Моладзь

«О, глядзі, у дзядзькі птушачка!». Вялікае інтэрв'ю з берасцейскім тату-майстрам

5 снежня адбудзецца прэзентацыя калабарацыі ИСТОК ХХ і Дзедзіч. Па выніку сяброўскай працы атрымаўся малюнак Язэпа Драздовіча, аўтарам якога з’яўляецца Андрэй Чарнавалаў. Чытайце вялікае інтэрв’ю з адным з самых аўтэнтычных тату-майстроў паўднёва-заходняй часткі Беларусі.

OM54_JFT6ag[1]

Як усё пачыналася? Як ты прыйшоў да рамяства тату?

– Карацей сядзеў я ва ўніверсітэцкім інтэрнаце, у Польшчы вучыўся я на архітэктара, зразумеў, што гэта далёка не маё. Хацеў я ўжо забіраць дакументы і адначасова былі нейкія вольныя фінансы. Тут я задумаўся, што вакол мяне шмат знаёмых тату-майстроў, а чаму б не паспрабаваць і мне. З гэтых вольных грошаў я купіў сабе машынку, хоць яна была абы якая, такі ж быў і блок, і іголкі… Так усё і пачалося. Там жа у інтэрнаце зрабіў і першую тату, у той жа дзень, як і атрымаў машынку, то бок у абед яна была ў мяне на руках, а ўвечары я ўжо зрабіў сваю першую працу. Было вельмі жудасна, агідна выглядала гэта ўсё. Цягам дзён чатырох я яшчэ зрабіў пару штук, таксама Бог ведае якія. Потым вярнуўся ў Брэст і пачаў па троху рабіць тату знаёмым, на сабе штосьці трэніраваўся. Гэта было нейкае свавольства і ў мяне не было такога паняцця, што вось гэтым я буду займацца. Проста хацелася паспрабаваць зрабіць тату. Потым ужо гэта стала сур’ёзней, калі я звязаўся з Валерам Маргуновым і ён мяне пачаў навучаць анлайн.

У якім стылі працуеш і адкуль чэрпаеш натхненне для эскізаў?

– Насамрэч гэта вельмі складанае пытанне. Гэта графічныя малюнкі, сам стыль вельмі блізкі да традыцыйнага амерыканскага тату. Я імкнуся стылізаваць гэта так, каб было зразумела, што я хоць неяк да гэтага датычны. А на конт натхнення, я аднойчы свайго сябра тату-майстра пытаў, адкуль ён чэрпае натхненне. Ён сказаў, што проста ідзе дзе-небудзь па вуліцы і запісвае адразу ідэі ў нататнік, які быў заўсёды пры ім. У мяне такое бывае праз раз. Мне прыйшла нейкая ідэя ў галаву, але пакуль я далез да паперы ўжо ўсё і забылася. Складана сказаць адкуль, ну проста яна прыходзіць у галаву. Найчасцей я праглядаю эскізы, працы розных майстроў і штосьці пераймаю на свой лад. Бывае, настальгія наплыве з адпачынкаў на морах, успамінаеш і думаеш, чаму б не намаляваць штосьці злучанае з гэтым.

OeNHCx0xR9U[1]

Тату на тваім целе нясуць сэнсавую нагрузку ці ты прытрымліваешся іншай думкі наконт значэння тату?

– Некаторыя да. Я не буду канкрэтызаваць якія, але некаторыя, іх меншасць, але ўсё ж яны маюць сэнсавую нагрузку знакавую асабіста для мяне. То бок гэта не нейкія агульныя паняцці тыпу: ружа – прастытутка, а проста я рабіў, што было злучана з пэўным момантам у маім жыцці. Але як я ўжо казаў, гэта меншасць. Галоўным чынам гэта проста малюнкі якія ўпрыгожваюць цела.

Дзе атрымалася папрацаваць: у якіх гарадах, студыях?

– Зараз толькі ў Брэсце. Неяк вырашыў перабрацца ў Піцер, там працаваў у тату-студыі Maruha. Прапрацаваў я там месяцаў 7-8, пасля чаго вярнуўся ў Брэст.

Якая рэакцыя ў гараджанаў Брэста на споднія малюнкі і ці адрозніваецца яна ад жыхароў іншых гарадоў?

– Тут параўнанне не вельмі сумленнае, таму што ўсё ж Піцер гэта вялікі горад, а Брэст – маленькі. Сумленней было б параўноўваць Мінск і Піцер, таму што ў вялікіх гарадах іншыя паняцці шмат у чым. І па вялікім рахунку розніца паміж Мінскам і паўночная сталіцы Расеі не такая значная. У Піцеры, той жа Маскве тату культура вельмі моцна развіта, у параўнанні з Беларуссю ў цэлым. Але я б не сказаў, што неяк па-іншаму рэагуюць. І там, і там знойдуцца людзі, якія будуць абурацца не толькі ў сябе, але і так, каб іх вакол чулі. Ну а ў Еўропе, бываюць моманты, але можа з-за ўзроста паводзяць сябе неяк стрымана. Прышпільна паводзяць сябе дзеці. Ім цікава, яны не разумеюць, што можа гэта неяк не культурна і дзіцё кажа маме: «О, глядзі, у дзядзькі птушачка!».

9SVtCyU1xmM[1]

Узровень тату ў Брэсце вырас за апошнія гады ці ўтопія павольна паглынае іглы майстроў?

– Я б сказаў так, што з таго моманту як я пачаў разумець, што добра, а што дрэнна, менавіта ў тэхніцы нанясення тату, па вялікім рахунку нічога не змянілася. Ну, колькі гэта, 2-3 гады, нічога не мяняецца абсалютна. У нас то, што адбывалася ў Расіі ў 90-х. Крута – гэта калі рэалізм. То бок так, як на фатаграфіі. Ну а рэалісты гэта такі крыху свой шлях, таму што яны працуюць па іншай тэхніцы. Можна сказаць – мастакі проста. Ну і як бы тыя, хто добра рабіў рэалізм у Брэсце, яны ўсё яшчэ яго і добра робяць, што няможна сказаць пра іншыя нейкія стылі. Увогуле, тату як культура, у Брэсце зусім не развіваецца. Так, ёсць асобныя людзі, якія шануюць стыль, шануюць пэўных нейкіх тату-майстроў і гэта гаворка не пра брэсцкіх. Яны разумеюць і разбіраюцца, чым добры той ці іншы майстар, стыль. Але ў асноўнай сваёй масе, усё яшчэ тату гэта проста як цырульня. То бок я захацеў штосьці, зрабіце мне калі ласка мадэльную стрыжку.

Якую самую звар’яцелую тату табе даводзілася рабіць?

– Я калі ў Піцеры працаваў, мы ў кабінеце былі з адным майстрам і неяк з нуды вырашылі зрабіць яму тату. Гэта быў чайны пакуначак у выглядзе мужчынскіх яек і надпіс, штосьці з рэкламных слоганаў чайных кампаній. Потым мы выстаўлялі яе на Піцерскім тату фэсце, у намінацыі crazy tattoo.

Ці сустракаў адважных людзей, якія гатовы былі зататуяваць ручыцы, шыю ці твар?

– На твары я рабіў адзін раз, гэта быў крыж пад вокам. Часцяком пытаюць пра ручыцы, гэта цяпер у трэндзе, але ў мяне залатое правіла гэта не рабіць. Бывала нават, людзі запісваліся ў адміністратара на сеанс, а калі даходзілі да мяне, я ім адмаўляў.

_bGworYcKTc[1]

Ну і апошняе пытанне. Твае планы на бліжэйшы час, як цябе знайсці людзям якія прагнуць зрабіць тату і ім жа – пажаданні!

– Знайсці мяне вельмі проста ў сацыяльных сетках – vk.com/chernotatt. У планах год завяршыць падарожжам у Расію. Папрацаваць тыдзень у Маскве ў Love Life Tattoo і потым яшчэ чатыры дні ў Санкт-Пецярбургу ў студыі Kupola. У наступным годзе хачу паездзіць госцевым майстрам па Еўропе.

Я хацеў бы пажадаць, людзям, якія хочуць зрабіць тату, каб яны менш думалі наконт значэння тату. У канчатковым выніку, для вас гэта будзе ўсяго толькі малюнак, які прыемна насіць на сябе. Не рабіце тое, што нехта зрабіў ужо сабе. Гэта зусім не крута. Усе хочуць быць не такімі як усё, а па выніку робяць тату , якія ёсць у дзесятках людзей нават у Брэсце. І не варта шмат думаць аб тым, як тату будзе выглядаць потым. Я вось па сабе магу сказаць, што тату проста не заўважаеш часцяком. Я гэтак жа прызвычаюся, гэта як радзімкі на целе.

Аляксей Энд

Пакінуць адказ