Шмат для каго, хто прыязджае ў Швецыю, адным з самых галоўных сюрпрызаў з’яўляецца той факт, што новапрыбыўшых імгрантаў вучаць мове – бескаштоўна ды эфектыўна. Маючы досвед навучання па самых лепшых моўных праграмах, мне нават падаецца, што ў Швецыі вучаць лепей, чым ва ўніверсітэтах Лігі Плюшча.
Варыянтаў навучання існуе шмат: калі ты студэнт, мову можна вучыць ва ўніверсітэце, муніцыпальным Народным Універсітэце (Folkets Universitet), ці самы папулярны варыянт – у SFI Swedish for Immigrants.
Бескаштоўнае навучанне
Для таго, каб пачаць курсы, патрэбна мець рэгістрацыю ў муніцыпалітэце – нешта накшталт беларускай прапіскі, а таксама прайсці сумоўе. На сумоўі вызначаць узровень адукацыі, прыстасаванасць да акадэмічнага асяроддзя, веданне іншых моваў. У залежнасці ад сукупнасці фактараў накіроўваюць у адну з групаў – ад А да D. Такім чынам атрымоўваецца, што навучальныя групы дастаткова падобныя па акадэмічным узроўні, а таксама па схільнасці да вывучэння моваў. Але пры гэтым, навучаць нават тых, хто не ўмее пісаць ці чытаць ні на адной мове – проста на гэта будзе патрэбна больш часу.
Усе курсы бескаштоўныя, спансуюцца муніцыпалітэтам, то бок адбываюцца за дзяржаўны кошт. Усё гэта робіцца для таго, каб забяспечыць інтэграцыю імігрантаў, прычым абсалютна рознай ступені: ад высокакфаліфікаванага ІТ-персаналу да ўцекачоў і непісьменных людзей. Навучанне адбываецца ў розных моўных школах па ўсім горадзе, і такім чынам ты заўсёды будзеш займацца блізка ад дому, што вельмі зручна.
Ці на шведскай, ці ніяк!
Курсы структураваны вельмі інтэнсіўным чынам – заняткі пачынаюцца з двух дзён ўводзінаў, але з самай першай хвіліны ўсё навучанне адбываецца толькі на шведскай мове. Калі ты вучыў крыху мовы самастойна – цябе накіроўваюць адразу ў больш прасунутую групу, усе іншыя атрымоўваюць своеасаблівы crash-course шведскай літаральна за два тыдні. Заняткі адбываюцца кожны дзень па тры гадзіны, ад панядзелка да чацвера. Наведвальнасць неабавязковая, так як не абавязкова прыходзіць у час ці сядзець усе тры гадзіны. Увесь працэс разлічаны на дарослых людзей, якія разумеюць, навошта яны вучацца, і якія вынікі хочуць атрымаць.
Моўны канвеер
Пасля курса ўводзінаў у залежнасці ад індывідуальных поспехаў перанакіроўваюць у больш прасунутую группу. Адметная рыса навучання – заняткі з фіксаваным выкладчыкам і групай адбываюцца два разы на тыдзень, а іншыя два дні ты сам можаш выбраць “станцыю.” Станцыі – гэта больш вузкаспецыялізаваныя групы, якія ў дадзены дзень спецыялізуюцца ці на пісьме, ці на размоўнай шведскай, ці на граматыцы альбо ў напісанні тэкстаў. Гэта робіцца адпаведна раздзелам у дзяржаўным іспыце, праз які вызначаюць твой узровень, і такім чынам кожны студэнт можа выбіраць, якую з моўных галінаў яму варта “падцягнуць”.
Менавіта спалучэнне ўсіх аспектаў вывучэння мовы робіць такія заняткі вельмі эфектыўнымі. Кожны тыдзень разглядаецца нейкая адна больш вялікая тэма, але праз вельмі розныя тыпы навучання вы слухаеце, пішаце, чытаеце ды пераказваеце тэсты, ствараеце дыялогі ды гуляецеся ў гульні. Такім чынам, закранаюцца ўсе аспекты моўнага научання на вельмі розных узроўнях, што вельмі дапамагае зразумець, як мова працуе ў паўсядзённым кантэксце.
Гаджэты
Разлічваючы на дарослых людзей, навучанне пабудаванае не праз забарону тэлефонаў і гаджэтаў, як часта здараецца ў больш традыцыйных навучальных установах, а зусім наадварот. Студэнты мусяць карыстацца анлайн слоўнікамі, калі не ведаюць нейкае слова, замест таго каб запытвацца ў выкладчыка: гэта сваеасаблівы падыход learning by doing. Таксама на занятках вельмі часта выкарыстоўваюцца айпады ды персанальныя кампутары, якія дае школа — каб глядзець відэа, навіны, разабрацца з актуальнымі тэкстамі. Нагадаю, усё гэта адбываецца за кошт муніцыпалітэта.
Ад супрацы да бізнэсу
Нягледзячы на тое, што групы дастаткова вялікія і не маюць фіксаванага складу, працэс навучання заўсёды адбываецца ці ў пары, ці ў больш вялікай групе. Гэта вельмі дапамагае на самым пачатку, калі твой партнёр можа дапамагчы і патлумачыць рэчы, якія ты пакуль што не зусім разумееш. Амаль што ўсе практыкаванні і адказы спачатку абмяркоўваюцца ў группе, а толькі пазней правяраюцца. Што адметна, абмеркаванне таксама павінна адбывацца на шведскай мове, як і ўсе пытанні, якія задаюцца выкладчыку. Пазней з досведам ужо ты пачынаеш дапамагаць іншым, і гэта таксама спрыяе больш глыбокаму разуменню і дапамагае запамінаць лепей.
Праца ў групе таксама дапамагае пазнаёміцца з вельмі рознымі цікавымі людзьмі з усяго свету, кожны з якіх мае сваю гісторыю. Гэта спрыяе як персанальным, так і прафесійным кантактам, і ў кожнай моўнай школе ёсць шэраг success stories, дзе студэнты не толькі сябравалі, але і адкрывалі паспяховы бізнэс разам, уладкоўваліся на працу ці браліся шлюбам.
Такім чынам, выдатнае моўнае навучанне не павінна быць дарагім. Яно павінна быць вельмі інтэнсіўным, адразу адбывацца толькі на мове навучання, павінна ахопліваць розныя моўныя аспекты, а таксама знаходзіць ужыванне ў паўсядзённым кантэксце. Студэнты ў сваю чаргу павінны разумець, навошта яны вучацца, як хутка і якіх вынікаў хочуць дасягнуць.
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…