Categories: Экалогія

Беларуская Шамбала. Як мастак і пісьменнік Артур Клінаў стварае ў Каптарунах арт-вёску

Каптаруны — маленькая вёска Пастаўскага раёна, насельніцтва якой, згодна Вікіпедыі, складае 6 чалавек. Менавіта ў гэтай глушы тры гады таму мастак і пісьменнік Артур Клінаў купіў хутар. Яшчэ праз нейкі час — другі. Галоўны рэдактар часопіса «pARTisan» хоча стварыць у Каптарунах арт-вёску.

У пошуках хаты за горадам Артур Клінаў прыехаў у Каптаруны. Амаль пустое паселішча, старыя яшчэ дарэвалюцыйныя дамы, памежная тэрыторыя — за лесам Літва, літоўскія мабільныя аператары дабіваюць лепш за беларускія… І яшчэ — неймаверныя краявіды.

Каптаруны заварожваюць вока яшчэ на пад’ездзе. За 100 метраў ад указальніка — возера; ускраек краявіду ўпрыгожвае драўляны сухастой, балота. Пейзаж дзікі, трошкі трывожны, але фантазійны і натхняльны.

— Каптаруны — гэта наша Шамбала, — сустракае мяне ў сваіх «ўладаннях» пісьменнік. — Месца сілы. Вы адчулі? — аўтар «Шалома» і «Шклатары» гасцінна прапануе правесці па ваколіцах экскурсію. Момант сустрэчы «на краю зямлі» з вядомым стваральнікам канцэпцыі «Горада СОНца» — гэта той яшчэ квэст.

Галоўны рэдактар часопіса «pARTisan» у якасці пана-гаспадара выглядае, прызнацца, даволі нечакана. Нічога неардынарнага ў абліччы: спадар Артур апрануты ў байку і джынсы. Але справа, вядома, у адчуванні. Заўважна, што мастаку падабаецца знаходзіцца тут і паказваць тое, што ўжо зроблена, распавядаць пра будучыя планы.

 

 

 — Нават не проста арт-вёску, а хацелася б стварыць тут крэатыўны кластар, — удакладняе ён сваю канцэпцыю new-Каптаруноў. — Каб тут сяліліся сем’і, ладзіліся самыя розныя падзеі. Пленэры, літаратурныя, перакладчыцкія праекты, кінафестывалі, арт-рэзідэнцыі… Міжнароднага фармату. Бо гістарычна гэта тэрыторыя — прастора скрыжавання чатырох культур: літоўскай, польскай, беларускай і габрэйскай. У тых жа Лынтупах раней насупраць касцёла стаяла сінагога… Гэты былы Віленскі край. І варта выкарыстоўваць яго патэнцыял.

 

— Вядома, мы спадзяёмся на супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі, — дзеліцца думкамі мастак. — Бо гэты праект іміджавы і выгодны ўсім: будучыя працоўныя месцы для мясцовага насельніцтва, прывабнасць рэгіёну для інвестараў, ды, увогуле, культурны і турыстычны пункт. Ці не так?

Тым больш, прыклады падобных ініцыятыў ужо маюцца ў Еўропе. Тая ж вёска Эміра Кустуруцы Дрвенград, якая прываблівае людзей з усяго свету, слынная цікавостка Сербіі. Можна нават сказаць, што Каптарунам пашчасціла з Артурам Клінавым. Бо калі ў мастака ўдасца, мяркую, можна будзе казаць аб прэцэдэнце.

— Ну, так, — пагаджаецца ён, — хочацца, каб гэта была арт-вёска ва ўсіх дэталях. Той жа дом не як звычайны зруб, а як арт-аб’ект. Каб чалавек трапляў у месца, і разумеў, што гэта творчая прастора. Хоць гэты працэс рэнавацыі такі бясконцы, такая інтэнцыя ёсць адназначна.

— Так, столь рабіў як на Вавелі, — хваліцца гаспадар, — ёсць печка, гарачая вада, усе камунікацыі.

— Ведаеце, — прызнаецца ён, — у мяне ёсць ідэя і плывучай альтанкі, каб можна было яе спусціць на ваду і плаваць. На першым паверсе — майстэрня, на другім — месца для адпачынку. Пакуль, на жаль, яшчэ не рэалізаваў.

Мастак зазначае, што гэта несправядліва, калі большасць культурных падзей адбываюцца ў Мінску. І трэба браць за прыклад еўрапейскую практыку, калі ў маленькіх гарадах ладзяцца вялікага памеру фестывалі.

— Я ўжо пачаў пісаць сёлета раман, дзе падзеі адбываюцца ў малым мястэчку. Містычна-дэтэктыўная гісторыя. Наш такі беларускі Твін Пікс. Планаваў яе як сур’ёзны твор, але атрымаецца штосьці блізкае да «Шалома». Неяк асяродак падштурхоўвае — штосьці кшталту «хто забіў касірку Зіну?», — жартуе пісьменнік. — За тры гады абжыўся тут, ведаю мясцовы нюансы. Характары, умоўна кажучы, бяру з натуры. Твор будзе называцца «Локісаў». Бо менавіта тут знаходзіцца тэрыторыя Локіса, графа-перэваратня, гісторыю якога апісаў Праспэр Мэрымэ ў сваёй навеле «Локіс». Мой раман будзе іншым, але тутэйшая легенда выкарыстоўваецца.

Як толькі размова заходзіць пра мясцовыя легенды і паданні, на парозе раптам з’яўляецца краязнаўца Алесь Гарбуль. І распавядае не толькі пра браму Локіса пад Лынтупамі, але і пра бліжэйшыя месцы сілы ў ваколіцах. Але гэта ўжо, відаць, тэма для асобнага матэрыялу.

Каптаруны зацягваюць на сваю арбіту. Ужо 20—21 жніўня ў вёсцы плануецца Міжнародны літаратурны фестываль «Каптаруны». А толькі на днях распачаўся пленэр экалагічнай скульптуры з тэмай прыбіральні.

budzma.by

Darya

Share
Published by
Darya

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago