Не так даўно сядзелі ў Bandinsky трое. Усе семдзесят сёмага года нараджэння. Усе вучыліся ў школе ў Мінску. Першая прыляцела з Лондану, другі толькі вярнуўся з Азіі, трэці сядзеў на валізах, каб ехаць у Вільню. Згадалі 90-я: цяпер гэта маднява — згадваць 90-я, з падачы Ельцын-фонду. І раптам размова пайшла не ў кірунку гэтай аўтаэтналагічнай настальгіі (гэта калі мы ўзору 2015-га, такія абазнаныя і далікатныя, па-каланізатарску смяёмся з таго, якімі першабытнымі дзікунамі былі, калі упершыню частавалі «Холстэн» з банак і г.д.).
Мы прыгадалі, што ў кожнага ў нас у 90-х было хобі. Нехта іграў на гітары. Нехта здымаў фільмы. Нехта нават пісаў прозу. Але ўсё гэта пасля асноўнай працы, звычайна, па-сізіфаўску панылай, нібы пісанне рэпартажаў з мітынгу камуністаў ля Дома першага з’езду РСДРП. Ніхто і не думаў называць сябе рэжысёрам, бо ўсе рэжысёры – на «Беларусфільме», у белых капелюшах і скураных пінжаках. Мы пісалі, спявалі, здымалі па вечарах, як прыйдзем з паншчыны.
У тых, хто ідзе за намі, усё крыху па-іншаму. Калі малады чалавек 1995 года нараджэння хоча быць рэжысёрам – ён збірае грошы праз краўдфандынг ці па ўласных (і бацькавых!) кішэнях і робіцца рэжысёрам. Цяпер дзяўчына, што днём працуе ў call center і спявае вечарамі, абзывае сябе спявачкай, і ў гэтым ёй дапамагае не толькі новая інтэрнэт-сацыяльнасць, якая можа трымаць на паверхні яе эга, але і новая эканоміка. Бо калі твае бацькі зарабляюць $15 і $35 долараў адпаведна, а за ўнівер трэба плаціць $200 у семестр, тут асабліва не да спеваў.
Але хобі – гэта толькі вушы жырафа, як кажуць у каралеўстве Свазіленд. Сам жыраф зараз падыдзе. Бо справа не толькі ў тым, што ў нас была паншчына, а тыя, хто нарадзіўся пасля 1986-га, мелі падчас сталення мажлівасць карыстацца тым дабрабытам, які пастаў у нулявых. Справа ў тым, што мы з імі – проста розныя людзі. Вось глядзіце: у 2000-м чалавеку 1986-га года нараджэння было чатырнаццаць: ягонае юнацтва праходзіла ва ўмовах надзьмутай крэдытамі эканомікі, першых гіпераў, выбуху спажывання, красовераў Porsche Cayenne, якія з’явіліся на мінскіх вуліцах амаль адначасова з дэбютам у Еўропе ў 2002-м. Бацькі паспелі выплаціць крэдыт на кватэру, пабудаваць яшчэ адну і здаваць яе – у дадатак да асноўных сваіх немалых заробкаў. Дзеткі мелі фірмовых «Барбі», вошкаліся з арыгінальнымі канструктарамі Lego, пра якія нашая генерацыя нават не чула, не існавала нават падробак! Нас гадавала гульня «Бегемоцік», у якой, націснуўшы на кнопку, можа было падняць сківіцу пластмасаваму недарэку, каб ён заглынуў шарык. Вяршыняй маіх асабістых падлеткавых мар была маленькая кансолька «Ну погоди» ад «Электронікі». Гэтая мара так ніколі і не збылася, бо набыць «Ну погоди» ў той час без блату было немагчыма. Пасля гэтага, дарэчы, я зрабіўся зацятым камп’ютарным гульцом і дагэтуль магу пералічыць вытворцаў магістральных гульняў для XBOX з большай лёгкасцю, чым пераможцаў Венецыянскага кінафестывалю. Але ведаеце, калі ў чалавека ў дзяцінстве не было ровара, а потым ён пасталеў і купіў сабе «Ролс Ройс», у гэтага чалавека ў дзяцінстве ўсё роўна не было ровара.
Паўтаруся, мы – зусім розныя людзі. Мы раслі ў познім саўку, яны – у нечым блізкім да ўсходнееўрапейскай Нямеччыны (апускаем усе палітычныя моманты, якіх яны ў большасці сваёй проста не зразумелі і ці зразумеюць калі-небудзь, ці будзе ў іх шанец на свой «Аганёк» часоў перабудовы – пытанне велізарнае!) У іх заўсёды былі грошы – дастаткова было папрасіць у бацькоў. У нас грошай не было ніколі, бо нашыя бацькі часцяком бралі іх у нас – па-іншаму сям’і было не пражыць.
І агучу тэзіс, за які, магчыма, атрымаю: яны, гэтыя людзі, што нарадзіліся ў 1986-м і пазней, значна лепшыя за нас. Непрыстасаваныя, не здольныя выкарасквацца, «круціцца». І таму лепшыя.
Бо нашая галеча – колькі б ні намагаліся рамантызаваць дзевяностыя — зрабіла нас пакручастымі вяртлявымі прайдзісветамі. Людзьмі, сярод якіх панаваў зусім іншы этас. Кожнаму з нас, народжаных у 1977-м, хаця б адзін раз не плацілі за працу. У 1999-м я шэсць месяцаў пры абяцаным заробку ў $150 працаваў за $30. І, дарэчы, застаўся ў добрых адносінах з працадаўцам, якога пасля гэтага часцяком сустракаў у мінскіх кавярнях. Проста па-іншаму тады было немагчыма. Толькі падмануўшы больш даверлівага за цябе, можна было застацца ў струмені. Сацыял-дарвінізм. Выжывае мацнейшы і зусім не самы прынцыповы.
Адсюль у маім пакаленні – назаўсёды імплантаваная прага пералічваць грошы і тройчы агаворваць фінансавыя ўмовы да пачатку стасункаў, бо калі цябе могуць кінуць – абавязкова кінуць. Слова «кінуць» мае зусім іншыя канатацыі для гэтых «беларускіх немцаў» 1986-га (і далей!) года нараджэння. «Кінуць» можна мяч. «Кінуць» можна хлопца, калі ён лузер. Іх ніколі не кідалі. Таму не кідаюць і яны. З імі вельмі прыемна стасавацца і весці бізнес. Усё тут заўсёды па-людску. Яны падаюць жабракам, бо не чыталі ў газеце з 1990-х «Спід-Інфа» пра тое, што ўсе жабракі працуюць на мафію і жывуць у шыкоўных маёнтках. Іх босы не хаваюцца ад тых, каму вінныя грошай, а калі хаваюцца, гэтыя выпадкі шакуюць увесь інтэрнэт, робяцца медыянагодай. Пры гэтым яны самі, у адрозненне ад нас, гатовыя працаваць нават бясплатна, на валанцёрскіх пачатках (бо грошы можна ўзяць у бацькоў), галоўнае агаварыць усё адразу.
Калі я кажу пра тое, што няма ніякага постсавецкага чалавека, што ў Беларусі выспела новая генерацыя беларусаў, якія не здадуць сваю краіну нікому, бо былі ў ёй абсалютна шчаслівыя (нешта кшталту таго адбылося паміж войнамі ў Літве і зрабіла літоўцаў назаўсёды несавецкімі), я маю на ўвазе менавіта гэтых людзей. Гэтую цудоўную генерацыю.
Канечне, наперадзе ў іх складаныя часы, бо, выглядае, этыка на нашых землях моцна завязаная на цану нафты, і пры $50 за барэль Brent слова «кідаць» вяртаецца ў вусны і бізнес-практыку. Але вось што прынцыпова.
Максіма пра ровар працуе і адваротным напрамку. Калі ў цябе ў дзяцінстве быў ровар, а потым яшчэ адзін, падлеткавы, а потым яшчэ і спартовы, гэты ровар застанецца з табой на ўсё жыццё. Ты не будзеш красці яго ў іншага.
Віктар Марціновіч, budzma.by
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…