Categories: Гісторыя

Каля Мірскага замка знойдзеная невядомая рэзідэнцыя Радзівілаў

Археолагі з Інстытута гісторыі НАН Беларусі знайшлі падмурак невядомай рэзідэнцыі XVI-XVII стагоддзяў каля Мірскага замка. Раней лічылася, што на месцы руінаў стаяў толькі палац XX стагоддзя.

У канцы 2015 году Інстытут гісторыі НАН і музей «Замкавы комплекс «Мір» падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. У межах гэтага пагаднення 4 ліпеня група археолагаў прыехала ў Мір. Цягам двух тыдняў навукоўцы мусілі правесці раскопкі на месцы, дзе стаяў палац князёў Святаполк-Мірскіх. Заўжды лічылася, што палац быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя.

Нечакана для навукоўцаў раскопкі давялося падоўжыць да аднаго месяцу. Пад сьмеццем, якое назбіралася за апошнія сто год, яны знайшлі падмурак будынку, узведзенага на мяжы XVI і XVII стагоддзяў.

Па гэтай цэгле-пальчатцы вызначылі час пабудовы рэзідэнцыі

Раней ніхто не задумваўся, ці было штосьці на месцы палацу Святаполк-Мірскіх. Да нашых дзён захаваліся толькі дзьве выявы самога палацу. Ён згарэў ад пажару ў часы Першай сусветнай вайны, калі ў Міры стаялі казакі.

Адкрытыя падмуркі рэзідэнцыі Радзівілаў ў 500 метрах ад Мірскага замку

Потым на месцы палацу была сметніца, і да нашага часу з зямлі выступалі толькі некалькі кавалкаў сценаў.

Час пабудовы старэйшага будынку вызначылі па цэгле-пальчатцы. Гэты тып будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўваўся толькі у XVI і XVII стагоддзях. Памеры цэглы ў Міры характэрныя да канца XVI — пачатку XVII. У гэты час Мір належаў Радзівілам.

Ірына Ганецкая правяла ў Міры ўжо цэлы месяц

«Атрымліваецца, што палац Святаполк-Мірскіх пабудаваны на падмурку дома ў фальварку Замір’е часоў Мікалая Крыштофа Радзівіла «Сіроткі», — сказала Свабодзе Ірына Ганецкая, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН, якая кіруе раскопкамі.

Па словах археолага, акурат з канца XVI стагоддзя вакол замкаў пачалі ўзнікаць фальваркі. Туды пераносіліся ўсе гаспадарчыя функцыі замкаў: гароды, палі, бровары, захоўванне збожжа. У часы «Сіроткі», верагодна, у фальварку Замір’е жыў намеснік гаспадара.

А гэта XX стагоддзе — сьляды таго самага палацу Святаполк-Мірскіх

Матэрыялы пабудовы аналагічныя матэрыялам, з якіх пабудаваны Мірскі замак. На месцы знайшлі мала побытавых рэчаў. Гэта прыкмета таго, што будынак даглядаўся і яго трымалі ў чысціні.

Сабраныя матэрыялы зараз будуць уносіць у рэестар

Найбольшая калекцыя знойдзеных артэфактаў — будаўнічыя матэрыялы. Кафля ад ручнога вырабу з мяжы XVI-XVII да фабрычнага пачатку XX стагоддзя. Тут таксама знойдзеныя тры гатункі дахоўкі з розных эпох.

Кафля розных эпохаў

5 жніўня раскопкі скончыліся. Але Ірына Ганецкая яшчэ месяц правядзе ў Міры, каб скласці рэестар знойдзеных артэфактаў і правесці фіксацыю раскопу і выяўленых будаўнічых канструкцый.

Флігель пачатку ХХ стагоддзя, верагодна, стаіць на падмурку старэйшага флігелю

Падчас працы археолагі вывучылі тэрыторыю ў 200 квадратных метраў. Яны адкрылі больш за палову ад усіх падмуркаў. Над паўднёвай часткай цяпер разбітыя гароды мясцовых жыхароў, якія жывуць у флігелі пачатку XX стагоддзя.

Мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць старую кафлю на сваіх гародах

«Раскопкі, безумоўна, трэба працягваць, — кажа Ганецкая. — Фальварак — гэта рэзідэнцыя і гаспадарчы комплекс — неад’емная частка замку. Апроч жылога дому ў Замір’і можна даследаваць і іншыя пабудовы. Тут шмат чаго даступна для даследаванняў».

Раскопкі праводзіліся на замову і за кошт музею. Раскапаныя падмуркі плануюць выкарыстоўваць у якасьці музейнай атракцыі. Але да канца працы яны будуць агароджаныя, паколькі тут ёсць нераскрытыя і небяспечныя сутарэнні.
news.tut.by

Darya

Share
Published by
Darya

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

4 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

2 тыдні ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

3 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

3 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago