Гісторыя

Вядомы і невядомы Альбрэхт Радзівіл

Найбольш вядомыя (ці “найменш невядомыя”) у масавай свядомасці беларусаў Радзівілы – зразумела, ваякі. Чорны, Руды, Пярун, Сіротка. Менш вядомыя сібарыты і мецэнаты, як Пане Каханку. Сёння пагаворым пра парадокс – зусім невядомага Радзівіла, які зрабіў, бадай, больш за ўсіх, каб застацца вядомым у стагоддзях.

Альбрэхт Станіслаў Радзівіл займаўся ўсім – быў адміністратарам, займаў найвышэйшыя пасады, кіраваў будоўляй выкшталцоных касцёлаў – але галоўным вынікам яго жыцця стаў дыярыуш (дзённік), у якім ён цікава і падрабязна распавёў пра падзеі, што адбываліся вакол яго цягам 24 гадоў – у 1632–1656 гг. Сёння гэты дыярыуш – неймаверна каштоўная крыніца па гісторыі ВКЛ XVII стагоддзя. Што ж за чалавек быў яго аўтар?

Нарадзіўся Альбрэхт Станіслаў Радзівіл у 1592 годзе у сям’і віленскага кашталяна і першага ўладальніка Алыцкай ардынацыі, маршалка ВКЛ Станіслава Радзівіла. Ужо ў 8 гадоў асірацеў і перайшоў пад апеку дзядзькі, славутага Мікалая Радзівіла Сіроткі. Апошні асабіста выхаваннем хлопца не займаўся – аддаў вучыцца ў езуіцкую калегію ў Вільні. Потым – традыцыйныя для маладых магнатаў падарожжы па Еўропе, што доўжыліся некалькі гадоў. Нямеччына, Бельгія, Швейцарыя, Італія, Галандыя… Вучоба у бельгійскім універсітэце ў славутым Лувэне (спаленне гэтага горада ў Першую сусветную, дарэчы, стала такім жа жудасным прыкладам тэўтонскага вар’яцтва, як спаленне Хатыні, Лідзіцэ і Арадура ў Другую). Скончыўшы навучанне, Радзівіл вярнуўся на радзіму.

Тут трэба распавесці пра тое, што такое ўвогуле Алыцкая ардынацыя. Паводле дамовы 1586 г., каласальныя ўладанні Радзівілаў дзяліліся на тры маяраты, дзяленне якіх на меншыя, у сваю чаргу, забаранялася. Самым вядомым маяратам, безумоўна, была Нясвіжская ардынацыя, што традыцыйна даставалася старэйшаму сыну. Але дзве іншыя – Клецкая (на Міншчыне) і Алыцкая (на Валыні з цэнтрам у Алыцы) – таксама былі бязмерна багатыя. Чарговым алыцкім ардынатам і стаў Альбрэхт Станіслаў, менавіта на Валыні было яго “радавое гняздо”. На момант атрымання нашым героем правоў на Алыку гняздо, дарэчы, было абцяжаранае даўгамі, а фальварак Турын, што таксама належаў Альбрэхту – увогуле напалову ў закладзе.

Нягледзячы на часовыя праблемы, Радзівіл не сказаць каб бедаваў. Так, падчас другога яго падарожжа па Еўропе сам кароль Францыі Людовік XIII прызначыў яму штогадовую пенсію ў 16 000 эскуда і прапанаваў шлюб з нейкай французскай герцагіняй. Невядома, што канкрэтна не спадабалася магнату ў францужанцы, але ад нявесты ён натуральна ўцёк аж у Гданьск.

Пазбавіцца грашовых праблем у выніку дапамагла Радзівілу не францужанка, а немка – Рэгіна фон Айзенрайх, якая ў 1619 г. выйшла за яго, што азначала для магната пасаг у 300 000 злотых, разлік з усімі даўгамі і іншыя фінансавыя радасці.

Нягледзячы на сваю адукаванасць, падчас сур’ёзных спраў Альбрэхт быў здольны прымаць самыя жорсткія рашэнні. Так, калі кальвініст Міхал Пякарскі напаў у 1620 годзе на караля Уладзіслава, Радзівіл вынес яму даволі жудасны прысуд – разарваць коньмі і спаліць.

Пасля смерці старога салдата, віленскага ваяводы Яна Караля Хадкевіча, сваяк Альбрэхта, гетман польны літоўскі Крыштаф Радзівіл, спрабаваў праціснуць яго на гэтую пасаду – беспаспяхова, на Вільні сеў Леў Сапега. Затое ў 1623 годзе Альбрэхт Радзівіл заняў галоўную пасаду свайго жыцця – стаў канцлерам ВКЛ, якім і заставаўся тры дзесяцігоддзі.

Біяграфія Радзівіла надзвычай багатая, і варта спыніцца толькі на самых цікавых яе старонках. Так, разам з каралём Жыгімонтам Альбрэхт Станіслаў у дваццатых гадах XVII стагоддзя знаходзіўся ў Гданьску, дзе спрабаваў ажыццявіць надзвычай амбіцыйны план – пабудаваць для Рэчы Паспалітай флот, каб супрацьстаяць шведскаму каралю Густаву Адольфу, а ў перспектыве зрабіць краіну вялікай марской дзяржавай. На жаль, праект ажыццявіць не атрымалася.

У 1624 годзе – яшчэ адзін праект, які мог значна змяніць будучыню. За мяжу, у Аўстрыю, накіравалася пасольства з каралевічам Уладзіславам на чале, канчатковая мэта – пераканаць імператара Святой Рымскай імперыі дапамагчы Уладзіславу здабыць трон Шведскага каралеўства (мы памятаем, што каралевіч быў Ваза і правоў на трон меў дастаткова). Калі б здзейсніць гэта атрымалася, уся гісторыя Еўропы пайшла б інакш – бо добры каталік Уладзіслаў не стварыў бы для імператара тых непераадольных перашкодаў у Трыццацігадовай вайне, якія зрабіў у рэальнасці пратэстант Густаў Адольф. На жаль, будучых плюсаў Вена не заўважыла і тым пахавала мару Рэчы Паспалітай аб пашырэнні ўплыву на Поўнач і ўласную мару пра гегемонію ў Еўропе.

У 1632 годзе захварэў і памёр кароль Жыгімонт Ваза. Альбрэхт Радзівіл цяжка перажываў смерць сюзерэна і сябра – кароль відавочна любіў магната, і Гнеўскае, Луцкае, Тухольскае, Вэленскае, Барысаўскае, Даўгоўскае, Пінскае староствы, што атрымаў Радзівіл за Жыгімонтам – найлепшыя таму сведчанні. Душэўныя пакуты пасля смерці караля хутчэй за ўсё і прывялі да намераў Альбрэхта пакінуць нешта для вечнасці, і як вынік – да нараджэння славутага “Дыярыуша”. Прынамсі, весці дзённік канцлер пачаў менавіта тады.

На элекцыі наступнага караля Альбрэхт Радзівіл не без падтрымкі папы Рымскага галасаваў за ўжо згаданага Уладзіслава, які і стаў каралём. Аднак адносіны паміж канцлерам і манархам, нягледзячы на даўняе знаёмства, блізкімі не былі. Верацярпімасць караля раздражняла магната, ён быў прыхільнікам каталіцкай царквы і заўсёды падтрымліваў яе, сам пісаў шматлікія рэлігійныя творы. У палітыцы кароль і канцлер таксама не сыходзіліся, напрыклад, маштабны турэцкі паход, запланаваны каралём, Радзівіл не прыняў увогуле, больш за тое, праз Сейм забараніў манарху наймаць жаўнераў у землях Княства. Ён і дагэтуль выступаў супраць караля, які вельмі не любіў шляхецкую анархію і прагнуў увесці у краіне absolutum dominium, як у Францыі. Са свайго боку, Радзівіл стойка бараніў залатыя шляхецкія вольнасці, чым і заслужыў ганаровую мянушку “вартавы правоў”.

Важнейшымі за рэлігійныя пытанні для Альбрэхта былі сямейныя – свой клан ён падтрымліваў усюды і заўсёды, не зважаючы на тое, што нясвіжская галіна Радзівілаў была кальвіністамі. “Наш канцлер – перадусім Радзівіл”. Але па-за межамі сям’і Альбрэхт ізноў рабіўся добрым католікам. Часам не на карысць дзяржаве.

Так, калі пачалося паўстанне Багдана Хмяльніцкага, канцлер літоўскі прычыны яго вызначыў правільна – прыгнёт сялян і ўціск казакоў. Але дзеянні Альбрэхта даюць падставу толькі пашкадаваць яго: калі на землі ВКЛ адзін за адным хлынулі эмісары Хмяльніцкага, канцлер, замест таго каб дзейнічаць актыўна, накіраваўся у сваё сяло Пасечню, дзе… маліўся амаль месяц цудатворнаму абразу Маткі Боскай. Скончыўшы – адправіўся маліцца далей, у манастыр Св. Бернара у Пеплін, “даручыўшы прадстаўніцтву Святой Дзевы сваё няшчаснае каралеўства”. Не варта здзіўляцца, што пры такой рэакцыі ўлады (а вялікі гетман літоўскі Януш Кішка летам 1648 года таксама самаўхіліўся ад дзяржаўных спраў) ВКЛ, дзе дагэтуль амаль не было казакоў, дайшло да сітуацыі, калі амаль усе сяляне і мяшчане паўднёвых гарадоў “усе паказачыліся і пакляліся адзін аднаму стаяць да апошняга”.

Пасля смерці Уладзіслава канцлер падтрымаў кандыдатуру Яна-Казіміра Вазы, з якім ладзіў лепш, чым з яго папярэднікам. Бліжэй да канца жыцця магнат практычна перастаў браць удзел у дзяржаўных справах, і асноўным сэнсам існавання для яго стаў дыярыуш – гісторыкам Альбрэхт усё жыццё быў добрым. Пасля пачатку Шведскага патопу Альбрэхт Радзівіл яшчэ заспеў час, калі яго малодшы сваяк Януш Радзівіл паспрабаваў крута памяняць палітычны расклад, заключыўшы Кейданскую унію са шведамі. Але развязкі Патопу ужо не ўбачыў – смерць прыйшла па яго ў 1656 годзе. Апошняй публічнай справай Альбрэхта Радзівіла стала хадайніцтва аб перадачы пасады падканцлера літоўскага Крыштафу Пацу – менавіта тады пачынаўся ўзлёт гэтага роду. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Альбрэхт Станіслаў Радзівіл быў супярэчлівай натурай – безумоўна разумны і таленавіты, бліскуча адукаваны, ён не быў буйной палітычнай і ваеннай фігурай і пацярпеў паражэнне амаль ва ўсіх сваіх станоўчых пражэктах, не пакінуў пасля сябе асабліва слаўных спраў і памёр бяздзетным (ад другой жонкі, Хрысціны Ганны Любамірскай, з якой ён ажаніўся ў 1637 годзе, дзяцей таксама не было). З яго смерцю Алыцкая ардынацыя перайшла да нясвіжскай галіны роду Радзівілаў. А дыярыуш застаўся, і прачытаць яго можна і цяпер…

budzma.by

Пакінуць адказ