Партрэты Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і іх вядомыя радкі з’явіцца на сценах берасцейскіх дамоў. Праект «Вулічныя вершы» распачала берасцейская мастачка Ганна Яцкевіч.
Дзяўчына стартавала з Максіма Багдановіча, бо як прызнаецца сама Ганна, яна лічыць Багдановіча адным з самых рамантычных беларускіх паэтаў.
«Гэты праект мы рэалізуем зараз з арганізацыяй «Дзедзіч», спачатку мы планавалі зрабіць яго разам з берасцейскім унівэрсітэтам, але без тлумачэння прычынаў нам забаранілі гэта рабіць. У выніку мы вымушаныя былі шукаць новыя сцены, і першы малюнак атрымаў офіс у цэнтры гораду»
– распавяла Ганна Яцкевіч «Белсату».
Мэтай праекту Ганна бачыць папулярызацыю беларускай мовы і культуры праз паблік-арт. На сценах берасцейскіх будынкаў з’явяцца вядомыя радкі беларускіх паэтаў: Максіма Багдановіча (Жывеш ня вечна, чалавек, – Перажыві ж у момант век!), Якуба Коласа (Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы) і Янкі Купалы (Не шукай ты шчасця, долі. На чужым, далёкім полі).
Пляцоўкаю для паблік-арту быў абраны «стары корпус» Берасцейскага унівэрсітэту, там дзе месціцца філалагічны факультэт. Але рэктар БрДУ Ганна Сэндэр у пэўны момант забараніла маляваць на сцяне універсітэту. Але добрая справа заўсёды знойдзе падтрыманне. Першы верш атрымаў офіс «Дзедзіч». Яшчэ ў планах два малюнка з вершамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Зараз для іх шукаюць месца.
Берасцейцам твор Ганны Яцкевіч прыйшоўся да спадобы.
«Вельмі пазітыўна стаўлюся да такога арт-мастацтва. Тым больш прэзентуюць нашых беларускіх пісьменнікаў» – кажа Станіслаў, які адмыслова прыйшоў на адкрыццё праекту.
«Вельмі выдатна, што з дапамогай такіх рэчаў павышаецца нацыянальная свядомасць беларусаў – кажа берасцейка Марына – таму што людзі сталі забываць пра сваіх аўтараў, а тут і партрэт Максіма Багдановіча і яго вядомая фраза».