«Але што гэта я?
Ёсць святло i ценi.
Гэта вечна.
I вечны няроўны бой,
I таму сэрцам плачу, устаю на каленi
Перад ранняй, святою магiлай тваёй.
Яснай месячнай ноччу цi днём журботным
Свецiць дальнiм нашчадкам яна, як маяк,
I таму, чым мужней, неразумней, самотней,
Тым ясней, тым велiчней слава твая».
Радкі з верша Уладзіміра Караткевіча гучаць прыгожа і амаль трагічна. Нічога дзіўнага: забытую магілу героя, якому прысвечаны верш, прыйшлося знайсці самому Караткевічу ў кампаніі з прафесарам Уладзімірам Няфёдавым. Яны ж арганізавалі перапахаванне ў больш прэстыжным месцы, на плошчы мястэчка Празарокі. Менавіта яно звязана з нараджэннем беларускага прафесійнага тэатра і яго стваральнікам Ігнатам Буйніцкім.
Цікава чытаць даперабудовачныя мастацтвазнаўчыя артыкулы. Якім бы прагрэсіўным ні быў аўтар, заўсёды спрабаваў «апраўдаць» герояў сваіх даследаванняў за «панскае» паходжанне і, не дай Першамай, валоданне «эксплуататарскай маёмасцю». Так і ў тэкстах аб Ігнаце Буйніцкім не забывалі падкрэсліваць, што хоць і шляхецкага паходжання, і валодаў радавым маёнткам Палевачы, але дэмакрат! «Буйнiцкi быў «панок», праўда, невялiкага панства — меў пад трыццаць гектараў незайздроснай зямлi, — расстаўляў акцэнты Рыгор Семашкевіч. — Яго зяць пiсаў, што Буйнiцкi, «маючы дваццаць гадоў, дастаў ад свайго бацькi кавалачак зямлi—балота i сваёй няўтомнай працай, працуючы ўласнымi рукамi, хутка давёў гэты няўжытак да цвiтучага стану».
О, зразумела, мужыком Буйніцкі не быў. Атрымаў адукацыю каморніка ці то ў Рызе, ці то ў Вільні. Праца «каморнiка» дала магчымасць вандраваць па вёсках, замалёўваў арнаменты, запісваць песні. З пасады каморніка — яшчэ плюс да кармы дэмакрата — Буйніцкі быў вымушаны сысці таму, што, мераючы зямлю памешчыцы, адрэзаў кавалак раллі на карысць сялян.
Быў Ігнат з тых святых дзівакоў, якія прысвячаюць жыццё нацыянальнай культуры. Факт, што яму давялося расстацца з радавым маёнткам, бо расстаціўся на свае тэатральныя заняткі. Хто мог паверыць, што ў звычайнай вёсцы можна стварыць такое? З хатняга гуртка атрымаўся аматарскі тэатр, а затым «такi адзiн з беларускай гутаркай, з бедным рэпертуарам» адважыўся выйсці на прафесійную сцэну.
Паказы ішлі рэгулярна. Звычайна ў трох аддзяленнях: у першым гралі невялікую п’есу, у другім спявалі і дэкламавалі, у трэцім танцавалі. Аснова трупы — сям’я: тры дачкі, Ванда, Алена і Людміла, ды сам Буйніцкі. Прыцягваліся і суседзі-сяляне. Буйніцкі плаціў артыстам з народа шчодра, па рублі на дзень. Гэта ўдвая больш, чым тыя атрымлівалі б, наняўшыся на касьбу, і ў чатыры разы больш, чым плацілі жнеям. Адзін з такіх артыстаў, Іван Голер, успамінаў: «Iгнат Буйнiцкi быў сярэдняга росту, чорнавалосы, з сiвымi скронямi. Танцаваў заўсёды «з сэрцам». Акцёрам танцы паказваў сам, музыкам мелодыi таксама напяваў сам. Займаўся з трупай стала i ўзiмку, i ўлетку». Любімы танец Буйніцкага называўся «Аляксандра».
«Пан каморнiк! Куды?
Каму гэта трэба?
Што звычайным хлопам гэтых краёў,
Iм, якiя жывуць без iмя i неба, —
Тыя песнi твае, тое слова тваё?!
Што iм тая забытая дзiўная вера?
Лепш бы ты, як раней, межаваў палi
I стараўся даць iм — судом i мерай —
Хоць валоку якую панскай зямлi.
Што iм iхнi лес,
Вялiкi й суровы?
Што iм, — мо ўжо адкажаш нарэшце ты, —
Да загнанай, забiтай, задушанай мовы,
Іх вялiкасць першы вандроўны артыст?..»
Вядома, такі альтруізм рэдка знаходзіць разуменне, нават у сям’і. Першая жонка Буйніцкага Францішка падзяляла захапленне мужа, дочкі былі выхаваны аднадумкамі. А вось калі ён аўдавеў і ажаніўся зноў, другая жонка захапленнем мужа, якое забрала вялікую частку маёмасці, абуралася. Нарэшце не вытрывала, заявіла: «Здурнеў пан Ігнат, я не магу глядзець на тыя мужыцкія танцы!» Падхапіла маленькую дачку Яўгенію і з’ехала да сваякоў у Магілёў.
А першы беларускі тэатр працягваўся. Паездкі ў Санкт-Пецярбург, Мінск, Вільню, Варшаву сталі гісторыяй і трыумфам. Пасля выступу на Першым беларускім вечары ў Вільні газета пісала: «Публiка проста адурэла, усе бясконца крычалi: «Брава, бiс!» Па 3 — 4 разы прыйшлося танцаваць адзiн танец. Танцоры, хлопцы i дзяўчаты, пад кiраўнiцтвам Буйнiцкага падабралiся такiя, што аж сцэна грымела ад залiхвацкага тупату i ў вачах мiльгацела, як танцавалi «Лявонiху», «Мяцелiцу» або калi дзесяць прыгожа апранутых пар завiвалiся даўгiм хвастом у «Вераб’i».
Дзякуючы прысутнасці на такім паказе Янка Купала стварыў несмяротную «Паўлінку». Зоркай трупы Буйніцкага была Уладка Станкевічанка, напалову францужанка, «душа вiленскай беларускай сябрыны». Уладка, «дзяўчына, кветка-лiлея», стане жонкай Янкі Купалы. Дзякуючы Буйніцкаму польскі кампазітар Людамір Рагоўскі напісаў музыку на словы верша Янкі Купалы. «Калi паднялася занавеска i велiчна загрымелi словы песнi Янкi Купалы «А хто там iдзе ў агромнiстай такой грамадзе? — Беларусы!», уся набiтая паўнюсенькая заля ўстала», — узгадваў Алесь Бурбіс.
Граць на беларускай мове, дэманстраваць нацыянальную культуру — гэта было смела. І ў трупу прыходзілі людзі адважныя. Рыгор Семашкевіч апісвае так: «Iдуць з Буйнiцкiм, з яго дочкамi i зяцем па пыльнай летняй дарозе за падводамi. Артысты — дзяўчаты i хлопцы — дзе пад’едуць, дзе i пройдуцца… Але падводы рыпяць нездарма. Што там тыя згрызоты з начальствам, цёмнымi шляхцюкамi, калi просты люд i за дзясяткi вёрст дабiраецца да мястэчкаў, каб паглядзець на свой тэатр. Дзеля гэтага варта вандраваць па пыльных дарогах, iсцi за падводамi, як iдуць цяпер Цётка i Бурбiс. Зрэшты, мала хто нават у трупе ведае, хто яны i што. Артысты. Цётка хаваецца пад псеўданiмам Крапiвiха, Бурбiс выступае пад прозвiшчам Алексеенка».
Крапівіха, Цётка, яна ж Алаіза Пашкевіч, і Алесь Бурбіс былі вядомымі рэвалюцыянерамі. Бурбіс адседзеў тры гады ў Мінскім астрозе за арганізацыю «бульбяных забастовак» парабкаў на Наваградчыне. Ён з бляскам гуляў характэрныя ролі, напрыклад, вандроўнік у інсцэніроўцы аповеду Элізы Ажэшкі «Зімовым вечарам».
Беларускіх п’ес катастрафічна не хапала, даводзілася «абеларушваць» іншыя. Напрыклад, у перакладзе п’есы ўкраінца Крапіўніцкага «Пашылiся ў дурнi» мянялі Кіеў на Вільню, Чыгірына — на Смаргонь. У трупе ўдзельнічала дружная сям’я Радзевічаў — Чэслаў, Ядвіга і Леапольд. Неўзабаве Леапольд у свае 17 гадоў адаслаў у «Нашу Нiву» першую п’есу — «Блуднiкi», так яго п’есы папоўнілі рэпертуар першага беларускага тэатра.
Пераследу цэнзуры, утрыманне трупы за свой кошт… «Крамольны» тэатр ў 1913 годзе давялося закрыць. Да таго часу ў Буйніцкага застаўся ў валоданні толькі дом, зямля сышла ў аплату «мужыцкiх скокаў».
Ігнат Буйніцкі памёр 22 верасня 1917 года, у 56 гадоў. На Першай сусветнай — яго мабілізавалі ў інтэнданцкія войскі. Існуе дзве версіі смерці Ігната. Адну прыводзіць Рыгор Семашкевіч: «Паводле ўспамiнаў Iвана Голера, калi Буйнiцкi пайшоў на вайну, ён у Палачанах арганiзаваў вечарыну, стаў танцаваць. У час танца ў яго пайшла горлам кроў». Іншая версія — памёр ад тыфу ў шпіталі. Аднак дакументаў пра гэта пакуль не знойдзена. Вядома, версія аб смерці падчас танца прыгожая… Голер успамінаў словы Буйніцкага: «Я ад танцаў i памру». «Досыць размоў! Мае хлопцы—малойцы i дзяўчаты—прыгажунi застаялiся, скокаў зачакалiся!» — звыкла «запальваў» публіку дзядзька Ігнат. Інсульт? Сэрца не вытрымала? Хто цяпер ведае…
Буйніцкага пахавалі на салдацкіх могілках каля вёскі Палачаны на Маладзечаншчыны. Сям’я вярнула яго на радзіму. «Антон Луцкевiч ва ўспамiнах пiша, што калi дочкi Ванда i Гэля прывезлi астанкi бацькi ў 1918 годзе ў Палевачы на цягнiку, каб пахаваць яго ў трох соснах, як гэтага хацеў сам дзядзька Iгнат, то на станцыю не прыйшоў нi адзiн жыхар. Магчыма, час тады быў такi, цьмяны».
Рыгор Семашкевіч ўжо не ўбачыць тых соснаў. «Старыя забытыя могiлкi за чыгункай. Надмагiльны курганок Буйнiцкага паглынула зямля. Толькi адна чэзлая асiна шумiць над магiлай». Пасля перапахавання праху Буйніцкага на плошчы ў Празароках там ўсталявалі помнік работы народнага скульптара Івана Міско.
Была ідэя і аднавіць сядзібу Буйніцкага ў Палевачах, арганізаваць там музей. Шмат разоў браліся — так і не дабудавалі. Затым спрабавалі прадаць даўгабуд. Эх, няма ў людзей арганізатарскіх здольнасцяў Буйніцкага! Сённяшні Купалаўскі тэатр паходзіць ад трупы Беларускага драматычнага тэатра, той, у сваю чаргу, заснаваны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. А ствараў таварыства Буйніцкі! Прыязджаў у Мінск ужо ў ваеннай форме. І артысты яго трупы доўга бліскалі на падмостках.
На працягу многіх гадоў у тэатры існаваў артэфакт — світка Буйніцкага, у якой ён выступаў. Яе перадавалі акцёру, які лепш за ўсіх выконваў ролі, якія граў сам Ігнат. На жаль, і світка знікла.
«I гарэць той славе, нятленнай, шырокай,
Да апошнiх, бязведамных нашых вякоў
За адну тваю спробу замест валокi
Мову людзям вярнуць i зямлю бацькоў».
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…