
Гэтай вясной грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) ладзіць у гарадах Гомельскай і Брэсцкай абласцей Школы бёрдвочара – бясплатныя курсы, якія пазнаёмяць самых цікаўных з сотняй відаў птушак.
Бёрдвочар – гэта той, хто любіць назіраць за птушкамі ў дзікай прыродзе. Бёрдвочынг ужо даўно зрабіўся адным з самых папулярных хобі ў многіх краінах.
Вельмі цікава адкрываць для сябе новыя віды птушак, сачыць за іх паводзінамі і атрымліваць асалоду ад назірання за імі – і рабіць гэта можна нават у гарадах. Толькі ў Мінску можна пабачыць каля 200 відаў птушак!
Хочаш даведацца, якія птушкі пяюць у кустах, ці баліць у дзятла галава, якая сава носіць штаны, а якія птушкі маюць зачосы? Запісвайся ў Школу бёрдвочара ў сваім горадзе – і хутка ты ўбачыш, як многа самых розных птушак вакол цябе.
Брэст, Кобрын, Камянец, Баранавічы, Бяроза, Пружаны, Гомель, Тураў і Мазыр чакаюць сваіх вучняў-птушкароў!
Заяўкі прымаюцца ад людзей з 18 гадоў, незалежна ад адукацыі і прафесіі.
Школа складаецца з васьмі заняткаў у класе і двух практычных птушыных экскурсій, якія пройдуць у выходныя.
Кожны выпускнік Школы бёрдвочара атрымае вызначальнік птушак.
Каб запісацца ў Школу, абяры горад з пералічаных вышэй, раскажы, чаму табе цікава ўдзельнічаць і дашлі свае кантакты на электронны адрас [email protected].
Школы пачнуць заняткі ў сакавіку-красавіку. Запісацца пажадана на працягу лютага: колькасць месцаў абмежаваная. Заняткі бясплатныя.
Назіранні за птушкамі – гэта збліжэнне з прыродай,якое дорыць радасць і здароўе. Далучайся да ініцыятывы – і будзь здаровы разам з птушкамі!
Даведка: Школа бёрдвочара ладзіцца ў межах ініцыятывы «Будзь здаровы з птушкамі!», якую АПБ правядзе сёлета ў 10 раённых цэнтрах Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» («БЕЛМЕД»), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.