25 кастрычніка споўнілася б 80 год з дня нараджэньня кінарэжысэра Віктара Турава. Ён — прыхільнік Фэліні і нэарэалістаў — быў адным зь нямногіх нашых кінадзеячоў, чые фільмы атрымалі сусьветнае прызнаньне. Найлепшыя артысты Беларусі, Расеі, Прыбалтыкі хацелі ў яго здымацца. Алесь Адамовіч толькі яму даверыў экранізацыю дылёгіі «Партызаны», а Віктар Казько прысьвяціў яго памяці апавяданьне «І нікога, хто ўбачыць мой страх».
Віктар Тураў быў вязьнем у «сямейным» канцлягеры на Рэйне. Яго дачка Алена Турава ў кнізе «Віктар Тураў: Майстар беларускага стылю» пісала: «Часам, рыючыся зь сябрамі ў сьмецьцевых гурбах, яны знаходзілі дробныя манэткі. Па дарозе паміж лягерамі і заводам, дзе працавалі зьняволеныя, стаяў шапік, у якім можна было купіць шклянку газіраванай вады з сыропам. Віця зь сябрам вырашылі зрабіць бацькам раскошны падарунак: прынесьці „казачны ласунак“ ім у барак. Але патрэбны быў посуд. У будынку камэндатуры дзеці нагледзелі бутэлькі з-пад піва (…) Пры спробе сьцягнуць пару штук былі схоплены. Пачалі біць старэйшага сябра. 7-гадовы Віктар ад нэрваў і страху ня вытрымаў, пачаў гучна сьмяяцца. Ён ніяк ня мог спыніцца. Немцы падумалі, што хлопчык зьдзекуецца. На яго накінуліся (…) Маці знайшла сына амаль нежывым: у дзіцяці была адбіта нырка, моцна зранены твар».
«Вырашыў, што з маімі шнарамі і перакошаным пасьля зьбіваньня ў канцлягеры тварам я для кіно не падыходжу. Куды мне ў артысты!.. Абраў рэжысэрскі факультэт».
Алена Турава пісала: «…узімку сорак другога ў хату ўвайшоў барадаты мужчына, у якім было штосьці знаёмае: «Я ўбачыў нейкага чалавека, які весела падкідаў у паветра маю сястрычку, маці чамусьці сьмяялася. Я ўзрадаваўся, здагадваючыся, што гэта і ёсьць мой бацька, саскочыў зь печкі і кінуўся да яго. Тым часам у дзьверы ўварваліся іншыя людзі. (…) Яго скруцілі і адвялі. Можа, ён бы і супраціўляўся, але тут былі мы!.. Яго павезьлі ў магілёўскую турму». Неўзабаве бацьку расстралялі.
Па ўспамінах яго трэцяй жонкі Тамары Туравай: «Усё, што Віктару Цімафеевічу трэба, гэта ложак, бібліятэка (…) у ягоным пакоі доўга стаяла аранжавая надзіманая плыт-палатка, у якой было сонечна нават у самае дажджлівае надворʼе…»
Тамара Турава ўзгадвала, як Віктар расказваў, што «падчас працы над фільмам „Людзі на балоце“ ён пазнаёміўся з кімсьці з нашых дактароў-псыхіятраў. І той прапанаваў… палату ў сваёй клініцы. Там была поўная ізаляцыя, і ніхто не перашкаджаў працаваць над сцэнарам. Там можна было цалкам паглыбіцца ў матэрыял і не адцягваць сваю ўвагу на тэлефонныя размовы ды іншы тлум».
У артыкуле Белахвосьцік Н. і Крывец Н.
«Фильм „Люди на болоте“ запретили смотреть детям до 16 лет» знаходзім: «…жадаючы зрабіць акторам прыемнае, частку здымак рэжысэр перанёс у Ялту. Фармальная прычына (…) надарылася надта ўдала (цытую службовую запіску дырэктару кінастудыі, падпісаную Туравым): „у сувязі зь зімой, якая настала рана (сьнег выпаў ужо ў канцы кастрычніка), здымачная група не зьняла шэраг абʼектаў па восеньскай натуры (…) просім вас дазволіць выезд у Ялту для здымак гэтай натуры, у адваротным выпадку карціну прыйдзецца кансэрваваць, каб правесьці здымкі вясной 1981 г., што вельмі непажадана“. Так здымачная група апынулася на 25 дзён у Ялце. А фільм у выніку зьнялі на 22 дні раней за тэрмін». Выканаўца ролі Ганьнінага бацькі Генадзь Гарбук успамінаў: «…здымалі нават у Крыме, калі не пасьпелі да зімы ў Беларусі адзьняцца. А каб горы ў кадры не тырчалі, закрывалі іх дымам, як туманом. Затое жылі шыкоўна…»
Вядомы расейскі артыст (які пасьля здымак у фільме Віктара Турава «Я родам зь дзяцінства» стаў яго блізкім сябрам), паводле словаў Алены Туравай, вельмі крыўдзіўся, што Тураў не запрашаў яго ў свае наступныя фільмы. (Высоцкі сыграў яшчэ толькі невялікую ролю паліцая ў стужцы «Вайна пад дахамі» ў 1967 г.) Артыст марыў увасобіць галоўную ролю ў экранізацыі Тургенева «Жыцьцё і сьмерць двараніна Чартапханава» (1971 г.), але Тураў узяў замест яго літоўскага артыста Бронюса Бабкаўскаса.
Крытык Эўфрасіньня Бондарава пыталася ў Віктара Турава:
«А як так атрымалася, што вашы вучні рыхтавалі сабе сцэнар паводле апавяданьняў Яна Баршчэўскага, а фільм на аснове іх „Шляхціца Завальні“ вы паставілі самі?» (…) Віктар Цімафеевіч неахвотна гаварыў на гэтую тэму, тлумачачы сваё рашэньне неабходнасьцю ратаваць грошы Міністэрства культуры, выдзеленыя на карціну да 70-годзьдзя беларускага кіно. Пастаноўка ажыццёўлена, падкрэсьліваў ён, паводле цалкам новага сцэнару, і нават для рэжысэра з досьведам аказалася ня зь лёгкіх. (…) Тураў досыць строга судзіў першыя спробы сваіх вучняў…»
Алена Турава ўспамінала: «Бацька ня быў у захапленьні ад майго жаданьня і адгаворваў, як мог. Не запрашаў мяне на здымачную пляцоўку і на свае прэмʼеры. Лічыў, што галоўнае прызначэньне жанчыны — займацца сямʼёй і домам».
Па словах Алены Туравай: «Бацька ніколі ня лез у мае справы, назіраў з боку. Калі я паказала яму раскадроўку майго першага мультфільму „Ілюзіён“ (1990 г.), то глянуў ён, як мне здалося, неахвотна і нічога сказаў. Калі ж убачыў гатовую працу, то таксама прамаўчаў. Пра тое, што ён мяне хваліў, я пачула толькі ад ягонай трэцяй жонкі Тамары. Яна сказала па сакрэце, што калі па радыё перадавалі праграму з маім удзелам (там расказвалася пра маю музычную супрацу з Анжалікай Агурбаш), бацька праслухаў усё да апошняга слова, пасьля чаго сказаў: „Дзякуй Богу, дачка ў мяне не дурніца!“»
На кінафэстывалі ў Карлавых Варах (фільм „Людзі на балоце“ атрымаў там прыз за лепшы акторскі ансамбль) Віктар Тураў сустрэўся з клясыкам сусьветнага кіно Джузэпэ Дэ Сантысам. Аўтар „Горкага рысу“ выказаўся пра экранізацыю рамана Мележа: „Людзі на балоце“ — вельмі эратычнае кіно. Мы аголенай натурай не дамагаемся такога эфэкту, як гэта робіце вы. З аднаго позірку герояў усё разумееш. Ад гэтай вонкавай недасказанасьці ўзьдзеяньне выходзіць нашмат большае і жарснае».
Па ўспамінах артыста Барыса Няўзорава: «З гэтым фільмам мы ўзялі Гран-пры на фэстывалі ў Таліне, пра што ноччу па сакрэце нам паведаміў Вадзім Абдрашытаў, адзін зь сябраў журы. Ён прыбег да нас, вочы гарэлі: „Я цяпер ведаю, як трэба здымаць кіно!“ Мы былі шчасьлівыя і вельмі хацелі адзначыць перамогу. Але была трэцяя гадзіна ночы. Тады Віктар Цімафеевіч сказаў: „У Станюты ёсьць некалькі бутэлек лікёру, сёньня купіла. Борка, ідзі да яе, яна цябе любіць“. І пайшоў я да старой Станюты. Даведаўшыся пра наш прыз, Стэфанія дастала з-пад ложка чамадан: „Забірай!“ Я ўзяў гэты „Стары Талін“. Нехаця мы яго выпілі. З тых часоў ненавіджу гэты лікёр…»
Па ўспамінах Тамары Туравай: «У 1994 годзе па рашэньні ЮНЭСКО фільм Віктара Турава „Праз могілкі“ ўвайшоў у лік ста найбольш значных стужак пра вайну. Рэжысэр даведаўся пра гэта выпадкова. Пра сваё міжнароднае прызнаньне ён пачуў ад Сяргея Салаўёва».
Пасьля прэмʼеры «Людзей на балоце» ў адным з інтэрвію выказваў крыўду на няўвагу масавага беларускага гледача да гэтай карціны: «Я паставіў фільм паводле аднаго з самых знакавых раманаў беларускай літаратуры. Вам гэта нецікава? Тады што вам цікава?» — рытарычна пытаў рэжысэр. На «Славянскім базары-95», паказаўшы сваю апошнюю стужку «Шляхціц Завальня» (1994 г.), Віктар Тураў эмацыйна заклікаў беларусаў не глядзець фільмы Мікіты Міхалкова ды іншае расейскае кіно, а аддаваць сваю ўвагу айчынным фільмам.
Па ўспамінах кінакрытыка і кіназнаўцы Армэна Мядзьведзева:
«Ён уразіў мяне сваёй незвычайнай нэрвовасьцю. Я аднойчы ўбачыў, як ён стаіць на лесьвічнай пляцоўцы ў ВГИКу і мокрай хусткай стараецца стрымаць кроў, якая ў яго палілася з носа ад хваляваньня. (…) Я яго заўсёды ўспрымаў як чалавека, для якога жыцьцё і кіно — кроў пад горлам. У яго карцінах, асабліва ў ваенных, адбілася тое, што Віця быў чалавек, сапраўды апалены вайной. (…) Віктар Тураў прайшоў праз многае, праз жаніцьбы, разводы, праз запоі, але, колькі памятаю, груз успамінаў дзяцінства быў у ім вельмі прыкметны».
Па ўспамінах шукшынскага апэратара Анатоля Забалоцкага: «Дзякуючы Віктару Цімафеевічу я пазнаёміўся з многімі беларускімі літаратарамі — Аркадзем Куляшовым, Валодзем Караткевічам, Васілём Быкавым… Намі апекаваўся Пятро Глебка, заўсёды глядзеў хроніку, вельмі разумна бараніў нас ад нападак…»; вялікі малдаўскі кампазытар Яўген Дога, які працаваў з Туравым над перадапошняй карцінай майстра «Чорны бусел» (1993 г.), пісаў: «Гэта дзякуючы Тураву я пазнаёміўся ў свой час зь беларускімі народнымі інструмэнтамі, пабываў у майстэрнях народных умельцаў. У яго на кухні я ўпершыню паспытаў дранікі і палюбіў гэтую нацыянальную беларускую страву».
«Шкада, што наша беларускае кіно не набыло самастойнасьці ні раней, ні цяпер. Скажам, Віктар Тураў вельмі добра пачынаў з апэратарам Анатолем Забалоцкім. Але ім у Менску не далі разгарнуцца. Старыя рэжысэры не любілі моладзь, былі зайздросныя, як старыя арангутангі. (…) як старыя арангутангі распраўляюцца з маладымі? (…) яны выгрызаюць ім тое-сёе… Гэта пацьверджана навукай. Так было і на «Беларусьфільме».
Па ўспамінах апэратара Анатоля Забалоцкага: «Самы важны быў пралёг да фільму „Праз могілкі“. Эпічныя словы да яго напісаў Генадзь Шпалікаў. Гэты эпізод нёс таямніцу і страх — дзейнічаў на падсьвядомасьць гледачоў. Нават не дайшоўшы да здачы, яго прыбрала сваёй уладай галоўны рэдактар глаўку Кокарава. Я хаваў эпізод у кабіне студыі Менску. Але калі я зьехаў здымаць „Печкі-лавачкі“, мастацкі кіраўнік „Беларусьфільму“ Корш-Саблін з панятымі ўскрылі маю кабіну з скрынкамі стужак і здалі на змываньне срэбра».
Па ўспамінах Тамары Туравай: «Калі Тураў прыехаў прасіць маёй рукі, муж гэтага не чакаў. У нас зь Віктарам закруціўся раман, я страшна баялася гневу сьвёкра, баялася сьвекрыві (…) Я хацела ўжо разарваць нашы стасункі, але Тураў і слухаць не хацеў. Аднойчы, без папярэджаньня, ён прыйшоў да майго мужа прасіць маёй рукі. І дамогся свайго. Я стала яго жонкай.
«І вось дзіўна: Тураў размаўляў па-расейску, але ён — наш самы нацыянальны, самы беларускі рэжысэр. Усё ім зьнятае так ці іначай зьвязана зь Беларусьсю. (…) Многія памятаюць, як Тураў зрэжысэраваў свой адыход, як гэта было кранальна. Ён здолеў падняцца над хваробай, яго на апошні юбілей даставілі зь лечкамісіі на хуткай дапамозе, ужо амаль бязмоўнага. Гэты эпізод увайшоў і ў маю аповесьць».
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…