У летку стаў вядомы спіс аб’ектаў, якім Савет міністраў Беларусі надаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Вось 20 найбольш цікавых аб’ектаў, якія цяпер будуць знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Трышынскія могілкі (Брэст)
Маюць назву ад паселішча Трышын, якое ў ХХ стагоддзі ўвайшло ў межы Брэста. Гэта, мабыць, самыя старыя могілкі Брэста. Многія надгробкі цікавыя з гістарычнага гледзішча.
Свята-Троіцкая царква ў Вялікай Сваротве (Баранавіцкі раён)
Пабудаваная ў 1823 годзе. Адзіная ў сучаснай Беларусі трохвугольная царква.
Крыж і капліца ў гонар бітвы пад Мілавідамі (Баранавіцкі раён)
Праваслаўны крыж пастаўлены ў 1913 годзе ў гонар расійскіх жаўнераў, што загінулі ў 1863 годзе пад Мілавідамі. Каплічку ўзвялі ў 1933 ужо ў гонар паўстанцаў Каліноўскага.
Чыгуначная станцыя ў Дубіцы (Брэсцкі раён)
Самая паўднёвая станцыя Брэсцкага раёна. Прыцягвае ўвагу кінематаграфістаў з розных куткоў за сваю маляўнічасць.
Магіла паўстанцаў ў Косаве (Івацэвіцкі раён)
Парафіянамі мясцовага Свята-Траецкага касцёла былі пахаваныя тры паўстанцы — Лукашэвіч, Красінскі і яшчэ адзін невядомы. У 1928 годзе на гэтым месцы з’явіўся гранітны крыж.
Могілкі часоў Першай сусветнай вайны ў Няхачаве (Івацэвіцкі раён)
Пахаванні аўстрыйскіх і нямецкіх салдат, датаваныя 1914-1918 гадамі.
Царква ў Лескавічах (Шумілінскі раён)
Маляўнічая царква ў рэтраспектыўна-рускім стылі.
Драўляная забудова вуліцы Парыжскай камуны (Гомель)
Адна з візітных картак Гомеля — унікальная драўляная забудова. Хаця не ўсе будынкі дачакаліся надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Касцёл святога Міхаіла Арханёла (Ашмяны)
Пабудаваны ў 1906 годзе па праекту архітэктара Вацла Міхневіча. Архітэктура — неабарока.
Помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах (Ашмянскі раён)
Пастаўлены ў 1958 годзе. Аўтар помніка Заір Азгур.
Свята-Троіцкая царква (Зэльва)
Доўгі час прыхажанай царквы была вядомая паэтка Ларыса Геніюш.
Касцёл Святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах (Іўеўскі раён)
Неараманскі храм у цэнтры вёскі Лаздуны.
Комплекс касцёла святога Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі раён)
Неагатычны храм на радзіме Зянона Пазняка.
Крыжаўзвіжанская царква ў Дзяляцічах (Навагрудскі раён)
Помнік народнага дойлідства. Пабудаваны ў 1876 годзе з дрэва.
Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў Міжэвічах (Слонімскі раён)
Помнік драўлянага дойлідства, маецца драўляны іканастас. Пабудаваная ў 1867 годзе.
Царква Святой Параскевы ў Берштах (Шчучынскі раён)
Пабудаваная ў 1816 годзе з дрэва. Бершты — радавое гняздо палітыка Аляксандра Мілінкевіча.
Міква ў Зембіне (Барысаўскі раён)
Міква — гэта рытуальная габрэйская лазня. Зембін — мястэчка, якое мае вялікую габрэйскую гісторыю.
Магіла паўстанцаў у Плябані (Маладзечанскі раён)
Яшчэ адно месца ўшанавання паўстанцаў 1863 года. Тут пахаваны кіраўнік паўстання на Маладзечаншчыне Юльян Бакшанскі.
Хата Максіма Танка (Мядзельскі раён)
Пількаўшчына — месца, дзе нарадзіўся вялікі беларускі паэт.
Брукаванка Новы Свержань — Мір (Стаўбцоўскі раён)
Выключная па сваёй захаванасці брукаванка, якая размяшчаецца адразу за Нёманам.
nn.by