да наступнага этапу спрашчэння візавага рэжыму.

У 2014 годзе консульствы краін ЕС у Беларусі выдалі больш за 880 тысяч шэнгенскіх віз. Гэта самы высокі паказчык у свеце па колькасці шэнгенскіх віз на душу насельніцтва.

Большасць еўрапейскіх экспертаў упэўненая, што спрашчэнне візавага рэжыму наступіць мінімум праз 7–10 гадоў.

— Пакуль Беларусь чакае змен на ўзроўні дамоў, раю займацца і біяметрычнымі пашпартамі, — дзеліцца ўкраінскім досведам Мар’яна Кузьё. — Нават калі візавы рэжым адменяць заўтра, ніхто ўсё роўна не зможа выехаць, бо не мае біяметрычных пашпартоў.

— У Беларусі ўжо ёсць некалькі пілотных праектаў па такіх пашпартах, — заўважае спадар Андрэй. — Аб’яўляліся конкурсы на іх узоры і тэхнічныя параметры, але адпаведны закон яшчэ не прыняты. Першыя пашпарты такога тыпу ўжо атрымалі беларускія маракі.

Чаго яшчэ чакаць у 2016 годзе

Зацікаўленасць у бязвізавым рэжыме ёсць і з боку жыхароў ЕС. Па падліках Еўрапейскай камісіі, ЕС губляе мільёны еўра на патэнцыйных турыстах, якія не могуць наведваць ЕС з-за візаў.

Летась Еўрапейская камісія выступіла з прапановамі змен у Візавым кодэксе. Цяпер яны разглядаюцца ў Еўрапейскім парламенце і Савеце ЕС. Калі змены прымуць, іх адчуюць на сабе і жыхары Беларусі (глядзіце інфаграфіку).

D_JlWeVU7NA[1]

— Урэшце мы бачым жаданне спрасціць візавы рэжым і з беларускага боку, — заўважае Роберт Тышкевіч, віцэ-старшыня камісіі па замежных справах сейма Польшчы, кіраўнік парламенцкай групы па Беларусі. — Мы не адступаем і ад плана па малым памежным руху, ён мае ўсе шансы на рэалізацыю.

novisa.by

 

Пакінуць адказ