Дапаможнік для пачаткоўцаў “Як знайсьці сродкі на грамадзкую дзейнасьць унутры Беларусі” пабачыў сьвет дзякуючы Асамблеі НДА.
Выданьне складаецца з канкрэнтых гісторыяў пошуку ўнутрыбеларускага фінансаваньня на дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў, парадаў знаўцаў у галіне краўдфандынгу, прыкладаў супрацоўніцтва зь бізнэс-структурамі і ў сфэры карпаратыўна сацыяльнай адказнасьці.
Усе гэтыя практыкі і рэкамэндацыі былі агучаныя на круглым стале “Як знайсьці сродкі на грамадзкую дзейнасьць унутры Беларусі”, які ладзіла Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі з мэтай натхніць беларускіх актывістаў на пошук унутранага фінансаваньня для рэалізацыі сваіх ідэяў.
З брашуры чытачы даведаюцца чыньнікі посьпеху нядаўніх беларускіх краўдфандынг-кампаніяў, атрымаюць практычныя парады па іх выбудоўваньні. Тэксты васьмі экспэртаў патлумачаць адрозьненьні паміж сьветапоглядам сацыяльных і бізнэс-праектаў, апішуць канкрэтныя крокі пры пошуку рэсурсаў на сацыяльныя праграмы, прапануюць інструкцыі і мэтодыкі, якія прынесьлі рэальны посьпех.