Categories: Адукацыя

Вучым мову самастойна. Частка 1: Разуменне на слых

Амаль чутным крокам наблізілася восень, а з ёй і час навучання.

Нават для тых, хто ўжо атрымаў адукацыю, пачынаецца надзвычайна прадуктыўны перыяд, бо ў спякоту, напэўна, не вельмі і хацелася штосьці вучыць і занадта напружвацца 🙂

Я ж пачну чарговы адукацыйны артыкул у стылі «Як я правяла лета». А правяла я яго, рупліва паляпшаючы стан сваёй французскай. Як дыпламаваная выкладчыца (с), я вырашыла падыйсці да справы сістэмна і вырашаць кожную праблему дасканала. Як вынік – валоданне мовай істотна палепшылася, хаця ў першапачатковым падыходзе было нямала хібаў. Я вырашыла падзяліцца сваім досведам, каб наступныя пакаленні не наступалі на тыя ж граблі, што і я, і змаглі рабіць усё слушна ад самага пачатку. Новая рубрыка будзе асабліва карыснай тым, хто ўжо крыху валодае мовай і хоча эфектыўна палепшыць свой узровень.

Распачнем яе з разумення на слых, ці аўдыравання.

Разуменне на слых

У маім выпадку ўзровень валодання мовай быў ужо дастаткова высокі, але больш-менш складаныя ці спецыялізаваныя тэксты ніяк не хацелі ўспрымацца на слых. Нават знаёмыя словы не адразу апазнаваліся ў хуткай плыні гукаў, большасць з каторых злівалася ў нешта невыразнае.

Што рабіць? Сумяшчаць прыемнае з карысным, каб не толькі вывучаць нешта новае, але і зрабіць гэты працэс цікавейшым. Я раю для гэтага тэматычныя падкасты ці, што лепей, серыялы. Яны вельмі карысныя з шматлікіх нагодаў:

  • Сюжэт разгортваецца крок за крокам, таму, нават калі штосьці недачуецца/не зразумеецца, можна потым нагнаць гэта крыху пазней, зыходзячы з кантэксту. Дарэчы, так нават лепей запомніцца, чым калі адразу шукаць у слоўніку.
  • Шматлікія выразы паўтараюцца дастаткова часта, каб добра запомніць іх і сітуацыі, у якіх яны выкарыстоўваюцца, а таксама граматычныя паказчыкі. „Vous êtes en garde à vue à partir de 8 heures“ – не толькі слова «затрыманне», але і прыназоўнік, і нават канструкцыя «з васьмі гадзін», што спатрэбіцца і ў іншым кантэксце. Для пачатку, аднак, трэба некалькі разоў пачуць гэты выраз.
  • З цягам часу асяроддзе робіцца знаёмым і даволі прадказальным, таму незнаёмых элементаў робіцца ўсё менш, а пасіўныя веды пераходзяць у актыўныя (гл. папярэдні пункт).
  • Добра ахопліваецца нейкая тэма (гісторыя, юрыспрудэнцыя ці нешта іншае).
  • Моўнага матэрыялу хопіць надоўга, і гэтага часу павінна выстачыць, каб палепшыць разуменне да  добрага ўзроўню і толькі пасля пераходзіць на складаныя тэксты без дадатковай падрыхтоўкі.

І вось, цікавыя серыялы знайшліся, але ўзнікла пытанне, што з імі рабіць і як менавіта іх выкарыстоўваць для навучання. Не буду прыводзіць тут гісторыю шматлікіх спроб, а абмяжуюся высновамі з іх.

Варыянт 1: Прагляд з субтытрамі на роднай мове

Можа быць карысным для пачаткоўцаў, калі занадта шмат незнаёмых слоў. Але ж ёсць і спакуса проста чытаць субтытры, а не напружвацца, спрабуючы пачуць нешта знаёмае і суаднесці незнаёмае з перакладам, што далёка не заўсёды дапамагае. На больш прасунутым узроўні карысць гэтага метаду амаль нулявая.

Варыянт 2: Прагляд з субтытрамі на мове арыгіналу

Вельмі няблага, асабліва калі ёсць цяжкасці з арфаграфіяй. Вельмі добра вучыцца суадносіць вымаўленне і напісанне. Ды і вымаўленне незнаёмых слоў можна натрэніраваць. Але што рабіць, калі не ведаеш пераклад таго ці іншага слова? Глядзець серыял далей! Калі яно азначае нешта прынцыпова важнае, яго паўтораць яшчэ не раз у іншым кантэксце, і ўжо тады можна будзе зразумець значэнне. Калі ж не – выпішыце сабе гэтае слова, а потом паглядзіце ў слоўніку. Ці адразу, калі занадта хочацца 🙂 Але ўсё ж лепей пасля, каб не губляць увагу і наблізіць моўную сітуацыю да рэальнай (ну не будзеце ж вы ў размове з кімсьці ліхаманкава гугліць невядомае слова?).

Варыянт 3: Прагляд з субтытрамі на іншай мове

Практыкавацца адразу ў дзьвюх мовах – што можа быць лепей? Канешне, узровень валодання імі павінен быць дастаткова высокі, каб не губляць час на пошук перакладу, а адразу запамінаць словы і выразы. Нават калі штосьці і не будзе зразумелым, другая мова «прыйдзе на дапамогу». Але ж цяжкасці могуць узнікнуць з правапісам слова ў мове арыгіналу. Ды і трэба яшчэ суаднесці пачутае з напісаным, што не заўсёды будзе літаральна адпавядаць адно адному. Таму ў гэтым выпадку, канешне, лепей выпісваць на слых тыя словы і выразы, у напісанні якіх вы не вельмі ўпэўненыя, і правяраць іх па слоўніку.

Адзінае, дзе метад дзьвюх моў не спрацуе, – спецыяльная лексіка, дзе ніяк не абыйсціся без адпаведнікаў у роднай мове. Асабліва актуальна для перакладчыкаў, бо, як ужо было некалі сказана, роднай мове трэба прысвячаць не менш часу, чым замежнай.

Варыянт 4: Прагляд без субтытраў

Лепш за ўсё спрацуе на высокім узроўні валодання мовай. З незнаёмымі словамі трэба абыходзіцца так, як і ў папярэдніх пунктах. Прынцыповая розніца ў тым, што ніякай вонкавай дапамогі ўжо не будзе, то бок сітуацыя будзе максімальна набліжанай да сапраўднага жыцця. Гэта найбольш складаны метад, але і асалода ад разумення пачутага ні з чым не параўнальная!

Чаго лепш не рабіць?

  1. Паўтараць адзін і той жа фрагмент сто разоў, не прагледзеўшы серыю да канца. Можа, нейкія асобныя рэчы і высветляцца, але агульная цікавасць да навучання непазбежна пачне знікаць, а разам з ёй і ўвага. Лепш: Спачатку паспрабаваць зразумець значэнне напрацягу серыі, і толькі калі засталіся пытанні, наноў прагледзець асобныя ўрыўкі.
  2. Спыняць відэа кожны раз, як сустрэнецца незнаёмае слова. Тое самае, што і папярэдні пункт. Ды і ў сапраўдным жыцці наўрад ці будзе час і мажлівасць спыніцца. Лепш: Выпісваць на слых, але глядзець далей. Вельмі верагодна, што значэнне слова высветліцца ў працэсе прагляду.
  3. Здавацца праз некалі хвілін, калі ўвогуле нічога не атрымалася зразумець. Гэта нармальна. Спачатку трэба прызвычаіцца да іншамоўнага асяроддзя, а колькі часу на гэта спатрэбіцца – вельмі індывідуальна, таму не трэба раўняцца на іншых. Лепш: Расслабіцца і глядзець далей. Не атрымаецца сёння – атрымаецца заўтра. Мне нават спатрэбілася некалькі сезонаў, каб у рэшце рэшт наблізіцца да поўнага разумення амаль усяго, што чую 🙂 Але ж вынік варты таго!

На гэтым скончваецца першая частка аповяду пра мае адукацыйныя вакацыі. Хутка будзе і працяг.

adukacyja.info

pirozhok

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

2 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago