У жніўні гэтага года ў Залессе прайшло першае адукацыйнае мерапрыемства “Летнік асабістай эфектыўнасці”. Гэта быў своеасаблівы студэнцкі лагер, у якім моладзь вучылася жыць “без мамкі”.
Увесь тыдзень кожны дзень на працягу 8 гадзін мы вучыліся па адной канкрэтнай тэматыцы ў дзень, ну, а ўвечары гулялі ў настольныя і актыўныя гульні або з дапамогай куратара рыхтавалі культурную праграму. Арыгінальнасць навучання ў тым, што яно праходзіла ў форме трэнінгу, гэта значыць атрыманую тэорыю адразу можна было засвоіць, ужыўшы веды на практыцы.
У першы дзень майстар-клас праводзіў Аляксей Бурносенка. Напэўна, лепшы трэнер па аратарскім майстэрстве ў Беларусі паказаў удзельнікам, як весці публічнае выступленне, якія ёсць прыёмы ўтрымлівання ўвагі публікі, як справіцца з хваляваннем і многае іншае;ахвотна адказваў на пытанні, якія турбуюць удзельнікаў. Усе былі вельмі актыўнымі і першы дзень пакінуў моцныя ўражанні.
У другі дзень Яна Усціненка, Вераніка Юрэнкова і Алена Салавейка распавялі хлопцам і дзяўчатам ўсё аб пошуку працы: як знайсці добрую вакансію і напісаць ўдалае рэзюмэ, як паводзіць сябе на сумоўі, падчас выпрабавальнага тэрміну і іншае.
Трэці дзень быў прысвечаны тайм-мэнэджменту. Вопытны псіхолаг Наталля Нямкевіч распаяла, як кіраваць сваім часам, каб яго хапала не толькі на вучобу, але і на сябе, свае захапленні.
У чацвёрты дзень мы даведаліся як весці бюджэт, каб на ўсё хапала. Для студэнтаў вельмі актуальна. У гэты ж дзень удзельнікаў летніку чакала невялікая экскурсія ў Воўчын, дзе захаваўся Троіцкі касцёл поздняга барокка.
Наступны дзень быў прысвечаны тэме, якая была цікавая, па меншай меры, ўсім – магчымасці бюджэтных падарожжаў. Распавесці пра гэта прыехаў Павел Грыбоўскі, які шмат падарожнічае аўтастопам, ведае, як і дзе можна бясплатна пераначаваць у незнаёмым горадзе, калі лепш купляць танныя квіткі на самалёт і шмат іншага. Павел нават правёў спаборніцтва па збору турыстычнах намётаў на хуткасць, прызам у якім была банка згушчонкі.
У гэты вечар хлопцы і дзяўчаты, якія сталі ўжо амаль сябрамі, дружна сядзелі ля вогнішча і спявалі любімыя песні пад гітару.
У апошні дзень навучання, а гэта быў ужо шосты дзень Летніка, удзельнікі даведаліся, што такое НКА, якія ў Беларусі ёсць грамадскія арганізацыі, як з іх дапамогай можна сябе рэалізаваць, чым яны займаюцца і чаму іх дзейнасць важлівая для грамадства. Таксама ў госці на летнік прыехалі прадстаўнікі курсаў “Мова нанова”, запаведніка “Прыбужскае Палессе” і рэсурса natatnik.org якія за правільныя адказы на свае пытанні падаравалі нам прыемныя прызы. Гэты дзень на Летніку завяршыўся рок-канцэртам, што было прыемным сюрпрызам і выдатным завяршэннем вельмі насычанага тыдня ў Залессі.
Наступным раніцай ніхто не хацеў з’язджаць. Усё так зблізіліся і пасябравалі, складана было ўявіць, што ўдзельнікі былі знаёмыя толькі тыдзень. А вось некалькі водгукаў ад ўдзельнікаў:
Маленькія агеньчыкі сядзяць каля вялікага полымя жыццёвага лёсу, які ўздымаецца ўверх да блакітных нябёс і мар… На працягу 6 дзён перажыць трэнінгі, насычаныя крутой інфой, стаць сябрамі, рабіць штосьці грунтоўнае ў жыцці, вырашаць, як будаваць сваё жыццё і свой лёс. Імкнуцца да зор і быць зорачкамі.
Дзякуй вялікі за неверагодны настрой і атмасферу, @dzedzich, дзякуй вялікі Залессю і куточку зямлі, дзе сустракаюцца казачныя домікі і пейзажы. (Таня)
Анкета. Дзедзіч. Сумоў’е. Летнік. Аўтобус. Залессе. Сябры. Маладосць. Таемны сябр.
Чарга. Душ.
Згушчонка. Гарбата. Не мая талерка. Не мой відэлец. Калі абед?
Мэта. Каманда. Спаборніцтвы. Памылкі. Вопыт.
Вечар. Гітара. Тры чарапахі. Толькі не Каржа.
Дзедзіч. Летнік. Сям’я. (Ганна)
Больш водгукаў можна знайсці з дапамогай #letnik2016
А ўсе фота тут.
Спадзяемся наступным летам мы таксама збярэмся ў Залессі!
Наталля Матвійчук