Categories: Моладзь

Ці лёгка быць веганам у Брэсце? Інфа з першых вуснаў

Берасцейка Каця Якута распавядае як быць веганам і агулам якія рухі зараз адбываюцца ў гэты бок. А таксама параіць вам куды схадзіць за лепшымі веганскімі стравамі.

1. Як ты стала веганам?

– Тэмай вегетарыянства я зацікавілася ўжо даўно. Падчас вучобы ва ўніверсітэце я сутыкалася з рознымі цікавымі людзьмі, якія не елі мяса і некаторыя іншыя прадукты. Але ў тыя часы я не спрабавала знайсці іх прычыну адмовы ад такіх прадуктаў. Мне проста было цікава: “Як жа яны жывуць, калі не ядуць мяса?”. Вырашальным фактарам у маім ўсведамленні стаў прагляд фільма “Зямляне”. У галаве ў мяне круцілася думка, што я ўводжу ў сваё жыццё нейкія абмежаванні і развітваюся з часткай зоны свайго камфорту і задавальнення. Але ўжо праз тры гадзіны прагляду, з перапынкамі на выціранне слёз ад убачанага, я разумела, што я сябе зусім не абмежавала, а наадварот адкрыла вочы і ўбачыла перад сабой новы свет і новыя магчымасці. З таго часу я адмовілася ад ежы жывёльнай вытворчасці і перастала аплачваць прадукты жорсткай жывёльнай індустрыі (адзенне, цыркі і іншыя забавы з жывёламі, касметыка і фармацэўтыка якая была выпрабавана на жывёлах)

2. Як прайшоў твой пераход на раслінную ежу?

– Пераходзіць на новы рацыён было не складана. Мая сям’я заўсёды выконвае касцёльны пост, а веганства, у плане ўжывальных прадуктаў, ідэнтычна строгаму пасту. Па гэтым я ўспрыняла гэта як зацяжны пост і такім чынам перабудавалася на веганскае меню. І са здароўем не ўзнікла ніякіх праблем! Хоць некаторыя лічаць, што пераходзіць трэба паступова, адмаўляючыся ад свініны, ялавічыны, курыцы, рыбы, малочных і яечных прадуктаў на працягу ці ледзь ні некалькіх гадоў, але гэта ўсё індывідуальна. У мяне з лёгкасцю атрымалася ў адно імгененне змяніць рацыён харчавання!

3. Ці вялікая разнастайнасць прадуктаў для вегана ў Брэсце?

– На самай справе прадукты знайсці ў Брэсце вельмі проста, практычна ў любой краме ёсць выбар! Вядома, можна вылучыць некалькі кропак, якія заслужана могуць лічыцца “раем для веганаў”. Гэта “Калгасны рынак” у цэнтры горада – там самы вялікі выбар гародніны, садавіны, ягад, зеляніны, спецый, заўсёды свежых і, часцяком, вырашчаных на хатніх гародах, і самыя нізкія цэны. Супермаркеты, якія размяшчаюцца ў любым мікрараёне горада (маім любімым з’яўляецца ГЦ “Карона”). Ну і нельга не згадаць пра спецыялізаваную краму для веганаў – “Вегантия” на Валгаградскай вуліцы на тэрыторыі рынку “Лагуна”, дзе вы можаце знайсці такія вынаходніцтвы, як веганскія каўбаса, сасіскі, сыр і нават марозіва!

4. Ці часта ты знаходзіш веганскія стравы ва ўстановах Брэста?

– Каб знайсці веганскія стравы прасцей за ўсё адразу адчыняць у меню раздзел гарніры і салаты, там заўсёды ёсць выбар. Важна толькі чытаць склад стравы. Але некаторыя ўстановы могуць парадаваць магчымасцю насыціцца не толькі гарнірамі, але і іншымі смачнякамі. Напрыклад у кавярні “Амстэрдам” можна сабраць піцу з інгрэдыентаў па сваім жаданні, у кафэ “Ташкент” паспрабаваць шашлык з агародніны, а аматарам сушы і кітайскай кухні можна знайсці стравы без рыбы ў рэстаране “Сушы оке”. Самы прыемны момант у тым, што ўсе гэтыя стравы каштуюць значна танней, чым меню мясаедаў.

5. Ці развіты веган рух у Брэсце?

– На жаль адкрытага мэтанакіраванага веганскага руху ў Берасці няма. У асноўным праводзіцца праца з людзьмі, якія самі жадаюць прыняць інфармацыю. Але не ў якім разе гэта не выглядае навязваючай агітацыяй. Арганізоўваюцца прагляды фільмаў па веганскай тэматыцы і абароне навакольнага асяроддзя. Уладкоўваюцца пікнікі і сустрэчы ў сяброўскай атмасферы з веганскімі пачастункамі. Праводзяцца акцыі, якія прывабліваюць увагу людзей да пытанняў аховы правоў жывёл і дапамогі бяздомным жывёлам. Збіраюцца валанцёрскія групы для прыборкі лесу і наваколля горада. Часам у месцах масавага збору людзей раздаюцца ўлёткі з інфармацыяй і стыкеры. Прыемна асэнсоўваць, што людзі самі, без прымусу пачынаюць праяўляць цікавасць да такіх мерапрыемстваў, жадаюць прымаць удзел ці звяртаюцца за атрыманнем інфармацыі ў цікавых для іх пытаннях. Але вядома хацелася б большай папулярызацыі такіх дзеянняў, каб усё гэта выходзіла ў масы і хаця б не душылася ўладамі (не кажучы ўжо пра адсутнасць падтрымкі з іх боку).

6. Ці важна быць веганам абараняючы жывёл?

– Без сумневу важна! Я б нават сказала, што такія паняцці нельга падзяляць. Таму што гэта ідыятызм – адных кахаць, а іншых есці ці насіць на сябе іх цела. У Брэсце ёсць некалькі арганізацый, якія займаюцца бяздомнымі жывёламі. Многія валанцёры гэтых арганізацый прыцягваюць увагу грамадства да пытанняў абароны правоў жывёл. Але на жаль іх кампетэнцыя абмяжоўваецца выратаваннем і пошуку гаспадароў сабакам, катам і, часам, дзікім птушкам. Я ні разу не чула ў Брэсце пра арганізацыі, якая абараняюць правы свінняў ці трусоў, напрыклад. Або аб арганізацыі, якая выступае супраць адкрыцця ў Брэсце кантактнага заапарка. І многія валанцёры, якія дапамагаюць бяздомным жывёлам, не ўсведамляюць таго, што абараняючы правы толькі адамашненых жывёл яны падобныя на шавіністаў, толькі на ўзроўні адносін да звяроў.

7. Пажаданні тым, хто сумняваецца.

– Вы можаце падумаць, што адзін чалавек не ў сілах змяніць увесь свет. Але з прыходам да веганскай культуры змяніўся мой унутраны свет і светаадчуванне, што шчасна паўплывала на маё здароўе і асяроддзе. Стала прыемна жыць з думкай, што маё рашэнне і мае дзеянні – гэта яшчэ адна капеечка ў скарбонку дабра для нашай планеты. Вакол мяне з’яўляецца ўсё больш і больш добрых і неабыякавых людзей. І я прыходжу ў захапленне ад таго, што дабро, якое нараджаецца ўнутры мяне, прыцягвае дабро вонкавае. І, калі ў вас з’явілася хоць бы проста цікавасць да дзейнасці веганаў, іх ладу жыцця або харчаванню, то не спыняйцеся, шукайце адказы на пытанні, атрымлівайце інфармацыю і памятайце: гэтым вы сябе не абмяжуеце, а наадварот пашырыце свой кругагляд і ў вас з’явяцца магчымасці змяніць свет у якім вы жывяце!

Аляксей Энд

pirozhok

Share
Published by
pirozhok

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

4 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

2 тыдні ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

3 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

3 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago