
У лютым 2018 года прайшоў яшчэ адзін летнік, а дакладней зімнік, ці «Тыдзень асабістай эфектыўнасці». Мерапрыемства арганізавана Агенцтвам рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”.
Ізноў берасцейская моладзь, прынамсі яе частка, сабралася, каб навучыцца жыць «без мамкі». Для ўдзельнікаў арганізатары падабралі лепшых спікераў, прафесіяналаў сваёй справы, каб тыя падзяліліся досведам і такімі неабходнымі для жыцця ведамі, як кіраваць часам і вызначаць сваю мэту, як танна вандраваць, як можна з карысцю праводзіць час, далучыўшыся да НДА, як і дзе шукаць дадатковы заробак і скласці ўдалае рэзюмэ, як добра падгатаваць і весці публічнае выступленне і многа іншага.
На працягу цэлых 6 дзён удзельнікі з задавальненнем ужывалі новыя карысныя веды. Заняткі праходзілі ў фармаце трэнінг, то бок можна было адразу скарыстацца атрыманымі ведамі на практыцы.
У першы дзень Юлія Чыпурных расказвала пра тое, як патрэбна ставіць мэты, каб дасягаць іх. Удзельнікі вельмі натхніліся, і вызначылі свае галоўныя мэты, а таксама асноўныя задачы, якія дапамогуць дасягнуць іх.
На другі дзень пра падарожжы прыехаў распавядаць Аляксандр Гойшык – журналіст, вольны падарожнік з 14-гадовым стажам, які аб’ездзіў некалькі разоў усю Еўропу і ледзьве не ўсю Азію. Аляксандр шчодра падзяліўся сваім досведам вандравання, распавёў пра тое, якія ёсць сайты для хуткага пошуку танных квіткоў на транспарт, дзе лепш шукаць таннае або нават без каштоўнае жыллё, як камунікаваць з людзьмі ў падарожжы і нават пра тое, дзе ўзяць грошы ў падарожжы. Сярод удзельнікаў былі таксама тыя, у каго ёсць досвед у гэтай тэме, яны з задавальненнем расказалі свае цікавыя гісторыі.
На наступны дзень прыехаў Уладзь Булаўскі – каардынатар «Будзьма беларусамі!» па Віцебскім рэгіёне і адзін з тых, хто актыўна развівае культурніцкую прастору «vitebsk4me». Уладзь распавёў удзельнікам пра НДА, і як з іх дапамогай можна адначасова з карысцю для сябе і грамадства бавіць час. Ён правёў гульню, у якой удзельнікі маглі вызначыць, чым бы яны хацелі займацца, якія ідэі рэалізоўваць падчас біржы ідэй. А таксама ўдзельнікі даведаліся пра розныя беларускія НДА, чым яны займаюцца, і як ім можна дапамагаць.
Чацьвёрты дзень з удзельнікамі правяла Лана Руднік – трэнер з вялікім стажам, дырэктар установы «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» і кіраўніца праграмы «Універсітэт Залатога Веку» у Гародні. Яна распавяла пра тое, як паспяхова кіраваць сваім часам, агучыла многа «фішак» і спосабаў кіравання часам, давала практычныя заданні. У правядзенні такіх заняткаў у Ланы вялікі досвед, таму ўдзельнікам было асабліва цікава.
На пяты дзень прыехала спікер Ірына Волкава, якая правяла вельмі насычаныя інфармацыяй пра пошук працы заняткі. Яна распавяла пра шляхі пошуку працы, а таксама спосабы атрымання вопыту працы, распавяла пра тое як скласці ўдалае рэзюмэ і якія памылкі найбольш распаўсюджаныя. Удзельнікі камандах склалі рэзюмэ працаўніка і разабралі свае памылкі.
Ну, і ў апошні дзень прыехаў доўгачаканы Аляксей Бурносенка – спецыяліст па майстэрству прэзентацыі і публічных выступленняў, бізнес-трэнер, спікер-коуч менскага TEDx. Ён распавёў самыя асновы ў майстэрстве публічных выступленняў: поза спікера, хуткасць размовы, жэсты, зрокавы кантакт з аўдыторыяй, як утрымліваць увагу, як пераадолець хваляванне. Паказаў многа прыкладаў. А таксама ўдзельнікі паспрабавалі сябе ў якасці аратараў, правялі свае невялічкія выступленні перад астатнімі і разам з Аляксеем разабралі свае памылкі.
А ўвечары Аляксей яшчэ правёў майстар-клас па сярэднявечным танцам. Было цікава, а час праляцеў вельмі хутка.
На працягу тыдня ўдзельнікі не толькі вучыліся нечаму новаму, але і знаёміліся паміж сабой, «прыціраліся», усталёўвалі зносіны, знаходзілі новых сяброў, атрымлівалі новы досвед у камунікацыі, карацей вучыліся жыць «без мамкі», а таксама добра адпачывалі на прыродзе.
А вось што гавораць самі ўдзельнікі пра зімнік.
Ася: «Эта была крутая и продуктивная неделя. На семинарах узнала большое количество полезной информации.Досуг был организован прекрасно, мы играли, пели,смотрели фильмы.
Но больше всего меня впечатлило то, что к каждому был применён индивидуальный подход.Если ты не употребляешь мясные продукты, вот тебе овощи, не переносимость лактозы – пей компот) Это очень круто, что учитываются индивидуальные особенности человека)
Действительно очень здорово, что находится такие люди, которые организовывают подобные поездки и семинары))»Аня:» Хачу падзяліцца невялікай падзеяй у жыцці студэнтаў Беларусі. Неаднаразова грамадскае аб’яднанне «Дзедзіч» праводзіла летнія адукацыйныя выязныя семінары. А ў гэтым годзе мне пашчасціла наведаць «Зімнік», які шоў цэлы тыдзень. Для яго правядзення Брэсцкае абʼяднанне выбрала дом-асабняк 30-ых гадоў у вёсцы Залессе Камянецкага раёна, падрыхтаваўшы яго ў належны стан. І вось у гэтай вёсцы амаль на беларуска-польскай мяжы студэнты 1-3 курсаў беларускіх ВНУ вучыліся жыць «без мамкі».
Мэта адукацыйных аднатыднёвых курсаў – навучыць большай самастойнасці, эфектыўна мысленню, мэтанакіраванасці, прыкладным ведаў у розных галінах, прыдатных для ўжывання ў рэалізацыі амбіцыйных планаў у далейшым самастойным жыцці. Тэмы навучання распісаны па днях.📑 Займаліся з раніцы да вечара з перапынкамі на прыём ежы. Адразу ж усталяваліся цёплыя і прыемныя адносіны ў калектыве. У кожнага студэнта свой талент – хтосьці песні пад гітару спявае – заслухаешся, другі спрытна коле дровы, трэці добра вогнішча распальвае. А ўвечары слухалі класічныя грамзапісы з рарытэтнага прайгравальніка дырэктара грамадскага абʼяднання Дзмітрыя Шыманскага.
Дзякуй, Залессе! Шчасліва вам, мае новыя сябры! Шчыры дзякуй кухару, а таксама нашым цярплівым куратарам Наталлі і Алене, сапраўднаму гаспадару Міхаілу, дзякуючы якому ў нашым доміку было цёпла і светла і нашым паважаным трэнерам, якія адкрылі нам шмат цікавага! Да новай сустрэчы з вамі ў любы час года!».
Больш фота тут.