Археолагі з Інстытута гісторыі НАН Беларусі знайшлі падмурак невядомай рэзідэнцыі XVI-XVII стагоддзяў каля Мірскага замка. Раней лічылася, што на месцы руінаў стаяў толькі палац XX стагоддзя.
У канцы 2015 году Інстытут гісторыі НАН і музей «Замкавы комплекс «Мір» падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. У межах гэтага пагаднення 4 ліпеня група археолагаў прыехала ў Мір. Цягам двух тыдняў навукоўцы мусілі правесці раскопкі на месцы, дзе стаяў палац князёў Святаполк-Мірскіх. Заўжды лічылася, што палац быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя.
Нечакана для навукоўцаў раскопкі давялося падоўжыць да аднаго месяцу. Пад сьмеццем, якое назбіралася за апошнія сто год, яны знайшлі падмурак будынку, узведзенага на мяжы XVI і XVII стагоддзяў.
Раней ніхто не задумваўся, ці было штосьці на месцы палацу Святаполк-Мірскіх. Да нашых дзён захаваліся толькі дзьве выявы самога палацу. Ён згарэў ад пажару ў часы Першай сусветнай вайны, калі ў Міры стаялі казакі.
Потым на месцы палацу была сметніца, і да нашага часу з зямлі выступалі толькі некалькі кавалкаў сценаў.
Час пабудовы старэйшага будынку вызначылі па цэгле-пальчатцы. Гэты тып будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўваўся толькі у XVI і XVII стагоддзях. Памеры цэглы ў Міры характэрныя да канца XVI — пачатку XVII. У гэты час Мір належаў Радзівілам.
«Атрымліваецца, што палац Святаполк-Мірскіх пабудаваны на падмурку дома ў фальварку Замір’е часоў Мікалая Крыштофа Радзівіла «Сіроткі», — сказала Свабодзе Ірына Ганецкая, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН, якая кіруе раскопкамі.
Па словах археолага, акурат з канца XVI стагоддзя вакол замкаў пачалі ўзнікаць фальваркі. Туды пераносіліся ўсе гаспадарчыя функцыі замкаў: гароды, палі, бровары, захоўванне збожжа. У часы «Сіроткі», верагодна, у фальварку Замір’е жыў намеснік гаспадара.
Матэрыялы пабудовы аналагічныя матэрыялам, з якіх пабудаваны Мірскі замак. На месцы знайшлі мала побытавых рэчаў. Гэта прыкмета таго, што будынак даглядаўся і яго трымалі ў чысціні.
Найбольшая калекцыя знойдзеных артэфактаў — будаўнічыя матэрыялы. Кафля ад ручнога вырабу з мяжы XVI-XVII да фабрычнага пачатку XX стагоддзя. Тут таксама знойдзеныя тры гатункі дахоўкі з розных эпох.
5 жніўня раскопкі скончыліся. Але Ірына Ганецкая яшчэ месяц правядзе ў Міры, каб скласці рэестар знойдзеных артэфактаў і правесці фіксацыю раскопу і выяўленых будаўнічых канструкцый.
Падчас працы археолагі вывучылі тэрыторыю ў 200 квадратных метраў. Яны адкрылі больш за палову ад усіх падмуркаў. Над паўднёвай часткай цяпер разбітыя гароды мясцовых жыхароў, якія жывуць у флігелі пачатку XX стагоддзя.
«Раскопкі, безумоўна, трэба працягваць, — кажа Ганецкая. — Фальварак — гэта рэзідэнцыя і гаспадарчы комплекс — неад’емная частка замку. Апроч жылога дому ў Замір’і можна даследаваць і іншыя пабудовы. Тут шмат чаго даступна для даследаванняў».
Раскопкі праводзіліся на замову і за кошт музею. Раскапаныя падмуркі плануюць выкарыстоўваць у якасьці музейнай атракцыі. Але да канца працы яны будуць агароджаныя, паколькі тут ёсць нераскрытыя і небяспечныя сутарэнні.
news.tut.by