Categories: Медыя

Пяць рэчаў, якіх няма ў Беларусі ў выніку таго, што мы ў расійскай інфармацыйнай прасторы

Калі беларуская дзяржава ўжо дабіваецца пэўных поспехаў у пытаннях палітычнай ці вайсковай незалежнасці, то ў плане культуры яшчэ цэлы воз нерэалізаванага. Расійская інфармацыйная прастора ўсё адно застаецца паноўнай на тэрыторыі нашай краіны. Ёсць цэлыя сферы, якія за 25 гадоў незалежнасці так і не пачалі развівацца ўнутры краіны.

Беларускі X-factor

Беларусы штурмуюць украінскі x-factor.

Сёлета, калі быў у Італіі, то час ад часу ўключаў мясцовае тэлебачанне. Самы рэйтынгавы вечаровы час аддадзены італьянскай версіі папулярнага шоу X-factor. Маладыя таленты з усёй краіны прыязджаюць на эфір, каб здзівіць паважанае журы сваімі вакальнымі і іншымі здольнасцямі. Гэта папулярна, бо шанец стаць зоркай мае магчымасць кожны. І гэта не нейкія недасягальныя зоркі, а вашы суседзі з двара ці стрыечны брат.

Падобныя шоу ёсць ва ўсіх нашых суседзяў — Польшчы, Літве, Украіне, Латвіі. Няма толькі ў Беларусі, бо тэлевізійнікі лічаць, што набываць правы на перадачу вельмі дорага, а танней проста рэтрансляваць расійскае. Таму і атрымліваецца, што таленавітыя беларусы могуць дабіцца поспеху толькі ў Маскве, Варшаве ці Кіеве. У выніку Беларусь іх губляе. Яны застаюцца там, дзе дабіліся поспеху, зарабляюць грошы там і плацяць у бюджэт тых краін падаткі.

Рынак часопісаў

Часопіс Geo па-літоўску.

І тут беларусы могуць чытаць толькі расійскае — хай гэта будзе «Плэйбой», GQ ці «Эсквайр». Хай гэта і заходнія выданні, але працуюць там расійскія журналісты і рэдактары, якія і глядзяць на свет з пункту гледжання сваіх інтарэсаў. Я, напрыклад, чытаю нямецкі Geo, летась яго закрылі ў Расіі праз тое, што ўласнікамі выдання не могуць больш быць замежнікі, а новага ўласніка своечасова не знайшлі. Крыўдна было развітвацца з часопісам, а яшчэ больш крыўдна, калі ў шапіках Вільні бачыш свежы Geo па-літоўску. А нас жа не жменька народу, як тых літоўцаў, нас 9,5 мільёнаў. Аднак на гэтым полі беларусы залежаць ад дзівацтваў расійскага рынку. А так уявіце, у свежым нумары Playboy аповесць Васіля Быкава «Пакахай мяне, салдацік», а ў «Касмаполітан» — вершы і аповед пра сямейнае жыццё ад Валярыны Куставай.

НБА ці Прэм’ер-ліга па-беларуску

Навіны НБА можна даведвацца толькі з замежных рэсурсаў.

Ад гэтага сезона (верасня — кастрычніка) тэлеканал «Беларусь-5» цалкам адрокся трансляцый матчаў англійскай Прэм’ер-лігі па футболе і Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Чытаць пра міжнародны спорт ад беларусаў і па-беларуску сёння абсалютна нерэальна. Спартовыя выданні засяроджваюцца выключна на падзеях, што адбываюцца ўнутры краіны, а на топавыя міжнародныя спаборніцтвы выдзяляецца ўсё меней і меней месца. Некаторыя ж увогуле лічаць, што прасцей скарыстацца з матэрыялаў расійскіх журналістаў, тым больш, што іх хапае, а не замарочвацца ўласным кантэнтам. Сітуацыя такая, што на сёння я не магу прачытаць нідзе беларускага агляду матчаў НБА. Магчыма, гэта і не такая важная праблема, як папярэднія, але ёсць і такія фанатыкі, як я, якія хочуць глядзець на Леброна Джэймса і Стэфа Кары беларускімі вачыма, а не праз расійскія акуляры.

Агучка фільмаў

Афіша «Фантастычных істот» Джаан Роўлінг па-ўкраінску.

Заходзіш у інтэрнэце на афішу кіеўскіх кінатэатраў і бачыш, што абсалютная большасць сусветных навінак кіно можна без праблем паглядзець па-ўкраінску. Беларусам застаецца толькі марыць, каб «Доктар Стрэндж» ці «Фантастычныя істоты» Джаан Роўлінг загаварылі па-беларуску. У Беларусі лічаць прасцейшым проста закупляць фільмы ў Маскве ў расійскім дубляжы. Праз гэта здараюцца і не самыя прыемныя моманты. Напрыклад, у Расіі за дзень да паказу знялі галівудскую стужку «Нумар 44», у аснову якой легла гісторыя маньяка Андрэя Чыкацілы. У Беларусі ніякіх забаронаў не было, але кіно не паказалі, бо стужку проста не даслалі з Расіі.

Атрымліваецца, што менавіта ў Маскве вырашаюць, якія фільмы пакажуць, а якія не ў беларускіх кінатэатрах. І зноў жа, ганарары за пераклад ідуць не студыям пры беларускіх тэлеканалах, а ў Маскву.

Пераклады модных пісьменнікаў

Польскі пераклад Мо Яня. Колькі яшчэ чакаць беларусам?

Не, у Беларусі натуральна ёсць цудоўныя перакладчыкі мастацкай літаратуры, але ў асноўным працуюць яны як валанцёры. У вольны ад працы час перакладаюць тое, што цікавае ім, і шукаюць спонсараў, якія могуць дапамагчы ў выданні. Самі выдавецтвы не наймаюць на працу перакладчыкаў. Ніхто не зацікаўлены, каб па-беларуску найхутчэй выйшлі кнігі нобелеўскага лаўрэата Патрыка Мадыяно ці ўладальніка Букера Говарда Джэйкабсана. Калі трапляеш у польскія кнігарні, то проста зайздрасць бярэ ад таго выбару сусветных бэстсэлераў, якія там прадаюцца — ад Умбэрта Эка да Халеда Хасэйні. Радуе таксама дызайнерскае аздабленне кніг, цудоўная паліграфія. Беларусы ж і тут глядзяць, што перакладуць у Расіі і адправяць на продаж сюды. Але спецыфіка перакладаў у Расіі таксама адметная. Напрыклад, праз вельмі антыпуцінскую і антыкамуністычную пазіцыю амаль не перакладаюць папулярную фінскую пісьменніцу Софі Оксанен, і такіх прыкладаў можна набраць нямала.


nn.by

Darya

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago