Заняткі будуць праходзіць у сярэдняй школе №29.
У Брэсце з’явіцца беларускамоўны пяты клас. Заняткі на роднай мове будуць праходзіць у сярэдняй школе №29, якая знаходзіцца ў Маскоўскім раёне горада.
Адзіны ў горадзе беларускамоўны клас, які складаўся з пяці вучняў, знаходзіўся ў пачатковай школе №34. Сфармаваны ён быў у 2011 годзе намаганнямі неабыякавых да роднай мовы бацькоў. Лёс класа да нядаўняга часу быў незразумелы, існавала імавернасць, што яго ўвогуле расфарміруюць. Сёлета дзеці скончылі пачатковую школу, а з 5 класа пачынаюцца профільныя заняткі. Бацькам, якія пажадалі працягваць навучанне сваіх дзяцей па-беларуску, давялося зноў шукаць навучальную ўстанову.
Распавядае Еўрарадыё Маргарыта, маці 10-гадовага Францішка Вялічкіна:
“Аддзел адукацыі прапанаваў нам 23-ю ці 24-ю школу. Але мы з мужам вырашылі абысці шэраг школаў, каб вызначыць, куды лепш накіраваць дзіця. У працэсе азнаямлення мы абышлі 7 школ, і нам спадабалася 29-я, бо там набор ідзе з 5-га класа, яна маленькая — усяго 600 вучняў (у 23-й і 24-й — больш за тысячу)”.
Апроч гэтага сярэдняя школа №29 вядомая высокім прафесіяналізмам настаўнікаў. Яна таксама прапаноўвае паглыбленае вывучэнне матэматыкі, англійскай мовы і эканомікі.
На жаль, пакуль што навучаць сваіх дзяцей па-беларуску выказала жаданне няшмат сямей. На дадзены момант у адпаведны клас пададзена 5 заяваў. Чатыры з іх належаць бацькам, чыя дзеці навучаліся ў пачатковай школе №34.
Па словах Маргарыты Вялічкінай, працэдура фармавання класа за 4 гады амаль не змянілася. Шукаць патэнцыйных аднакласнікаў для свайго сына давялося самастойна праз аб’явы і сацыяльныя сеткі.
“Вядома, павінная быць падтрымка “зверху”. Высокапастаўленыя чыноўнікі, мы бачым, ідуць насустрач, але часам цяжкасці бываюць і з боку настаўнікаў. Некаторыя баяцца беларускай мовы, баяцца пераходзіць. Магчыма, яны не хочуць больш працаваць, бо, вядома, гэта большая нагрузка для настаўніка: трэба перапісаць канспекты, успомніць увогуле мову… Але ж гэта не кітайская мова — нічога складанага, калі штодня рыхтавацца да заняткаў як трэба”.
Аднак, па прызнанні Маргарыты Вялічкінай, з цалкам супрацьлеглай сітуацыяй яны сутыкнуліся менавіта ў 29-й школе. Адміністрацыя і настаўнікі вельмі пазітыўна паставіліся да ідэі з’яўлення ў іх беларускамоўнага класа. Гэта таксама паўплывала на канчатковае рашэнне бацькоў з выбарам школы.
Маргарыта Вялічкіна заўважае, што ўвогуле сёлета ўмовы для стварэння адпаведнага класа значна лепшыя за тыя, што былі 4 гады таму. Напрыклад, раней у продажы немагчыма было адшукаць беларускамоўны дзённік. Цяжкасці ўзнікалі і з наяўнасцю некаторых падручнікаў і іншых патрэбных для навучання матэрыялаў.
“Падручнікі на беларускай мове міністэрства (адукацыі — Еўрарадыё) выпускае. Праблемы ў іх няма, як і ў матэрыялах для настаўнікаў. Іх замаўляеш — і яны прыходзяць. Дэфіцыту такога няма. Школа падрыхтаваная, класны кіраўнік ужо ёсць, матэрыяльная база і падручнікі таксама”.
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…