Пра стварэнне музея каталіцкай дыяцэзіі ў драўляным лямусе на тэрыторыі былога брыгіцкага манастыра гаварылі яшчэ тры гады таму. Унікальны помнік шмат год стаяў закінуты і знішчаўся. Толькі цяпер размовы робяцца больш рэалістычнымі. Ужо ў кастрычнiку спецыялісты, у тым ліку запрошаныя адмыслоўцы з Польшчы, маюць пачаць працы па рэстаўрацыі ўнікальнага будынка XVIIІ стагоддзя.
Зараз распрацоўваецца дакументацыя на аднаўленчыя работы. Як і планавалася раней, тут будзе музей дыяцэзіі. Што тычыцца дазволаў на працы, то ўсё ўжо падрыхтавана і ўзгоднена з Міністэрствам культуры.
“Працы пачнуцца прыкладна праз месяц. У гэтым годзе плануем рэалізаваць першую ступень – замяніць падмурак, бо стары ўжо цалкам не прыдатны, – адзначыў ксёндз Аляксандр Сасноўскі, які адказвае за рэстаўрацыю лямуса.
Таксама рабочыя ачысцяць памяшканне ўсярэдзіне ад смецця і лішніх элементаў, якія з’явіліся ў савецкі час. Калі час і фінансы дазволяць, то адразу пасля гэтага пачнецца замена драўляных канструкцый, якія прагнілі – перадусім элементаў каля падмурка.
“Для нас галоўная задача – захаваць гэты помнік гісторыі. Перад зімой зоймемся поўнай кансервацыяй даху, каб не залівала. Тое, што мы зараз маем каштоўнага – на 100% захаваем”, – кажа ксёндз.
Гарадзенскі лямус – адзін з самых старых драўляных аб’ектаў у Беларусі. Аднаўленне яго стане важнай часткай маштабнай шматгадовай рэканструкцыі ўсяго комплексу брыгіцкага манастыра, дзе ў савецкія гады размяшчалася псіхіятрычная бальніца.
Праўда, не ўсе звычайныя мясцовыя будаўнікі бачаць каштоўнасць помніка. Адзін з іх, які працуе на рэстаўрацыі кляштара і добра знаёмы з лямусам, наогул лічыць, што рэканструяваць пабудову ўжо позна.
“Людзі скардзяцца, што пабудова ў кепскім стане. А што толку? Звонку лямуса яшчэ нешта ёсць, а ўнутры ўжо нічога жывога не засталося, там усё саветамі перабудавана. На мой глузд – разабраць і пабудаваць новы і не дурыць галавы. Лямус у нашы дні – самы сапраўдны хлеў. Аднаўляць трэба ў першую чаргу касцёлы і цэрквы, якія ўзарвалі бальшавікі”, – падзяліўся сваім прыватным меркаваннем будаўнік.
Пасля рэстаўрацыі ўсяго комплексу тэрыторыя, дзе знаходзіцца лямус, стане адкрытай для ўсіх. У музеі выставяць мноства экспанатаў, якія зараз ёсць у каталіцкай дыяцэзіі. Сярод іх: рэдкія асобнікі кніг і дакументы XVII-XIX стагоддзяў.
Гарадзенскі лямус – двухпавярховы дом з лоджыяй на другім паверсе і арачнымі галерэямі на галоўным фасадзе. Пабудаваны ў традыцыях беларускага народнага дойлідства, выкладзены з масіўных брусаў, без выкарыстання клямараў і металічных крапяжоў. Верагодна, пабудаваны ў другой палове XVIII ст., хаця і сёння дзе-нідзе ў літаратуры датуецца 1630 годам.
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…