Як хацелася б, каб можна было націснуць на якую-небудзь цудадзейную кнопачку і – вуаля! – замежная мова ўжо месціцца ў скарбонцы тваёй падсвядомасці. Усяго імгненне – і ты “шпрэхаеш” як немец у дзясятым калене. На жаль, усё не так проста. Але, як кажуць мудрыя людзі, жаданне – тысячы немагчымасцяў, а нежаданне – тысячы прычын. Варта толькі захацець!
Яны адмаўляюць крылатую цытату: “Жыццё занадта кароткае, каб вучыць нямецкую мову”. Для іх Deutsch – і хлеб, і галоўнае захапленне, і магчымасць падзяліцца з вучнямі сваім досведам. Знаёмцеся: выкладчыцы кафедры нямецкага мовазнаўства філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта – Ірына Пятроўна Арбуз і Наталля Канстанцінаўна Крэпская. Гэтым разам яны распавядуць, як эфектыўна вывучаць мовы, і не толькі нямецкую, але і розныя іншыя.
– Падзяліцеся, калі ласка, сакрэтам, з чаго пачынаць вывучэнне замежнай мовы?
Ірына Пятроўна: Мяркую, з дакладнага абазначэння мэты вывучэння мовы. Не мае значэння, якую вы плануеце вывучаць – ангельскую, нямецкую, фінскую ці іўрыт. Першыя пытанні, якое вы мусіце сабе паставіць: навошта я гэта вучу, як мне яно спатрэбіцца ў будучыні? Па-першае, разуменне мэты – гэта не што іншае, як матывацыя, а яна складае ільвіную долю поспеху ў авалоданні любой справай. Па-другое, мэта дыктуе сродкі яе дасягнення.
Наталля Канстанцінаўна: Так, я цалкам згодна з Ірынай Пятроўнай. Натуральна, калі вы, напрыклад, збіраецеся вандраваць, то маеце права самі нарміраваць, фармаваць сваё валоданне замежнай мовай. Магчыма, вы не збіраецеся весці філасофскія дыскусіі з іншаземцамі, вам дастаткова ведання простых камунікацыйных сітуацый і фраз накшталт “прывітанне”, “як справы?”, “як прайсці да вакзала?”, “колькі гэта каштуе” і г.д. У такім выпадку вы можаце набыць размоўнік і пры наяўнасці часу да паездкі паспрабаваць авалодаць гэтым лексіконам. Ну, а што не паспееце вывучыць загадзя, будеце спасцігаць на месцы, так бы мовіць, метадам спроб і памылак. Іншая справа, калі мова патрэбна вам для вучобы альбо працы за мяжой. Тут ужо не абыдзешся простымі “хэло” і “хау а ю”, прыдзецца інтэнсіўна паправаць, каб мець у слоўнікавым запасе мінімум 10 000 слоў – звычайна ўніверсітэты і кампаніі патрабуюць сертыфікат ведання мовы як мінімум на В2. А здараецца як у вядомай песні: “Люди встречаются, люди влюбляются, женятся”. Калі ваш выбраннік ці выбраніца з Нямеччыны, Брытаніі, Італіі, хутчэй за ўсё, вам прыдзецца дасканала авалодаць іх роднай мовай. Тым больш, калі вы плануеце пераехаць на ПМЖ за мяжу. Мяркую, самы просты спосаб вывучыць мову – закахацца ў яе носьбіта! – смяецца выкладчыца.
– Натуральна, у такой сітуацыі прыйдзецца загаварыць. Наконт матывацыі зразумела. Які наступны крок, каб спазнаць моўныя таямніцы?
Ірына Пятроўна: На мой погляд, гэта выбар правільных дапаможных сродкаў. Важна, каб абраныя вамі вучэбныя метады пакрывалі трэніроўку ўсіх моўных кампетэнцый – пісьма, вуснага маўлення, разумення, чытання, граматыкі, лексікі, вымаўлення. Таму раю сабраць “джэнтльменскі набор”. Сучасны падручнік, які б падаваў існуючыя нормы граматыкі мовы і рэальныя камунікацыйныя сітуацыі, не адарваныя ад культурнага кантэксту краіны. Эфектыўна будзе таксама зарэгістравацца на якім-небудзь сайце, дзе можна паразмаўляць альбо паперапісвацца з носьбітам мовы (напрыклад, Interpals). Вы павінны атачыць сябе іншамоўнай атмасферай – напрыклад, пачынаць свой дзень з праслухоўвання замежнага радыё альбо прагляду навін. Відавочна, спачатку вы будзеце разумець толькі мінімум з пачутага, але ваш мозг будзе прывыкаць да ўспрымання інфармацыі на незнаёмай мове, і з кожным праслухоўваннем вы будзеце адчуваць сябе ўсё больш і больш упэўнена.
Наталля Канстанцінаўна: Гэта ўсё вельмі цудоўна, канешне, але мне здаецца, што нельга цалкам спадзявацца на самаадукацыю. Рэдкі чалавек зможа самастойна з нуля авалодаць замежнай мовай. Мінус такога вывучэння – адсутнасць кантролю. Лічу, што як мінімум на першай пары навічку не абысціся без кампетэнтнага выкладчыка. Займацца тэт-а-тэт ці ў групе? Тут ужо пытанне як і асабістых схільнасцей, так і мажлівасці рашыцца на пэўныя матэрыяльныя выдаткі. Але спецыяліст здолее накіраваць вас на патрэбны шлях, па якому крыху пазней вы зможаце пайсці, не абапіраючыся на яго руку. Магчыма, знаўца падкажа вам і сродкі, з дапамогай якіх вы будзеце займацца самастойна. Яшчэ адна заўвага. Складана дасканала спасцігнуць мову, выкарыстоўваючы толькі адзін з пералічаных мною і Ірынай Пятроўнай сродкаў – падручнік, і нават адзін носьбіт мовы ці выкладчык не дапамогуць вам вывучыць мову ў поўным аб’ёме. У абодвух выпадках веды будуць “сырымі”. Для большай эфектыўнасці вы мусіце працаваць з усім камплектам дапаможнікаў, бо, як ужо заўважыла мая калега, абраныя вамі спосабы павінны развіваць вас усебакова – вучыць гаварыць, пісаць, чытаць, разумець маўленне на слых.
– Тэатр пачынаецца з вешалкі, а мова – з лексікі. На ваш погляд, як пачаць знаёмства са слоўнікавым запасам абранай мовы?
Ірына Пятроўна: Дазвольце спачатку распавесці пра тыповыя памылкі навічкоў у вывучэнні лексікі. Першая – спроба «объять необъятное». Не трэба з самага пачатку замахвацца на аб’ём сто слоў за дзень. Будзе супер, калі вы запомніце дваццаць-дваццаць пяць лексічных адзінак. Менавіта такая колькасць лексікі аптымальная, згодна з думкай большасці дасведчаных лінгвістаў, прытым яны падкрэсліваюць, што мінімум пяць адзінак павінны быць дзеясловамі.
Другая памылка – гэта вывучэнне асобных слоў. На мой погляд, больш эфектыўна запамінаць словазлучэнні. То бок, калі вы запісваеце ў сшытак нейкі дзеяслоў, чаму б адразу ж не далучыць да яго назоўнікі, якія падыходзяць па сэнсе?
Наталля Канстанцінаўна: Цалкам годна з маёй калегай. Што датычыцца, напрыклад, нямецкай мовы, то абавязкова запамінаць лексічную адзінку з усімі яе граматычнымі формамі – назоўнікі патрабуюць артыкля і множнага ліку, а дзеясловы – часавых форм (Präteritum і Partizip zwei). Паверце, пазней вы толькі падзякуеце сабе за такую прадбачлівасць!
Ірына Пятроўна: Наконт запамінання лексікі я прытрымліваюся кансерватыўных поглядаў: мяркую, што няма нічога лепшага, чым стары як свет метад выкарыстоўвання картак. Гэта зручна і даступна – не вымагае вялікіх матэрыяльных выдаткаў плюс вы можаце ўзяць карткі з сабой куды заўгодна і ў любую вольную хвілінку папрацаваць з імі. Пішаце з аднаго боку лістка слова на замежнай, з другога – пераклад на вашу родную мову. Можна запісаць слова адразу з яго склонавымі формамі (калі яны ёсць), сінонімамі, калі гэты дзеяслоў – з часавымі формамі, прыметнік – са ступенямі параўнання.
Наталля Канстанцінаўна: Прыхільнікам сучасных тэхналогій яшчэ прасцей – існуюць так званыя флэш-карткі. Нядрэнна ўвесці лексічную адзінку у электронны слоўнік, напрыклад, Lingvo, і ён адразу выдадзе вам папулярныя варыянты выкарыстоўвання гэтага слова.
А што з вымаўленнем? Як зразумець фанетычныя асаблівасці мовы?
Ірына Пятроўна: Лепш за ўсё, канешне, весці жывую камунікацыю з носьбітам, гэта найхутчэйшы спосаб авалодаць фанетыкай мовы, вы будзеце слухаць правільнае вымаўленне і мімаволі спрабаваць паўтараць яго самі. Але калі такой магчымасці няма, то някепска і проста кіравацца парадамі дыктара, выконваючы розныя фанетычныя практыкаванні.
Наталля Канстанцінаўна: Так, існуе шмат праграм для трэніроўкі вымовы, напрыклад, Tell me more. З яе дапамогай можна вывучаць ангельскую, нямецкую, гішпанскую, італьянскую, французскую і кітайскую мовы. Прапануюцца невялікія дыялогі, спачатку слухаеце іх (праглядаючы тэкставы варыянт), а потым паўтараеце за дыктарам. Калі жадаеце замацаваць набытыя ўменні, то мусіце паўтараць фразы за дыктарам як папугай (смяецца). Няпроста, але вы абавязкова адчуеце вынік!
Так, з фанетыкай разабраліся. Ох, столькі дэталей у авалоданні моўнымі глыбінямі… А што скажаце пра граматыку?
Ірына Пятроўна: Ну, мяркую, у кожнага ёсць нейкія свае схільнасці ў выбары метадаў вывучэння граматыкі. Нехта адразу запамінае граматычныя канструкцыі, прагаворваючы гатовыя фразы, іншы гатовы да пасінення зубрыць склоны, часовыя формы, агулам, граматычныя правілы па падручніку. Мне здаецца, навічкі павінны кіравацца і першым, і другім варыянтам. Канешне, ёсць такое, што трэба проста завучыць як табліцу множання – ужыванне артыкляў (асабліва ў нашай улюбёнай нямецкай мове), прыназоўнікі, спражэнне дзеясловаў. Але шмат і такіх “штучак”, каторыя не патрабуюць слова “зубрыць” – гэтым можна авалодаць, маючы троху ведаў па, так бы мовіць, агульным мовазнаўстве (асабліва, калі вывучаемая замежная мова не першая ў вашым багажы. Задача спрашчаецца, калі вы вучыце роднасныя мовы – напрыклад, нямецкую пасля ангельскай альбо польскую пасля чэшскай) і рэгулярна чытаючы тэксты, слухаючы аўдыёстужкі і гледзячы фільмы.
Наталля Канстанцінаўна: Можна тут таксама карыстацца названым намі вышэй спосабам – карткамі. Пішаце, скажам, дзеяслоў і падаеце ўсе яго часовыя формы, спрагаеце, калі ёсць такая неабходнасць. І, як і лексічныя карткі, праглядаеце іх, прагаворваеце, праз нейкі прамежак часу мяняеце на новыя. Вельмі дзейсны варыянт, было б жаданне і настойлівасць!
Дзякуем вельмі вам, Ірына Пятроўна і Наталля Канстанцінаўна, за цікавую размову і мудрыя парады! Мяркую, яны будуць карысныя нашым чытачам.
Калі ў вас дома жыве кот, то вы ведаеце, што самы вялікі стрэс для яго…
У лістападзе галоўная задача арганізму – дацягнуць да Новага года, пажадана здаровым. Таму што шэрасць,…
Хочаш зрабіць нешта сваё – пайдзі ў дэкрэтны адпачынак. Неўзабаве выхаванне малога дзіцяці нярэдка абуджае…
Цеплыня – бадай што самае падыходзячае слова, калі мы кажам пра гліну. Адразу ўспамінаеш тую…
Штрыхі складаюць вобраз і настрой. На палотнах людзі, якіх мы не ведаем, але нешта заёмае…
Калі вы лічыце, што глядзець фільмы і чытаць кнігі, а потым іх абмяркоўваць – гэта…