Усё яшчэ лічыш, што акрамя Святланы Алексіевіч ніводзін беларус ніколі не станавіўся ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі? Але як мінімум 14 вядомых навукоўцаў і палітыкаў, якія атрымалі гэту прэмію, паходзяць зь Беларусі. Сярод іх можна сустрэць такія знаёмыя прозьвішчы, як Рабін, Пэрэс, Сьміт. Хто гэтыя людзі, і чаму пакінулі Беларусь?
На беларускай зямлі нарадзілася больш за дзесятак нобэлеўскіх ляўрэатаў. Сярод іх і палітыкі, і эканамісты, і фізыкі. Ніхто зь іх ня быў беларусам па нацыянальнасьці, але большасьць правяла як мінімум дзяцінства на нашых землях, некаторыя нават скончылі тут сярэднія навучальныя ўстановы.
Амаль усе знакамітыя цяпер навукоўцы зьехалі з краіны ў час альбо пасьля кастрычніцкага перавароту, паступілі ў прэстыжныя навучальныя ўстановы ЗША і дамагліся найвышэйшай ступені прызнаньня ў навуковым сьвеце.
Вы што-небудзь чулі пра Вялікі выбух? А фізык Марцін Льюіс Пэрл, бацькі якога паходзяць з Пружанаў, вельмі нядрэнна ў ім цяміў. Ён нават вынайшаў элемэнтарную часьціцу, якая пацьвердзіла тэорыю стварэньня сусьвету праз Вялікі выбух. Адкуль Сусьвет насамрэч пайшоў, чалавецтва наўрад ці калі-небудзь даведаецца, але вынаходніцтвы Пэрла пакінулі хоць нейкую яснасьць ў гэтым прывабным для мноства пакаленьняў навукоўцаў пытаньні.
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы Сымон Каваль (Сьміт) паходзіць зь Пінску, хаця ў большасьці вядомых энцыкляпэдый і даведнікаў сьцьвярджаецца, што ён у 1901 году нарадзіўся ў Харкаве. Але газэта «Пінскі веснік» «раскапала» сапраўдныя карані вядомага эканаміста, сына гандляра мяхамі Абрама Каваля і яго жонкі Паліны, у дзявоцтве Фрыдман. У 1922 годзе Сымон атрымаў польскае грамадзянства і зьехаў у ЗША. Ужо праз 4 гады ён атрымаў ступень доктара філязофіі і пачаў працаваць у Гарвардзе. Менавіта ён прыдумаў тэрмін «валавы ўнутраны прадукт». Цяпер у гонар Каваля названая пінская агульнаадукацыйная школа «Бэйс-Агарон», а па яго працах змаганьню з крызысам вучацца рэфарматары Паўднёвай Амэрыкі.
Алан Хігер (Віцебск) атрымаў прэмію за адкрыцьцё і разьвіцьцё тэорыі электраправодзячых палімэраў, доўгі час працаваў у Санта-Барбары. Нарадзіўся ён ужо ў ЗША, але бацькі прыехалі зь Віцебску.
Жарэс Алфёраў (Віцебск) бадай самы вядомы ў Беларусі ляўрэат. Дзякуючы яго вынаходніцтвам працуюць фары аўтамабіляў, сьветлафоры, нават абсталяваньне гіпермаркетаў, не кажучы ўжо пра такія банальныя рэчы, як мабільнік і CD-ROM’ы. Акадэмік нарадзіўся ў Віцебску, а пасьля вайны скончыў 42-ую школу Менску. Паступіў у піцерскі ўнівэр, дзе й застаўся. Шмат разоў абіраўся ў ніжэйшую палату парлямэнту Расеі.
Прэмію па хіміі атрымаў у 1982 годзе Аарон Клуг (Зэльва). Цікава, што, напрыклад, Вікіпедыя сьцьвярджае, што яго месца нараджэньня — загадкавая літоўская «Жэльва». Ужо праз два гады ён разам з бацькам пераехаў у Паўднёвую Афрыку. Навуковыя ступені Клуг атрымаў у знакамітым Трыніці каледжы. Зараз навукоўца жыве ў Вялікабрытаніі.
Паходжаньне бацькоў фізыка Шэлдана Лі Глэшоў пакрытае смугой, але дакладна вядома, што яго бацькі былі аднекуль зь беларускіх земляў. У 1979 годзе ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію па фізыцы за дасьледаваньне элемэнтарных часьціцаў. Ён увёў ва ўжытак чацьвёрты, «зачараваны» тып часьціцаў, якія завуць кваркамі.
Прэм’ер-міністар Ізраілю, ураджэнец Брэста Мэнахэм Бэгін атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за 31 год да таго, як яна дасталася Бараку Абаме. У Брэсьце ён скончыў школу, пасьля гімназію, паступіў у Варшаўскі ўнівэрсытэт. Лёс зрабіў зь яго падпольшчыка ў Палестыне, а ў пачатку 70-х ён прыходзіць да ўлады ў нядаўна скончыўшым шасьцідзённую вайну Ізраілі. Былы падпольшчык напераменку становіцца то міратворцам, то галоўнакамандуючым. Прэмію ён атрымаў у 1978 годзе за мірнае пагадненьне з Эгіптам.
Цяпер Шымон Пэрэс прэзыдэнт Ізраілю і найстарэйшы палітык гэтай краіны — за 65 гадоў ён пасьпеў тры разы заняць крэсла прэм’ера, а нядаўна быў абраны прэзыдэнтам. 15 гадоў таму ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за ўдзел у мірных перамовах з палестынцамі. Сямён Перскi (такім было імя і прозьвішча Шымона Пэрэса да эміграцыі ў Палестыну) наведваў сваю радзіму — вёску Вiшнева ў Валожынскім раёне — чатыры разы. Кажуць, лёгка знайшоў месца, дзе стаяла яго хата і калодзеж, што калісьці выкапаў дзед. Але сваякоў прэзыдэнта ў вёсцы больш няма — амаль усё габрэйскае насельніцтва было зьнішчанае ў 1942 годзе.
Іцхак Рабін нарадзіўся ў Іерусаліме ў сям’і ўкраінскага габрэя Няіма Рубіцова і яго жонкі Розы, якая паходзіць з Магілёва. А прэмію ён атрымаў разам з Сямёнам Перскім, таксама за намаганьні па ўсталяваньні міру на Бліжнім Усходзе. Такі вось мір на двух беларусаў (тады лідэр палестынцаў Ясер Арафат таксама падзяліў прэмію, але як мінімум на палову яна была беларуская). Пасьля яго забойства ў час мітынгу ў Тэль-Авіве плошча, дзе адбылася трагедыя, была названая ў гонар аднаго з самых паважаных лідэраў Ізраілю. Біл Клінтан казаў пра яго, што калі б Іцхак Рабін ня быў бы забіты, Ізраіль жыў бы зараз у міры са сваімі суседзямі.
Фрэдэрык Райнэс адзінаццаць гадоў таму атрымаў Нобэлеўскую прэмію за вынаходніцтва такой істотнай для ядзернай фізыкі часьціцы, як нэйтрын. Бацькі Фрэдэрыка так ці інакш паходзілі зь беларускіх земляў. Дасьледчыкі яшчэ спрачаюцца, быў іх радзімай Беласток альбо Пінск.
Леанід Кантаровіч — адзін зь нешматлікіх нобэлеўскіх ляўрэатаў, якія паходзяць зь Беларусі і працавалі ў Савецкім Саюзе. Бацькі навукоўца паходзяць зь Менску і Панямоньня. Хаця і атрымаў ён прэмію па эканоміцы, па адукацыі быў матэматыкам. Кантаровіч быў адным са стваральнікаў лінейнага праграмаваньня — рэчы, безь якой неймаверна ўявіць плянаваньне сучасных вытворчых працэсаў. Цяпер яго распрацоўкі ведае кожны студэнт профільных спэцыяльнасьцяў.
Джэром Айзэк Фрыдман дапамог зьдзейсьніць прарыў у разуменьні матэрыі, бо зьдзейсьніў піянэрскія дасьледаваньні глыбоканяпругкага расьсейваньня электронаў, што пацьвердзіла існаваньне кваркаў.
Яшчэ да пераезду ў Маскву, а пасьля ў Брусэль Ільля Прыгожын пасьпеў скончыць магілёўскую рэальную вучэльню. Атрымаў прэмію за працы па тэрмадынаміцы. Няхай вас не засмучае яго папулярнае сярод славян імя: бацьку фізыка звалі Рувімам, а прозьвішча маці было Віхман.
Рычарда Фэйнмана ўжо пры жыцьці называлі геніем. Удзельнік праекту Манхэтан (распрацоўка першай ядзернай бомбы), фізык паходзіць зь беларускіх губэрняў. Яго інтарэсы не абмяжоўваліся фізыкай: ён займаўся расшыфроўкай іерогліфаў Майя, вывучэньнем музыкі і нават напісаў дзьве кнігі, па матывах якіх быў зьняты фільм. У ЗША праходзілі маршы памяці Рычарда Фэйнмана.
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…