Прыстойныя, чульлівыя, бязьлітасныя і не пазбаўленыя пачуцьця гумару, беларускія прывіды жывуць у палацах і руінах старажытных замкаў, падземнымі калідорамі ходзяць адзін да аднаго ў госьці, тужаць, забаўляюцца і кпяць зь цікаўных турыстаў.
1. Геранёнскі замак і палац у Нясьвіжы: Чорная Панна
У спадзяваньні на сустрэчу з прывідамі падарожнікі найчасьцей выпраўляюцца ў Нясьвіж, дзе ў палацы гаспадарыць Чорная Панна. Гісторыя гэтага трагічнага раману пачалася ў Геранёнскім замку, калі, пакінуўшы маладую ўдаву, памёр яго гаспадар Станіслаў Гаштольд. Неўзабаве ў замак урэгуляваць пытаньні спадчыны прыехаў Жыгімонт ІІ Аўгуст. Заплянаваны кароткі візыт расьцягнуўся на некалькі тыдняў. Цяжка не закахацца ў маладую ўдаву, калі яна — Барбара Радзівіл — адна з найпрыгажэйшых жанчын краю.
Жыгімонт Аўгуст стаў частым госьцем Геранёнскага замка, аднак празь некаторы час Барбара пераехала ў Вільню. Закаханыя патаемна ажаніліся, і праз пэўны час Барбара стала адной з самых прыгожых каралеў Эўропы. Але неўзабаве пасьля каранацыі яна пачала згасаць, амаль увесь час праводзячы ў ложку. У яе заўчаснай сьмерці вінавацяць каралеву Бону Сфорцу, відавочных доказаў віны якой так і не знайшлі.
Прывідам Барбара Радзівіл стала пасьля сьпірытычнага сэансу, які няўцешны кароль наладзіў, каб яшчэ раз убачыць каханую. Насуперак перасьцярогам, Жыгімонт Аўгуст не ўстрымаўся і кінуўся да здані Барбары. І з тае пары яе душа ў абліччы Чорнай Панны блукае па Нясьвіскім палацы. Каралевай дзяржавы Барбара Радзівіл была нядоўга, затое пасьля сьмерці назаўсёды засталася каралевай каханьня.
Чорная Панна часам зьяўляецца і на руінах Геранёнскага замка, дзе правяла шмат шчасьлівых дзён з каханым.
2. Крэўскі замак: духі забойцаў Кейстута і князёўна з сабачкам
Чатыры камяні-абярэгі вакол Крэва не змаглі прадухіліць выбрыкаў нячыстай сілы і зьяўленьня ў ваколіцах шматлікіх прывідаў. Перадусім, наведнікам Крэўскага замка раю старанна прыслухацца. Узнагародай стане безьліч таямнічых гукаў: бразгат ланцугоў, стук молата па кавадле, грукат капытоў, чханьне, ціхі кашаль, водгукі песьні прачкі. Дачакаўшыся цемры, ёсьць верагоднасьць убачыць крэўскія здані — мужчынскія цені, духі забойцаў Кейстута, паслугачоў Ягайлы, альбо постаць жанчыны, якая нясьпешна ідзе па сьценах замка, вераломна скідваючы ўніз камяні. За ёй, адданы і прыціхлы, крочыць сабака.
Местачкоўцы клічуць жанчыну князёўнай — кажуць, яна мела нораў надзвычай ганарлівы. Згодна зь легендай, яна стала прычынай двубою двух маладых князёў. На прапанову пераможцы стаць яго жонкай дзяўчына дала адмоўны адказ, чым наклікала на сябе княжы гнеў. У сьцяну маладую жанчыну замуравалі разам з сабачкам, што і цяпер суправаджае гаспадыню падчас начных шпацыраў.
Няма сумневу, што здані Крэўскага замка карыстаюцца патаемным ходам, што вядзе ў Вільню і хавае ў сабе яшчэ больш таямніц.
3. Косаўскі палац: Чорная Дама, прывід служкі, якую зьеў леў, і дзікае паляваньне караля Стаха
Сваю Чорную Даму мае і вядомы легендамі Косаўскі палац. Кажуць, што гэта надзвычай далікатны і няшкодны прывід, які зьлёгку прыпужвае тых, чые паводзіны ў сьценах мініятурнага замка падаюцца яму нахабнымі альбо грубымі.
Верагодна, за постацьцю Чорнай Дамы хаваецца асоба графіні Ядвігі Пуслоўскай. Яна была жонкай Вандаліна Пуслоўскага, які, уклаўшы ў Косаўскі палац грошы, веды і густ, зрабіў яго адным з самых выбітных у краіне. Жонка адпавядала неардынарнай асобе свайго мужа, час ад часу даючы штуршкі для яго няўтомнай энэргіі. Да прыкладу, летам ёй да зьнямогі хацелася катацца на санях, што вымушала графа Пуслоўскага пераймаць прыклад Караля Радзівіла і ладзіць захапляльныя катаньні па солі. Бясспрэчна, пара Пуслоўскіх жыла ў атмасфэры раскошы з выгодамі. Аднак перамена ў палацавым жыцьці наступіла з прыходам новага гаспадара.
Наступны з роду Пуслоўскіх быў чалавекам схільным да азартных гульняў, шмат каму вінен і, нарэшце, быў вымушаны прадаць палац. Відаць, гэткага ўчынку графіня Пуслоўская дараваць не магла. Чорная Дама зарэкамэндавала сябе самым прыстойным беларускім прывідам, які стаіць на варце высокай маралі. Таму на экскурсію ці адпачынак у Косаўскі палац варта выпраўляцца выключна са сьветлымі намерамі і думкамі. Кажуць, што Чорная Дама часам карыстаецца ходам, што вядзе да Ружанскага палацу.
Побач з Чорнай Дамай у Косаўскім палацы жыве яшчэ адзін прывід — маладой дзяўчыны, якая прыслужвала гаспадарам. Яе прыгажосьць прыглянулася аднаму з магнатаў, што гасьцяваў у Косаве. Аднак на заляцаньні заможнага госьця сьціплая і прыстойная наймічка не адказвала ўзаемнасьцю. Абражаны магнат распрацаваў плян помсты: позна ўвечары апошні раз запрасіў яе да сябе ў пакой і, пачуўшы чарговую адмову, выгнаў на калідор. А там ужо прагульваўся знакаміты косаўскі леў, якога гаспадары трымалі пад замком, аднак на ноч выпускалі ў якасьці вартаўніка, каб ніхто з гасьцей не спакусіўся на гаспадарскае багацьце. З тае пары дзяўчыну больш ня бачылі, і ўсе намаганьні знайсьці яе былі марнымі. Здань служанкі нагадвала аб сабе, калі ў госьці зноў наведваўся заможны магнат. З часам прывід пачаў кпіць і зь іншых гасьцей і нават прыпужваць іх.
Самыя змрочныя прывіды ў ваколіцах Косаўскага палацу зьяўляюцца ў ціхую месячную ноч, ахутаную туманнай смугою. Здалёк чуваць стук капытоў і ржаньне коней, якія паступова гучнеюць і набліжаюцца. Гэта імчыць дзікае паляваньне караля Стаха, да гэтага часу спраўляючы помсту нашчадкам тутэйшага магната Рамана. Апошні здрадзіў канонам высакароднасьці, забіў маладога Стаха і яго паплечнікаў падчас паляваньня на балотную рысь, а целы забітых, прывязаныя да коней, пагнаў у небясьпечную багну. Верагодна, што падзеі скарыстанай Уладзімерам Караткевічам у знакамітым рамане легенды адбыліся ў ваколіцах Косаўскага палацу, і змрочныя вершнікі дзікага паляваньня да сёньня пужаюць наведнікаў гэтых мясьцін.
4. Смалянскі замак, альбо Белы Ковель: здань Боны Сфорцы
Прыгожую і вытанчаную каралеву Бону Сфорцу ведалі як жанчыну адукаваную, дальнабачную і ўладарную. Яна спрыяла разьвіцьцю культуры і асьветніцтва на беларускіх землях, імкнулася павялічыць палітычную ўладу за кошт пашырэньня зямельных уладаньняў. Нямала зямель Бона Сфорца атрымала ў падарунак ад мужа Жыгімонта І Старога. Прыкладна ў 1539 годзе каралева становіцца гаспадыняй Смалянаў. Чатыры гады мястэчка належала каралеве Боне, пасьля чаго перайшло да заможнага роду Сангушкаў, што ўзьвядуць у Смалянах прадстаўнічы замак, які ведаюць пад назвай Белы Ковель.
Ні кароткі тэрмін гаспадараньня Боны Сфорцы ў Смалянах, ні той факт, што Смалянскі замак пабудаваны пазьней, чым тут магла жыць каранаваная асоба, не змаглі прадухіліць узьнікненьня легенд, зьвязаных зь яе імем. Памерла Бона ў Італіі, аднак местачкоўцы перакананыя, што прывід каралевы блукае ў Смалянах. Зьяўляецца ён пераважна восеньскай парою, калі ад ракі Дзярноўкі ўздымаецца густы туман. Ацалелая вежа асьвятляецца мяккім сьвятлом, аднекуль з-пад зямлі даносіцца музыка, і тады ў аконных праёмах зьяўляецца апранутая ў белае зграбная здань Боны Сфорцы. Калі восеньскую цішыню парушае ціхае коннае ржаньне, верагодна, каралева, карыстаючыся адным з падземных хадоў, выправілася на тройцы да Спаса-Праабражэнскай царквы, што і цяпер дзейнічае ў Смалянах.
5. Гальшанскі замак: Чорны манах і Белая Панна
Рэпутацыю самага злавеснага і панурага мае Гальшанскі замак. І прывіды, якія насяляюць яго, не вылучаюцца ветлівасьцю і дабрынёю. Крыкі, енкі і стогны парушаюць цішыню вакол замка, а ў яго ваколіцах адбываюцца рэчы, што паддаюцца хутчэй жудаснаму апісаньню, чым тлумачэньню.
Па начох на руінах Гальшанскага замка зьяўляецца прывід Чорнага манаха. За яго цёмным абліччам хаваецца душа маладога хлопца, які быў дзёрзкім настолькі, што разьлічваў на ўвагу князёўны Ганны Гальшанскай і, атрымаўшы яе, адважыўся на спатканьні. Разьюшаны бацька аддае загад, і юнак гіне, замурованы ў адну са сьцен замка. З тае пары яго постаць панура блукае ў ваколіцах, і местачкоўцы завуць яго Чорным манахам.
Другі прывід, вядомы на ўсю краіну, жыве ў Гальшанскім кляштары францішканцаў, пабудаваным на загад Сапегаў. Белай Паннай, што наводзіць люты страх перадусім на мужчын, калісьці была маладая дзяўчына, якая пабралася шлюбам з адным з будаўнікоў, якія ўзводзілі манастырскі комплекс. Шчыра закаханая ў свайго мужа, яна штодня адной зь першых прыносіла на будоўлю гарачы абед. Так адбылося і ў пагібельны дзень, калі працаўнікі пастанавілі залагодзіць чорныя сілы, каб урэшце дабудаваць заклятую сьцяну кляштара, якая ўвесь час абвальвалася. Ахвяра красуняй зьняла праклён, сьцяну ўзьвялі і будаўнікі скончылі працу ў час.
Белая Панна штодня абыходзіць свае ўладаньні, але ня надта песьціць турыстаў сваім зьяўленьнем. У свой час у адной з кельляў кляштара францішканцаў шукаў натхненьня мастак Алесь Пушкін. Па яго словах, падчас побыту яго наведаў прывід Белай Панны. Часам здань пакідае манастырскі комплекс і скіроўваецца ў бок замка.
6. Лідзкі замак: прывіды ваяроў
Прывіды ваяроў, вядома ж, месцам свайго жыхарства абралі збудаваны Гедымінам у абарончых мэтах Лідзкі замак. Магутны баявы фарпост паўстаў, каб перапыніць крыжацкую навалу на землі Вялікага княства.
Падзеі легенды, што дала жыцьцё лідзкім прывідам, адбываюцца ў сьнежні 1392 году. Маразы спрыялі крыжацкім атрадам — па скаванай лёдам дрыгве ворагам удалося максымальна наблізіцца да непрыступных сьцен. У Лідзкім замку на той час гаспадарыў князь Дзьмітры Карыбут. Маючы ладную дружыну, дастатковую колькасьць зброі і рыштунку, князь, тым ня менш, прымае рашэньне пакінуць замак. Надышла ноч. Скарыстаўшыся падземным ходам, князь з большай часткай дружыны скіроўваецца ў бок Наваградку. У замку Дзьмітры Карыбут пакідае некалькіх ваяроў. Яны мужна выканалі волю гаспадара і сустрэлі немінучую сьмерць, абараняючы замак. І вось ужо сем стагоддзяў ваяры не сыходзяць са свайго паста, трымаючы абарону і незнарок пужаючы сучасных наведнікаў Лідзкага замка.
Прывіды тутэйшых ваяроў неаднаразова станавіліся тэмай спрэчак навукоўцаў і гісторыкаў, адзін зь іх нават патрапіў на здымак мясцовага фатографа. Аматары містычных гісторый уносяць Лідзкі замак у wish-ліст сваіх падарожжаў.
7. Мірскі замак: Белая Пані і прывід Радзівіла
Загадаўшы капаць стаў пад сьценамі Мірскага замка, адзін зь яго ўладальнікаў Мікалай Сьвятаполк-Мірскі наўрад ці здагадваўся, якія наступствы, перадусім, для яго ўласнай сям’і, будзе мець гэты ўчынак. Штучнае возера, насуперак перасьцярогам, паўстала на месцы квітучага яблыневага саду. Неўзабаве ў ставе пачынаюць гінуць людзі, спраўджваючы праклён, што колькасьць тапельцаў мусіць адпавядаць лічбе сьпілаваных дрэваў. Кажуць, да чорнай справы прычыніліся берагіні, якія і цяпер жывуць на дне возера.
У шэрагу ахвяр апынулася і маладая дачка гаспадара Соня. Местачкоўцы перакананыя, што менавіта яе здань у белым адзеньні час ад часу блукае ў ваколіцах замка. Прывід Белай Пані бачылі і ў парку, і ў галерэях і пакоях Мірскага замка. Часам яна спускаецца ў сутарэньні і па старажытных хадах накіроўваецца ў бок Нясьвіжу, дзе блукае яшчэ адна няўцешная душа.
Апроч Белай Пані ў Мірскім замку жыве прывід Радзівіла. Яго цёмную постаць бачылі ня раз, і асобным людзям гэткая сустрэча каштавала жыцьця. Адзін з прадстаўнікоў магутнага роду верагодней за ўсё дбае аб прыхаваных скарбах, якія нібыта схаваны ў сутарэньнях замка. Іх знойдзе той, хто адважыцца на размову са змрочным прывідам. Не выключана, што за ім стаіць постаць Дамініка, які апошнім з Радзівілаў гаспадарыў у замку.
8. Любчанскі замак: прывід магната Яна Кішкі і вяртаньне дракона
Сваім існаваньнем прывід заможнага магната Яна Кішкі часткова абавязаны валанцёрам-рэстаўратарам, якія працавалі над аднаўленьнем былой велічы Любчанскага замка. Здань пільна і прыдзірліва сочыць за выкананьнем работ і можа кемліва пажартаваць над тым, хто будзе зьняважліва альбо кпліва прыгадваць яго асобу падчас размовы.
Ян Кішка далучыў Любчу да сваіх зямельных уладаньняў у 1547 годзе. Распаўсюджваючы ідэі арыянства, ён адкрывае ў мястэчку малельны дом, школу і друкарню. Пазьней пачынае ўзьвядзеньне каменнага замка. Падчас гаспадараньня Яна Кішкі Любча атрымала Магдэбурскае права і ўласны герб. Ня дзіва, што ён да сёньня клапоціцца аб сваіх былых уладаньнях. З часам у Любчу вернецца і прывід магутнага цмока, які ў даўнія часы абараняў замак, аднак падчас аднаго з нападаў быў забіты.
9. Быхаўскі замак: здані юнака і дзяўчыны
Будаваць Быхаўскі замак у якасьці рэзыдэнцыі для сябе пачаў Ян Караль Хадкевіч. Кажуць, не абышлася будоўля бяз чорных спраў, што спарадзілі легенды і таямнічыя здані, якія да сёньня жывуць у руінах некалі велічнага замка.
Будаўнікі, якія закладалі грунтоўныя падмуркі, скардзіліся-дзівіліся, што праца не ідзе: інструмэнт ня слухаецца, камяні валяцца з рук, зямля асыпаецца, усё зробленае за дзень уначы зьнікае. Вырашылі будаўнікі чорныя сілы залагодзіць і на агульнай нарадзе пастанавілі: першага стрэчнага па дарозе з Быхава ў ахвяру аддаць. Сустрэўся пасланцам хлопец, за якім крочыла дзяўчына. Схапілі яны абаіх і ў падрыхтаваную на замчышчы яму кінулі. Пайшла праца ў будаўнікоў, замак праз ахвяру стаў непрыступным, а здані заўчасна памерлых юнакоў да гэтай пары ў Быхаве зьяўляюцца.
10. Сядзіба Лошыцкага парку: Пані Ядвіга
Жонка апошняга гаспадара Лошыцкай сядзібы была асобай рамантычнай, летуценнай і надзвычай прывабнай. Маладзейшая за пана Любанскага на 17 гадоў, Ядвіга ня раз апыналася ў эпіцэнтры любоўнай інтрыгі. Адна зь іх мела трагічны канец, калі немалады ўжо муж увачавідкі пераканаўся ў нявернасьці жонкі-красуні, пабачыўшы яе ў абдымках іншага мужчыны. Увечары пара пачала сварыцца, пасьля чаго Ядвіга пабегла ў парк шукаць суцяшэньня. З начнога шпацыру яна ўжо не вярнулася — нежывой Ядвігу адшукалі на сьвітаньні.
Нават у ролі прывіда пані Ядвіга ня здрадзіла рамантычным памкненьням: яе здань зьяўляецца ў Лошыцкім парку ўвесну, калі цьвітуць дрэвы і на прыроду выбіраюцца закаханыя пары.