Categories: Гісторыя

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

Сёньня дзень народзінаў беларускага паэта і грамадскага дзеяча, народнага паэта Беларусі – Ніла Гілевіча. Яго — стваральніка па-сапраўднаму народнага твора «Родныя дзеці», аўтара тэкстаў да папулярных песень, выключнага пэдагога — любілі і чыталі, не толькі нацыянальна заангажаваная публіка, але і просты люд, звычайныя беларусы. 

1. Яго вельмі любіла Ларыса Геніюш

Даволі крытычная да многіх беларускіх пісьменьнікаў, пра Ніла Гілевіча ва ўсіх лістах выказвалася з нязьменнай любоўю і пашанай: «Было выступленьне Ніла Гілевіча — па сіле сваёй і сьмеласьці магло сьмела спаборнічаць з выступленьнямі Тарашкевіча ў польскім сойме. (…) Я люблю нашага Ніла». Дарэчы, ад нараджэньня выдатны прамоўца, Ніл Гілевіч, мог без падрыхтоўкі ладзіць гадзінныя выступленьні і рабіў гэта (ці на катэдры, ці на мітынгах, ці на сустрэчы з чытачамі) заўсёды ярка, тэмпэрамэнтна і артыстычна, не адпускаючы ўвагу публікі ні на хвіліну.

2. Яго першая прафэсія — паштальён

Адразу ж пасьля Вялікай айчыннай вайны ўладкаваўся працаваць паштальёнам у калгасе.

На вечарынах, застольлях, сьвятах выдатна выконваў народныя песьні, які ведаў велізарную колькасьць.

3. Дакараў сябе за вернападданасьць

Іван Мележ і Ніл Гілевіч. Пачатак 1970-х гг. (з архіву сям’і І. Мележа)

«У сваёй манаграфіі «Акрыленая рэвалюцыяй. Паэзія „Маладняка“ я напісаў, што Алесь Гарун, Ядвігін Ш., Францішак Аляхновіч і іншыя не зразумелі характару Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, яе высакародных мэтаў і задач і таму не прынялі яе. А трэба было напісаць: „Занадта добра зразумелі і таму не прынялі“. Зразумелі галоўнае: нацыянальнай свабоды беларускі народ пры бальшавіках мець не будзе. Такога ў 1958 годзе я напісаць не мог. Быў яшчэ, так бы мовіць, вернападданы».

4. Шкадаваў, што шмат часу займаўся перакладамі

​Прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. У 2015 годзе прэмію атрымаў Ніл Гілевіч

«Шкадую, што займаўся перакладамі ў такім аб’ёме. Маю на ўвазе, што я даў беларускаму чытачу таўшчэзны баўгарскі раман, дзьве аповесьці, шмат апавяданьняў, казкі югаслаўскіх народаў і г.д. Гэта я не павінен быў рабіць. Паэзія — мая стыхія, а без перакладаў прозы можна было абысьціся спакойна. (…) мог бы я трошкі больш сілы пакінуць на сваё. Сям-там я трохі перастараўся. Што зробіш — назад не адкруціш».

5. Дапамог Зосьцы Верас, зь якой нарадзіўся ў адзін дзень

«…мне ўдалося выправіць адну страшную несправядлівасьць у адносінах да яе. Яна ж не была нават сябрам нашага Саюзу пісьменьнікаў, маючы вялікі літаратурны стаж. А значыць — не атрымлівала пэнсіі. І мне ўдалося паспрыяць ёй, з дапамогай Генадзя Каханоўскага, бо была адна фармальнасьць. Кандыдат у СП мусіў абавязкова жыць у Беларусі, а Зоська Верас жыла пад Вільняй. Дык Каханоўскі меў сваю хату ў Маладэчне і прыпісаў да сябе нейкую бабульку, ніхто там не разьбіраўся. Перашкода была зьнятая, і я тут жа, без прыёмнай камісіі (быў жа першым сакратаром саюзу) — адразу на прэзыдыюм, і ўсе падтрымалі. Літаральна назаўтра — па тэлефоне сярдзіты голас з ЦК КПБ, загадчык аддзелу Антановіч: «Што вы робіце? Вам не хапала ў Саюзе пісьменьнікаў гэтай старэчы?». Я кажу: «Вельмі не хапала. Вы проста ня маеце ўяўленьня, што гэта за чалавек, колькі яна зрабіла для нашай літаратуры і культуры».

6. Не любіў трасянку, хоць і выкарыстоўваў яе ў сваім рамане ў вершах «Родныя дзеці»

«Я катэгарычна супраць трасянкі. Яна — пераходная ступень да поўнай ліквідацыі беларускай мовы. Спачатку, як у базарных бабаў, цераз адно слова — трасянка, а потым замест трасянкі — расейская мова. Вось і ўсё. Трасянка — зьява пачварная, іншай ацэнкі быць ня можа».

7. Быў перакананы, што палітычныя партыі для Беларусі непатрэбны

«У нашай сытуацыі — лепш бяз партый. Партыя — гэта група, групка са сваімі групавымі інтарэсамі. А нам патрэбны адзін вялікі рух нацыянальных патрыётаў. Усенародны. Усебеларускі».

8. Скептычна ставіўся да лацінкі

Міхал Дубянецкі, Алесь Адамовіч, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў і Ніл Гілевіч. Здымак Уладзімера Крука

«У апошнія гады ў нас усё часьцей чуюцца галасы, што беларускае пісьмо дзеля збліжэньня з Эўропай трэба пераводзіць з кірыліцы на лацініцу. І робяцца нават практычныя спробы друкаваць тэксты лацінскім альфабэтам. Ініцыятыва гэта — кур’ёзная (калі ўвогуле не правакацыя). За зьменай альфабэту — зьмена пісьменства, а гэта значыць асуджэньне на сьмерць усёй нашай літаратурнай спадчыны, якую немагчыма — усю! — перавесьці на новае пісьмо. У свой час бальшавікі зрабілі такі дзікі гвалт у Сярэдняй Азіі: традыцыйнае арабскае пісьмо замянілі кірылічным, якое зусім не прыдатнае для перадачы іх жывога маўленьня».

9. Лічыў, што камунізм і сталінізм — розныя рэчы

«Што агульнага было ў сталінізме з камунізмам? Па-мойму, амаль нічога. Галоўныя ідэалы камунізму — чалавечнасьць, брацтва, свабода асобы. Як і ў запаветах Хрыста. Ні першага, ні другога, ні трэцяга ў тым грамадзка-палітычным ладзе, які ўстанавілі правадыры Кастрычніка, бальшавікі — не было. Дык і не трэба тое, што было, называць камунізмам».

10. Быў майстрам аўтографаў

Паводле Яўгена Стасевіча: «Характэрнай асаблівасьцю Ніла Гілевіча зьяўляецца тое, што ён вельмі сур’ёзна ставіцца да аўтографаў на кнігах. Вось паглядзіце, што ён напісаў мне на кнізе „Родныя дзеці“: „Яўгену Дзянісавічу і Ніне Іванаўне Стасевічам. Прыміце, сябры дарагія, / Эпічную споведзь маю, / Ёсьць мова — народ не загіне, / На гэтым стаяў і стаю. / І праўды вышэйшай, чым гэта, / Няма на зямлі для паэта“. Ніл Гілевіч — майстар аўтографаў. Кожны з ягоных аўтографаў — гэта міні-твор, закончаная думка».

11. Зьдзіўляўся, чаму Васіль Быкаў хоча прасіць прабачэньня ў Аляксандра Салжаніцына

Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў

 

«Быкаў шкадуе, што не папрасіў у Салжаніцына прабачэньня за свой подпіс пад патрабаваньнем групы пісьменьнікаў — выгнаць аўтара „Архіпелага ГУЛАГа“ за межы СССР. (Насмрэч, апублікаваны ў «Правде» ліст Быкаў не падпісваў. У самім лісьце ўтрымлівалася крытыка Салжаніцына і Сахарава, але патрабаваньня выгнаць кагосьці зь іх за межы СССР не было. – РС) Што шкадуе — гэта добра, але… Але чаму ён ні слова не сказаў у асуджэньне Салжаніцына, калі той апублікаваў злую імпэршавіністычную рэч „Как обустроить Россию“? Чаму яго не абразіла, што Салжаніцын хоча бачыць Беларусь — Бацькаўшчыну Быкава, краіну Быкава, дзяржаву Быкава — губэрняй Расеі? Ну тады, у 1974-м, ён мог памыляцца, ня ўсё ведаў пра Салжаніцына. А адкуль жа такі піетэт, такая пашана да ворага незалежнай Беларусі ў 2001-м? Асабіста я зразумець гэта не магу».

12. Ніводная з яго 15-ці п’ес не была пастаўлена

«Відаць, я ня маю неабходных драматургу здольнасьцяў. П’есу трэба прабіваць, што ўмелі рабіць мае знаёмыя і сябры. Трэба ісьці ў міністэрства культуры, да галоўнага рэжысэра і г.д. Я — палец аб палец ня ўдарыў. Вось прачытаў Валеры Анісенка маіх „Родных дзяцей“ і папрасіў зрабіць лібрэта для радыёп’есы. Я зрабіў. П’еса пару разоў прагучала па радыё, былі добрыя водгукі, выдатныя акторы прымалі ўдзел. Але сапраўды ніводзін тэатар не заўважыў, не зьвярнуў увагі на мае драматычныя творы».

13. Самым вялікім творам Янкі Купалы называў «Раскіданае гняздо»

«…я хацеў бы, каб быў экранізаваны самы вялікі, самы таленавіты твор Купалы — драма „Раскіданае гняздо“. За дзясяткі гадоў у нас зьвялі яе да сацыяльнай тэмы, да цяжкога лёсу беларускага селяніна. Але ж п’еса ня толькі пра гэта, і перш за ўсё не пра гэта. „Раскіданае гняздо“ — гэта Беларусь, гэта Дом наш нацыянальны. І пра гэта, дарэчы, пісалі яшчэ на пачатку 1920-х гадоў Максім Гарэцкі й Зьмітрок Бядуля. (…) Дык вось, разбуранае, раскіданае гняздо — гэта наша краіна раскіданая, гэта наша дзяржава зруйнаваная, якую на нашых вачах даруйноўваюць, каб нічога не засталося. Вось каб пра гэта зьняць фільм, дык было б сапраўды беларускае кіно. Хто б яго мог бы паставіць? Мікалай Пінігін, які паставіў у тэатры „Тутэйшых“ і „Сымона-музыку“. Ён змог бы. Але ці дадуць яму гэта зрабіць? Вельмі сумняваюся».

14. Параўноўваў Кацярыну II з фашыстамі

«Паводле гітлераўскага пляну „Ост“ жахлівы лёс чакаў Польшчу і польскі народ. Чытаю: „З гэтага часу палітычная роля польскага народа закончаная. Ён аб’яўляецца рабочай сілай, больш нічым… Мы даб’ёмся таго, каб сьцёрлася навекі само паняцьце Польшча. Ніколі ўжо не адродзіцца Рэч Паспалітая ці якая-небудзь іншая польская дзяржава…“ (…) Дакладна такі ж лёс чакаў і нас, беларусаў… гэта быў фашызм. А што было вось гэта — не толькі задуманае, але і рэалізаванае ва Усходняй Эўропе за 150 гадоў да гітлераўскага пляну „Ост“? Чытаю: „Замирить Белую Русь силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя“. Вось так: і не стане краіны Беларусь, і не стане беларускага народа, нават памяці пра яго… Дасьведчаны чытач успомніў: гэта сказала імпэратрыца Кацярына II у 1796 годзе, прыгрэбшы Беларусь да Расеі. Ужо дзьвесьце гадоў ажыцьцяўляецца гэты зусім „нефашысцкі“, зусім „нефашысцкі“ плян!»

15. Лічыў, што для Беларусі больш карысныя зьмены не эвалюцыйныя, а рэвалюцыйныя

«Адна партыя ці група не зьменіць нічога. Толькі Майдан зьменіць. Як ва Украіне: быў Януковіч — і няма Януковіча. Выйшаў народ. Таму ўсе сьвядомыя змагары за беларускую Беларусь павінны рыхтаваць народ. А ён выйдзе тады, калі будзе гэтак жа нацыянальна выхаваны і патрыятычна настроены, як украінскі народ».

16. Песьню «Касіў Ясь канюшыну» называў псеўданароднай і грубай

«У 1950-я ды і ў 1960-я гады з эстрады, у радыёканцэртах часам гучала і беларуская народная песьня, але — толькі жартоўная, для забавы, як «Чабарок», «У месяцы верасьні», крыху пазьней — псеўданародная, грубая «Каб сядзела на ўсю лаву» («Касіў Ясь канюшыну»).

17. Абураўся, чаму беларусы не пяюць гімн

«У віры быцьця», вокладка кнігі Ніла Гілевіча

«Мяне абурае: чаму грамадзяне Беларусі не пяюць свой дзяржаўны гімн? Ніхто і нідзе! Не пяюць у вялізных залях удзельнікі сьвяточных урачыстасьцяў, гэта значыць людзі ідэйныя, палітычна сьвядомыя. Я сказаў бы: адборныя грамадзяне краіны! І не пяюць! Не пяюць футбалісты і іншыя спартоўцы на стадыёнах пры ўздыме дзяржаўнага сьцяга, а таксама ж гарачыя патрыёты Радзімы. І не пяюць! Толькі імітуюць пяяньне, зьлёгку разьзяўляюць роцікі безгалоса, — так, як зіхаюць, разводзячы шчэлепы, выкінутыя на бераг рыбіны».

18. Лічыў, што самае галоўнае для краіны — мова, а толькі пасьля нацыянальная сымболіка

Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч. 1993 год.

«Гады два назад мяне папракнулі, што я недаацэньваю значэньне Герба і Сьцяга. Гэта не зусім так. Проста я быў упэўнены, што сёньня для нас важней за ўсё — Мова, на першым пляне павінна быць Мова! Будзе Мова — будзе нацыянальная сьвядомасьць і будзе Беларусь. Ня будзе Мовы — ня будзе Беларусі. Вось чаму пісаў: „Ну будзе Герб, будзе Сьцяг, а Мовы не будзе — і што? У 1920-я гады і без Герба і Сьцяга ваўсю ішла беларусізацыя“. Значыць, галоўнае — Мова. На гэтым этапе — Мова! Нацыянальна сьвядомы народ падыме і Сьцяг і Герб».

19. Быў перакананы, што кожнаму маладому літаратару трэба каля сэрца насіць старонкі дзёньніка Кузьмы Чорнага

Ніл Гілевіч, апошнія фота. Маратон “Я люблю Беларусь”, падчас якога “Малады фронт” віншаваў выбітных прадстаўнікоў нацыянальнай эліты са сьвятам любові. Менск, 14 лютага 2016 году

«Сцяпан Александровіч даў мне пачытаць дзёньнік Кузьмы Чорнага. (…) Уражаньне было страшнае. Дык вось праз што прайшоў гэты вялікі, геніяльны пісьменьнік — праз якія пакуты, і ў якім стане, у якіх думах адыходзіў з жыцьця! Я не спытаў, дзе ён браў гэтыя аркушы — пытаць пра такое было не прынята, бо гэта была наша дысыдэнцкая літаратура. Наша, беларуская… Помню, тады ж падумаў: у нас, у Беларусі, кожнаму, хто ўступае ў жыцьцё, кожнаму юнаку і дзяўчыне, якія загадваюць пра сваю будучыню, трэба каля сэрца насіць старонкі дзёньніка Кузьмы Чорнага і перачытваць нанач жахлівыя радкі гэтага дакумэнта. Іначай ніколі маладыя людзі не зразумеюць, чаму нам так цяжка жыць, чаму ў нас такое робіцца. Бо ў людзях — у псыхіцы, у маралі — засталося тое, што было. Яго трэба выкараніць на генным узроўні. Але спачатку трэба прачытаць дзёньнік Кузьмы Чорнага».

20. Абураўся, калі паблажліва ставіліся да беларускай савецкай літаратуры

Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, Сяргей Законьнікаў. Менск, 25 сакавіка 2003 г.

«Многія з сёньняшніх маладых заяўляюць: мы будзем іншымі, чым нашы папярэднікі, пісьменьнікі савецкага часу. Мы ня будзем ідэйнымі. Будзем — пазаідэйнымі. Будзем як мага далей ад сацыяльнасьці. Але ў такім разе — на каго, на якога чытача разьлік? На шырокага? На масавага? Не трэба баяцца гэтага слова: мара кожнага пісьменьніка — каб яго чыталі многія, масы. І масы чыталі! Кнігі Мележа, Брыля, Караткевіча, Казько, Стральцова і іншых разыходзіліся велічэзнымі накладамі. Чыталі і зачытваліся. Бо было цікава. Бо — вельмі таленавіта напісана пра жыцьцё, пра чалавека. І вось — цяпер кнігі многіх папярэднікаў замоўчваюць. Бо, ці бачыце, „савецкія“. Бо — належаць да „сацыялістычнага рэалізму“. Таленавітыя беларускія пісьменьнікі ніколі ў літаратурныя гульні не гулялі. Яны працавалі. Яны тварылі. Яны пісалі кнігі, за якія не сорамна не толькі перад сваім народам, але і перад цэлым сьветам. Чым хутчэй гэта зразумеюць „судзьдзі“ — тым будзе лепш. Не толькі для літаратуры, але і для Беларусі».

svaboda.org

Darya

Share
Published by
Darya

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

4 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

2 тыдні ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

3 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

3 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago