Гісторыя

Андрэй Лянкевіч прывез у Берасце «Паганства»

Прастора «Крылаў Халопа» пераўтварылася ў галерэю і прыняла першую выставу, якую прывез у Берасце Андрэй Лянкевіч. Каляды, Гуканне вясны, Купалле, Дажынкі, Дзяды ды іншыя беларускія народныя святы ўвабрала ў сябе экспазіцыя фатографа, якая называецца «Паганства».

IMG_6237[1]

«Ехаў сюды з суперхваляваннем, бо адкрываць «Прастору» — вялікая пашана. Трэба было перадаць вопыт, распавесці і паказаць, як вешаць фотаздымкі, выстаўляць святло. У першую чаргу гэта вялікая адказнасць зрабіць першую выставу«, — распавёў Андрэй Лянкевіч.

IMG_6240[1]

На сустрэчы з аўтарам экспазіцыі прысутныя паглядзелі невялікі фільм і пралісталі кнігу, зробленыя па выніках здымання, а таксама пачулі гісторыю стварэння праекта.

IMG_6211[1]

Андрэй Лянкевіч упэўнены, што адказаў для сябе на пытанне, якое ставіў, калі ездзіў здымаў «Паганства», і зараз гэтыя фотаздымкі жывуць асобным жыццём і вандруюць па гарадах і краінах самастойна.

IMG_6244[1]

Таксама фатограф адзначыў, што выстава без кнігі не мае вялікага сэнсу, таму што экспазіцыя існуе толькі той месяц, калі яе можна бачыць, а потым сыходзіць у небыццё. А кніга — абавязковы дадатак да праекту, яна працягвае яго жыццё.

IMG_6247[1]

Сам аўтар ужо пяць гадоў займаецца сваім новым праектам пра Другую сусветную вайну з назвай «Бывай, Радзіма».

«Для нашай сям’і Другая сусветная вайна не з’яўлялася сапраўды вайной, таму што ў нас ніхто не ваяваў, ніхто не пайшоў на фронт. І таму для мяне, як для чалавека, які жыве ў грамадстве, дзе Другая сусветная вайна — адна з асноўных гістарычных падзей, вельмі цяжка было адчуць і зразумець, пра што ідзе гаворка. Чаму паўсюль музеі, чаму ўсюды вайна, чаму 9 траўня, чаму 45 год?  Таму і пачалася гэтая гісторыя«, — тлумачыць аўтар.

Праз паўгады выйдзе кніга па матэрыялах новага праекта, і Андрэй Лянкевіч пачне распавядаць новую гісторыю, у якой атрымалася разабрацца і адказаць на свае пытанні.

Выставу «Паганства» можна паглядзець да 29 снежня у Прасторы «Крылаў Халопа» па вуліцы Халтурына 2/1. Час працы: з 14.00 да 19.00.

Хлябец Максім, Natatnik

 

Пакінуць адказ