Моладзь

У Беларусі з’явілася першая народная стыпендыя для студэнтаў

У Міжнародны дзень студэнтаў, 17 лістапада, у Беларусі абвешчаны набор на першую незалежную грамадскую стыпендыю для студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Беларусі. Стыпендыя названая ў гонар выбітнага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, асветніка і навукоўца Аркадзя Смоліча.

Аркадзь Смоліч – дзеяч беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, вучоны у галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі.

Аркадзь Смоліч – дзеяч беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, вучоны у галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі.

 

Стыпендыю імя Аркадзя Смоліча можа атрымаць любы студэнт беларускіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установаў за выбітную грамадскую, культурную і сацыяльную дзейнасць у галіне развіцця грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь. Памер стыпендыі 1 000 000 беларускіх рублёў на месяц. Стыпендыя выдаецца тэрмінам на 1 год і агульны пачатковы стыпендыяльны фонд складае 12 000 000 рублёў. Падаць заяўку на стыпендыю можна да 17 снежня бягучага году, запоўніўшы форму ў інтэрнэце.

Стыпендыя заснаваная шэрагам некамерцыйных і камерцыйных арганізацыяў, а таксама высілкамі асобных грамадзянаў. Сярод арганізацыяў у стыпендыяльны фонд ахвяравалі: Міжнароднае грамадскае аб’яднанне ЗБС “Бацькаўшчына”, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” (Беларусь), Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятываў (Беларусь), культурніцкая пляцоўка “Арт Сядзіба” (Беларусь), Братэрства Арганізатараў Студэнцкага Самакіравання (Беларусь), праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Рух “За Свабоду”, моладзевая асацыяцыя “StudAlliance” (Літва), Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (Літва).

Свой асабісты ўнёсак у стыпендыю зрабілі: Кірыл Атаманчык, Максім Марыніч, Ігар Назаранка, Яўген Міхасюк. Таксама, сярод фундатараў стыпендыі ёсць кампаніі “Vilnius Relax” (Літва) і “UFOX Media” (Беларусь).

Стварэнне стыпендыі імя Аркадзя Смоліча ставіць перад сабой шэраг задачаў, сярод якіх заахвоціць да актыўнай грамадскай, культурніцкай і сацыяльнай дзейнасці беларускае студэнцтва дэманструючы салідарнасць і фінансавую падтрымку іх пачынанням, а таксама стымуляваць унутраны фандрайзінг для падтрымкі грамадска значных ініцыятываў сярод грамадзянскай супольнасці, бізнэсу і шэраговых грамадзянаў Беларусі.

Студэнты – гэта будучыня Беларусі, і вельмі важна заахвочваць іх развіццё, падтрымліваць іх у імкненні да грамадскай, культурніцкай ці сацыяльнай дзейнасці. Ужо зараз усе жадаючыя могуць спрычыніцца да сбору сродкаў на стыпендыю запоўніўшы кароткую форму.

generation.by

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *