У Віцебску пачынаецца падрыхтоўка для будоўлі Сафійскага сабору. Аднаўленьне гістарычнага полацкага храму ў іншым горадзе спэцыялісты называюць авантурай. Якія знакавыя будынкі было б насамрэч варта аднавіць.
У 1587–1589 гадах на загад Стэфана Баторага каля старога драўлянага касьцёла ў Горадні быў закладзены мураваны гатычны касьцёл. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі, Баторы хацеў, каб яго пахавалі ў ім.
Пасьля вайны з Масквой касьцёл моцна пацярпеў і быў перабудаваны. У 1804 годзе расейскія ўлады перадалі касьцёл праваслаўнай супольнасьці Горадні. А ў 1807 годзе касьцёл перабудавалі ў стылі клясыцызму і асьвяцілі ў сабор Сьвятой Сафіі.
У 1899 годзе пасьля чарговага пажару касьцёл перабудоўваюць ужо ў псэўдарускім стылі. На ім зьяўляюцца характэрныя цыбуліны і какошнікі.
З 1919 году, калі Горадня адышла да Польшчы, касьцёл належаў каталікам. У 1923 годзе яго перабудавалі ў нэагатычным стылі.
8 сакавіка 1961 году гарадзенскі гарсавет прагаласаваў за знос «аварыйнага касьцёла» на Савецкай плошчы. Касьцёл замініравалі і падарвалі ў ноч з 28 на 29 лістапада 1961 году.
Сёньня на месцы касьцёла закладзены парк, у цэнтры якога стаіць памятны знак пра храм, які быў на гэтым месцы.
Ратуша ў Горадні зьявілася ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзя, пасьля атрыманьня горадам Магдэбурскага права. Яна была пабудаваная ў стылі рэнэсанс. Пасьля нападу на Горадню маскоўскага войска ў 1660-я гады ратуша была моцна пашкоджаная і амаль паўтара стагодзьдзя прастаяла паўразбураная.
Дакладны выгляд рэнэсанснай ратушы невядомы. Уяўленьне пра яе можна атрымаць толькі з гравюры Матыяса Тунта 1568 году. Гэта быў двухпавярховы будынак зь вежай.
Нанава, ужо ў стылі клясыцызму, ратушу адбудавалі ў 1784 годзе. Яна разьмяшчалася насупраць касьцёла францішканцаў — сучаснага фарнага.
Савецкія ўлады зьнішчылі пашкоджаны будынак ратушы ў 1946 годзе і зрабілі тут Савецкую плошчу. На гэтым месцы дагэтуль нічога не пабудавана.
Пабудаваны ў 1648 годзе, касьцёл Сьвятога Станіслава ў Пінску быў на той час самым вялікім ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
Касьцёл будаваўся пры кляштары езуітаў. Тут жа езуіты адкрылі калегіюм, дзе выкладаў Андрэй Баболя. Пры нападзе на Пінск казакоў у 1657 годзе Баболю забілі. Пазьней яго бэатыфікавалі. Да 1808 году цела сьвятога Баболі знаходзілася ў крыпце касьцёла Сьвятога Станіслава.
У 1773 годзе ордэн езуітаў распусьцілі, і на нядоўгі час касьцёл адышоў уніятам. У 1800 годзе расейскія ўлады перадалі будынак пад праваслаўны манастыр. Толькі ў 1918 годзе яго вярнулі каталікам.
У 1953 годзе ў Пінску праходзіла рэканструкцыя гораду. Касьцёл Сьвятога Станіслава падарвалі, і на ягоным месцы разьбілі Савецкую плошчу з помнікам Леніну ў цэнтры. Будынак езуіцкага калегіюму ў Пінску захаваўся, а на месцы былога касьцёла побач з калегіюмам закладзены гарадзкі парк.
У 1620—1640-я гады на Высокім рынку ў Менску быў пабудаваны першы мураваны касьцёл з кляштарам. Ён належаў дамініканцам і быў названы ў гонар вядомага прадстаўніка ордэну — Тамаша Аквінскага.
Касьцёл і кляштар служылі і як абарончыя збудаваньні. Цягам XVIII стагодзьдзя касьцёл рэканструяваўся і разбудоўваўся. А з прыходам расейскіх уладаў пачаўся ягоны заняпад.
Пасьля паўстаньня 1830–1831 гадоў улады зачынілі кляштар. У хуткім часе пасьля паўстаньня 1863–1864 гадоў зачынілі і сам касьцёл. Спачатку быў плян, каб прыстасаваць будынак храму пад гарадзкі тэатар. Потым тут разьмясьцілі пажарнае дэпо.
У міжваенныя гады будынак касьцёлу лічыўся пад абаронай дзяржавы. У вайну ён быў пашкоджаны, але ў канцы 1940-х зрабілі яго першасную кансэрвацыю.
У 1950 годзе касьцёл і кляштар падарвалі. На думку ўладаў, будынкі не пасавалі да новага аблічча Цэнтральнай плошчы, у цэнтры якой быў помнік Сталіну. На месцы кляштара зьявіўся сквэр.
У 1980-я гады, калі на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць Палац Рэспублікі, археолягі знайшлі падмуркі касьцёла.
У 2011 годзе стала вядома пра пляны ўладаў рэканструяваць Кастрычніцкую плошчу. Антон Астаповіч прапанаваў Менгарвыканкаму аднавіць на новай плошчы касьцёл Тамаша Аквінскага. Таварыства аховы помнікаў распрацавала эскізную прапанову аднаўленьня касьцёла.
У XVII стагодзьдзі ў маёнтку Беразьвечча каля Глыбокага быў заснаваны базыльянскі кляштар. У 1756–1763 гадах на месцы драўляных пабудоў узьвялі мураваны кляштар і царкву. Архітэктарам царквы быў Ян Гляўбіц — стваральнік і найбольш вядомы прадстаўнік стылю віленскага барока. Гляўбіц спраектаваў новы будынак Сафійскага сабору ў Полацку, касьцёл кармэлітаў у Мсьціславе, фарны касьцёл у Лідзе.
У 1839 годзе расейскія ўлады скасавалі унію, і царква з кляштарам сталі мужчынскім праваслаўным манастыром. З 1874 году тут стаў жаночы манастыр.
У 1919 годзе польскія ўлады перадалі царкву каталікам, а ў будынках кляштару разьмясьціўся аддзел Корпусу аховы памежжа.
З 1939 году ў кляштары была турма. Спачатку Саветы тут утрымлівалі палітзьняволеных, потым немцы звозілі ў Беразьвечча ваеннапалонных. З пасьляваеннага часу і па сёньня тут папраўчая калёнія.
Будынак царквы-касьцёла ў 1970 годзе падарвалі.
У 1676 годзе ваявода віцебскі Ян Храпавіцкі фундаваў будоўлю драўлянага кляштару бэрнардынцаў на ратушнай плошчы ў Віцебску. Пасьля двух пажараў у 1737 годзе пачалася будоўля мураванага касьцёла. Пабудаваны ў стылі віленскага барока, касьцёл быў асьвечаны ў 1768 годзе ў імя сьвятога Антонія.
Расейскія ўлады выкарыстоўвалі кляштар для сваіх патрэбаў. Касьцёл дзейнічаў да 1920-х гадоў. Яго зруйнавалі пасьля Другой сусьветнай вайны.
Разбураныя ў цэнтры Віцебску праваслаўныя цэрквы ў наш час аднавілі. А цяпер і каталікі зьбіраюць грошы на аднаўленьне касьцёла Сьвятога Антонія.
Як распавёў Свабодзе Вячаслаў Барок, пробашч сучаснага — ня блытаць са старым, разбураным — касьцёла Сьвятога Антонія ў Віцебску, гарадзкія ўлады прыхільна ставяцца да адбудовы касьцёла ў гістарычным цэнтры. Цяпер трэба атрымаць дазвол у прэзыдэнта, бо паводле заканадаўства гэта ён вырашае, ці выдзяляць зямлю пад рэлігійныя ўстановы ў абласных цэнтрах.
«Нас цешыць, што гарадзкія ўлады хочуць хадайнічаць перад прэзыдэнтам аб выдзяленьні зямлі пад будаўніцтва касьцёла, — сказаў Барок. — Наш абласны архітэктар таксама бачыць, што дзякуючы касьцёлу Сьвятога Антонія архітэктурны ансамбль Ратушнай плошчы будзе закончаны».
Яшчэ адзін важны для Віцебску будынак — езуіцкі касьцёл з кляштарам. У 1644 годзе тут быў асьвечаны першы драўляны касьцёл езуітаў. А ў 1682 годзе пры кляштары адкрыўся калегіюм.
У 1716 годзе пачалася будоўля мураванага касьцёла. Ён быў асьвечаны ў 1751 годзе. Таксама з канца XVII і цягам усяго XVIII стагодзьдзя ўзводзіўся будынак калегіюму.
Езуіты заставаліся ў Віцебску да 1820 году, пакуль іх не забаранілі расейскія ўлады. Спачатку касьцёл з кляштарам перайшлі да базыльянаў, а пасьля забароны ўніяцтва — да праваслаўных.
Касьцёл Сьвятога Язэпа перабудавалі пад праваслаўны храм і асьвяцілі ў імя сьвятога Мікалая — у гонар расейскага імпэратара.
У 1956 годзе савецкія ўлады зруйнавалі касьцёл з кляштарам дзеля «ўпарадкаваньня і рэканструкцыі» цэнтру гораду.
Езуіты зьявіліся ў Магілёве ў канцы XVI стагодзьдзя. У 1699 годзе тут пачалі будаваць мураваны касьцёл у стылі барока. Таксама пры кляштары працаваў калегіюм.
Зь ліквідацыяй ордэну езуітаў расейскія ўлады перадалі будынак калегіюму пад вайскова-афіцэрскую школу. Пасьля паўстаньня 1830–1831 гадоў будынак касьцёла перарабілі пад праваслаўную царкву.
У 1950-я гады касьцёл і калегіюм зруйнавалі. На падмурках калегіюму стаіць сучасны музэй этнаграфіі. А вось падмуркі касьцёла не занятыя. Пабудаваць на гэтым месцы свой офіс зьбіралася магілёўская кампанія «Сэрвалюкс». Але бізнэс-цэнтар ужо стаў у іншым месцы, і падмуркі касьцёла застаюцца вольнымі.
У 1680 годзе каля Верхняга гораду ў Магілёве пабудавалі драўляную сынагогу. Яна была выкладзеная зь бярвёнаў і мела два паверхі. Сынагога на ідыш будзе «шул», што даслоўна значыць «школа», таму раён і атрымаў назву Школішча.
Сынагога атрымала вядомасьць за свой росьпіс. У 1740 годзе мастак са Слуцку Хаім бэн Іцхак Галеві Сэгал размаляваў сьцены і столь сынагогі. Дасьледчыкі юдаізму занатавалі гэтыя малюнкі на пачатку XX стагодзьдзя падчас экспэдыцыі ў Магілёў.
У 1918 годзе савецкія ўлады ўключылі магілёўскую сынагогу ў сьпіс помнікаў даўніны, якія ахоўваюцца дзяржавай. Але ў 1938 годзе сынагогу зачынілі і разабралі на бярвеньне.
Падмуркі захаваліся, і грамадзкасьць прапаноўвала ўладам аднавіць знакавую для Магілёва сынагогу і зрабіць там музэй габрэйскай культуры.
Езуіцкі калегіюм у Воршы быў першай навучальнай установай у Віцебскім ваяводзтве. Ён адкрыўся на пачатку XVII стагодзьдзя пры рэзыдэнцыі езуітаў. Больш за стагодзьдзе калегіюм быў драўляны. У 1758 годзе скончылася будоўля касьцёла Сьвятога Міхала Арханёла, а ў 1803 годзе — мураванага будынку калегіюму.
У 1822 годзе, пасьля забароны езуітаў у Расейскай імпэрыі, школу і прыход перадалі дамініканцам, а калегіюм прыстасавалі пад павятовую вучэльню.
Касьцёл у 1825 годзе перадалі праваслаўным. Яго зьбіраліся перабудаваць, аднак у 1840 годзе разбурылі.
У калегіюме зрабілі турму. Вязьніца ў езуіцкіх будынках праіснавала да 1989 году. У 1993 годзе тут правялі археалягічныя раскопкі, і на пачатку 2000-х калегіюм аднавілі. Падмуркі касьцёла — побач з калегіюмам.
У 1672 годзе манахі-дамініканцы заснавалі ў Полацку кляштар. У канцы XVIII стагодзьдзя пачалася будоўля мураванага касьцёла ў імя Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.
Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Полацак адышоў да Расеі і стаў цэнтрам губэрні. У горадзе пачалася рэканструкцыя, якая закранула цэнтральную плошчу, дзе ўзводзіўся касьцёл дамініканцаў. Ягоная архітэктура праектавалася так, каб пасаваць да ўжо новага гарадзкога ансамбля.
Празь недахоп грошай касьцёл пабудавалі толькі ў 1804 годзе. Будынак меў рысы клясыцызму. Разам з касьцёлам быў пабудаваны і кляштар.
Як і ўсе дамініканскія кляштары, полацкі закрылі ў 1832 годзе. Касьцёл у 1864 годзе перавялі ў статус парафіяльнага. Кляштар з касьцёлам былі разбураныя ў Другую сусьветную вайну.
Таксама ў цэнтры Полацку стаяў касьцёл Сьвятога Стэфана — дамінанта цэнтральнай плошчы. У 1936 годзе яго часткова разабралі, а ў 1964 годзе разбурылі. Замест касьцёла Сьвятога Стэфана пабудавалі жылы дом. А вось месца, дзе стаяў дамініканскі касьцёл — вольнае.
Аляксей абраў для сябе вельмі незвычайныя інструменты і стыль спеваў. Ён лічыць, што важна прасоўваць…
Усё нестабільна, у жыцці стрэс Але сталасць тонка: У нас ёсць кава на вагу Ад…
Вулічныя музыкі – гэта сапраўдныя мастакі, якія робяць наша жыццё больш яркім і насычаным. Яны…
У гісторыі Берасця складзена неверагодная мазаіка культурнай спадчыны, у якой асаблівае месца займаюць сінагогі, якія…
Сёння мы вырашылі адправіцца ў кулінарнае падарожжа па сталовых горада, каб высветліць, якія з іх…
У непрыкметным куточку Берасця, на вуліцы Дзмітрыя Данскога, 11, паўстала ўнікальная гастранамічная ініцыятыва, якая ўжо…