У межах конкурса на стварэнне гарадскіх інсталяцый і малых архітэктурных форм у Берасці пад эгідай агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” журы было адабрана каля 10-ці лепшых прац. Арт-аб’ект – каляровыя каналізацыйныя люкі на дзіцячых пляцоўках таксама атрымаў падтрымку гарадскіх улад.
Свае эскізы і ідэі ўсе жадаючыя маглі даслаць да 11 чэрвеня на электронную пошту “Дзедзіч”. Паўдзельнічаць у конкурсе мог любы чалавек, не абавязкова мастак ці архітэктар. Як адзначаюць арганізатары, галоўнае не пужацца эксперыментаваць з формай і прасторай, і мець жаданне ствараць актуальнае мастацтва па-за замкнёныя памяшканні.
У журы ўваходзілі спецыялісты кіравання архітэктуры і горадабудаўніцтва Берасцейскага гарвыканкама.
Аўтарам арт-аб’екту каляровыя каналізацыйныя люкі з’яўляецца Іна Болундзь, жыхарка Берасця і маці дваіх дзяцей. У жыцці Іна – мастачка. Іна, як ілюстратар, выпусціла серыю дзіцячых кніг у суаўтарстве з амерыканскім аўтарам Д. Фінч. Таксама берасцейка ўдзельнічала ў шэрагу выстав у Менску і Гародні.
Пазнаёміцца з працамі мастачкі можна ў яе акаўнце “Укантакце”: MaLeR.
Ідэя арт-аб’екту: мастачка выпадкова ўбачыла ва Інтэрнэце малюнак размаляванага люка і ўсміхнулася. А потым падумала, можа ў Берасці такі “вясёлы люк” таксама каго-небудзь развесяліць.
На пытанне, як Іна адносіцца да стрыт-арту, дзяўчына адказала:
не трэба на вуліцы рабіць тое, што не хочаш бачыць у сябе дома.
Даведка: Стрыт-арт, з ангел. Street art – вулічнае мастацтва. Накірунак у сучасным выяўленчым мастацтве, адметнай рысай якога з’яўляецца яскрава выказаны ўрбаністычны характар. Асноўная частка вулічнага мастацтва – графіці, а таксама трафарэты, скульптурныя інсталяцыі і г. д. Самае галоўнае ў стрыт-арце – не прысвоіць сабе тэрыторыю, а ўцягнуць глядача ў дыялог і паказаць розную сюжэтную праграму.
Іна выбрала люкі, бо лічыць, што сцяну ці агароджу не адолела бы. Першапачаткова ведала, калі думала над малюнкам, што будзе штосьці яркае, каляровае і каб падабалася дзеткам.
Калі вас зацікавіла праца Іны, “вясёлыя люкі” знаходзяцца: вул. Інтэрнацыянальня 2 (у раёне ЦУМа), скрыжаванне вуліц Калесніка і Вулькаўскай, вул. Махновича 27.
У наступных матэрыялах пазнаёмім вас з цікавай, з нічым непаўторнай велапаркоўкай, камфортнай сучаснай лаўкай і іншымі працамі-пераможцамі ад нашых таленавітых жыхароў.
Сачыце за навінамі на сайце: www.dzedzich.org.
Аўтар тэксту: Наталія Гарайкіна
Фотаздымкі каляровых люкаў на берасцейскіх вуліцах, аўтар Іна Боландзь: