Categories: Адукацыя

Пяць фактаў пра кіраўніка Кампартыі Ігара Карпенку, новага міністра адукацыі

Новым міністрам адукацыі нечакана стаў лідар Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка, які да нядаўняга часу працаваў намеснікам па ідэалогіі старшыні Мінгарвыканкама. «Страшна за дзяцей» — самы залайканы каментар на tut.by з гэтай нагоды.

Узняўся на выхаваўчай працы ў Педуніверы

Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964 у Новакузнецку. Гэта сібірскі горад непадалёку ад Казахстана і Манголіі. Пасля школы Карпенка адслужыў у войску (1982—1984), і толькі тады апынуўся ў Мінску. Будучы міністр скончыў Педуніверсітэт па спецыяльнасці «Гісторыя і замежная мова», у выніку ў гэтай навучальнай установе і застаўся.

З 1989 да 2001 года быў сакратаром камітэта камсамола, начальнікам аддзела выхаваўчай працы ў БДПУ, пасля на пару гадоў стаў начальнікам упраўлення выхаваўчай працы і яшчэ на год — прарэктарам па выхаваўчай працы.

Гісторык Ігар Мельнікаў, які вучыўся ў Педуніверсітэце, узгадвае, што ў тыя часы Карпенка не праяўляў ніякай антыбеларускасці, не прапагандаваў камуністычных ідэалаў ці прарасійскіх поглядаў. Ён узначаліў створаны пры БДПУ паспяховы навучальны цэнтр «Сучасны свет», які прапаноўваў дадатковую платную адукацыю па замежных мовах, а таксама камп’ютарныя курсы.

Карпенка выкладаў «Культуру маўлення» і выглядаў нашмат больш сучасным і еўрапейскім выкладчыкам, чым яго замшэлыя калегі.

Уся кар’ера на плошчы Незалежнасці

У 2004 годзе Карпенка абіраўся ў парламент. Ён балатаваўся па Ясенінскай акрузе як беспартыйны і, паводле афіцыйнай інфармацыі, набраў 52%. Тром ягоным канкурэнтам-апазіцыянерам запісалі па 13—14% кожнаму. У парламенце трэцяга склікання Карпенка ўвайшоў у камісію па ахове здароўя, фізкультуры, справах сям’і і моладзі.

На наступных выбарах Карпенка ўжо прадстаўляў Камуністычную партыю. Афіцыйныя вынікі далі яму 66,5%, а ягонай суперніцы Валянціне Свяцкай ад БНФ (яна супрацьстаяла Карпенку другі раз запар) — 20%. У гэтым скліканні новаспечаны камуніст заняўся міжнароднымі справамі і сувязямі з СНД. Напрыканцы тэрміну ён узначаліў адпаведную камісію.

«Вобразна кажучы, я ўжо не школьнік, каб мне з ПАРЕ пагражалі пальцам, што мы нешта не так робім, — заяўляў ён падчас візіту ў Францыю. — У нас створана працоўная група, якая вывучае пытанне ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне. Рэзалюцыя ПАРЕ толькі наносіць шкоду вырашэнню гэтага пытання. У нас ёсць пэўная грамадзянская і чалавечая годнасць, якая не дазваляе трываць настаўленне з боку».

Педуніверсітэт знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У суседнім будынку працуюць урад і парламент, праз дарогу знаходзіцца Мінгарвыканкам. За 30 гадоў жыцця ў Беларусі Карпенка ні разу не працаваў нідзе, апроч плошчы Незалежнасці!

З выбарчай камісіі ў галоўныя ідэолагі Мінска

Карпенка падчас узнагароджвання скандальнай «Міс-Мінск — 2013»

Падчас прэзідэнцкай кампаніі-2010 Карпенка, які адкрыта заклікаў сваю партыю падтрымаць Лукашэнку, узначаліў Мінскую выбарчую камісію. Ён асабіста прыходзіў на сустрэчы апазіцыйных кандыдатаў з выбарцамі і папярэджваў пра незаконнасць такіх акцый. У выніку Мінская выбарчая камісія зафіксавала, што ў сталіцы за Лукашэнку прагаласавала больш за 67% чалавек. Місія Карпенкі была паспяхова выкананая.

На наступны год камуніст стаў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. У сферу ягонага ўплыву ўвайшлі пытанні ідэалогіі, адукацыі, аховы здароўя, спорту, турызму і сацыяльнай абароны.

Марная барацьба з лацінкай

Чым запомніўся Карпенка на пасадзе галоўнага ідэолага сталіцы, дык гэта барацьбой з беларускай лацінкай у метро. Чыноўнік патрабаваў спыніць транслітарацыю геаграфічных назваў, у тым ліку, напрыклад, станцый метро, з беларускай мовы. Аднак эксперты заўпарціліся і прымусілі Карпенку адступіць, прынамсі часова.

Іншая яго ініцыятыва — прапанова ўвесці адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай вайны. «Магчыма, надышла неабходнасць на заканадаўчым узроўні замацаваць пэўную адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны, паставіць заслон недарэчным выказванням хаця б у памяць пра загінулых і з павагі да ветэранаў», — тлумачыў ён.

«Мы хочам сёння сысці ад перайменавання вуліц, гэты перыяд мы прайшлі ў пачатку 1990-х», — расказваў ён. На пытанне, чаму ў сталіцы няма вуліцы Васіля Быкава, Карпенка адказваў, што ўшанаванне памяці не абавязкова павінна адбывацца праз назвы вуліц: «Я б не драматызаваў гэтую сітуацыю». Затое вуліца Карла Маркса, на яго думку, патрэбная, бо ягоныя працы вывучаюцца ў многіх універсітэтах свету. Ахоўвае ён і скульптуры Леніна: «Помнікі зносяцца для наступнай фальсіфікацыі гісторыі спецыяльна». Больш за тое, на вачах мінчукоў з’яўляліся нават новыя леніны. Згадайма скандал на 7 лістапада, калі помнік выставілі на плошчы перад прахадной МТЗ.

Галоўны камуніст Беларусі

У беларускіх чыноўнікаў не прынята знаходзіцца ў шэрагах палітычных партый. А Карпенка не проста партыец, а яшчэ і сакратар (кіраўнік) пралукашэнкаўскай Камуністычнай партыі Беларусі. Арганізацыю ён узначаліў у 2012 годзе.

«Несумненна, у аснове нашай праграмы ляжыць тэорыя марксізму-ленінізму… Гэта партыя, якая сёння прапагандуе ідэі грамадства сацыяльнай справядлівасці, на мой погляд, мы павінны заняць левы фланг палітычнай дзейнасці ў нас у Беларусі», — заявіў ён пасля абрання.

Сёлета Карпенка лятаў з сяброўскім візітам у… Сірыю. Галоўны камуніст Беларусі сустрэўся з Башарам Асадам і падарыў яму карціну «Дзень перамогі».

Супадзенне ці не, але многія сталічныя школы апошнім часам сталі выпісваць партыйную газету «Камуніст Беларусі». Работнікі адукацыі тлумачаць, што нібыта робяць гэта з уласнай ініцыятывы.

«Поспех падпісной кампаніі заключаецца ў цесным узаемадзеянні Мінгарвыканкама, раённых адміністрацый ды ідэалагічнага актыву з друкаванымі выданнямі, грамадскасцю, працоўнымі калектывамі», — расказваў Карпенка пра распаўсюд дзяржаўных СМІ.

* * * 

Цытаты Ігара Карпенкі
  • Калі казаць пра рэйтынг палітыкаў ХХ стагоддзя, то, безумоўна, першае месца займае Уладзімір Ленін … Краіна, у якой палова насельніцтва не ўмела чытаць і пісаць, у лічаныя гады ператварылася ў самую чытаючую краіну … Менавіта дзякуючы ленінскай нацыянальнай палітыцы з’явіліся такія нацыянальныя дзяржавы як Украіна, Беларусія (менавіта так — «НН»), Фінляндыя і іншыя.
  • Будучыня за сацыялістычнай мадэллю. Гэта пацвярджае і сацыялістычны выбар Кітая, В’етнама, Кубы і шэрагу іншых краін Лацінскай Амерыкі.
  • Пад саюз Расіі і Беларусі закладзена ліберальная міна.
  • Ельцынска-пуцінская Расія — гэта дзяржава рэстаўрацыі капіталізму.

nn.by

Darya

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago