
Уладзіслаў Галубок сваю акцёрскую, рэжысёрскую і драматургічную дзейнасць пачынаў пад крылом Фларыяна Ждановіча. Прытым арганізаваў свой уласны тэатральны калектыў – Трупу беларускіх артыстаў пад загадам Галубка і павёў яго шляхам самабытнага фальклорна-народнага мастацтва, упісаўшы надзвычай яркія старонкі ў гісторыю беларускай тэатральнай сцэны.
Уладзіслаў Галубок
Уладзіслаў Галубок (сапраўднае прозвішча Голуб або Голубеў) нарадзіўся 3 (15) мая 1882 года на чыгуначнай станцыі Лясная (у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, за 25 кіламетраў ад Баранавічаў у бок Брэста), у сям”і чыгуначніка.
Уладзіслаў быў першанцам Аліны Рэвут і Іосіфа Голуба, радавод якога ішоў з Барысаўшчыны. Тамаш Голуб, дзед Уладзіслава, разам ca сваімі братамі прымаў удзел у паўстанні 1863 – 64 гг. Для ўдзелу ў паўстанні яны выправіліся з вёскі Неманіца, але назад ніхто сюды не вярнуўся. Хаваючыся ад пераследу жандараў Мураўёва, разляцеліся Голубы ў розныя куткі.
Неўзабаве пасля нараджэння Уладзіслава сям’я пераехала на сталае жыхарства ў Мінск. Бацька працаваў памочнікам машыніста паравоза, пазней – слесарам паравознага дэпо, сям’я мела пэўны дастатак.
Уладзіслаў скончыў царкоўна-прыходскую школу і два класы Мінскага гарадскога вучылішча. Атрымаць больш грунтоўную адукацыю не ўдалося. У Мінску ён пачаў вучыцца музыцы і жывапісу. У той час у Мінску не было мастацкай школы, таму ён за пяць рублёў у месяц паступіў у навучанне да мінскага мастака Пракоф’ева.
У хуткім часе Уладзіслаў звярнуў на сябе ўвагу мінскіх мастакоў Сухоўскага і Ярэменкі, якiя запрасілі яго ў свае майстэрні і дапамаглі авалодаць мастацтвам жывапісу. Працуючы на чыгунцы, ён скарыстоўваў бясплатны праезд для наведвання мастацкіх выставак у Маскве і Пецярбургу.
У тыя ж гады Уладзіслаў захапіўся музыкай: навучыўся ігры на барытоне і трамбоне і доўгі час удзельнічаў у аркестры Мінскага добраахвотнага таварыства пажарнікаў. Пазней навучыўся ігры на гармоніку.
Але ж не толькі ў гэтых разнастайных галінах мастацтва У. Галубка. З маладых гадоў ён быў блізка знаёмы з вядомым у той час беларускім паэтам-гумарыстам Альбертам Паўловічам (1875–1951), які працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Ён прывіў хлопцу любоў да беларускага мастацкага слова.
З 1906 года (з 24 гадоў) Уладзіслаў пачаў пісаць вершы, апавяданні, апрацоўваў народныя казкі, легенды, паданні. З 1908 году малады літаратар супрацоўнічаў з беларускамоўнымі газетамі «Наша Ніва», «Маладая Беларусь» і іншымі. У Пецярбургу ў 1913 годзе быў надрукаваны яго зборнік «Апавяданні».
У 1917–1920 гадах У. Галубок – акцёр і рэжысёр «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі». У 1920 годзе стварыў і ўзначаліў уласны тэатр, які быў названы «Трупай Галубка». У задачу яго ўваходзіла мастацкае абслугоўванне сельскага гледача ва ўсіх раёнах БССР. Пазней ён быў названы Беларускі вандроўны тэатр (1926–1932 гг.), а ў 1932 годзе пераўтвораны ў Трэці беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-III; 1932–1937 гг.).
Газета «Савецкая Беларусь» паведамляла, што толькі за адзін 1922 год трупа Галубка паказала сельскаму гледачу ў розных кутках Беларусі 122 спектаклі па драмах «Былое», «Акрываўлены падатак», «Вар”янт», «Душагуб», «За мураванай сцяной», «На курорце», «Мужычае шчасце», «Завяўшыя кветкі», «Фанатык», «Ганка», «Бязродны», «Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў», па камедыях «Двужэнцы», «Патэнтавы кум», «Жаніхі», «Суд», «Культурная цёшча», «Дарагія госці», «Пісаравы імяніны», «Ліхадзеі».
Гэта была цяжкая і адказная праца – паставіць 21 п’есу на сцэне за год. Трэба яшчэ мець на ўвазе, што Галубок кожную з іх пры пастаноўцы істотна дапрацоўваў, перапрацоўваў, дапаўняў ці скарачаў. Усяго ж ён напісаў 40 драм і камедый на побытовыя, гістарычныя, гісторыка-рэвалюцыйныя тэмы, якія паспяхова ставіліся ў беларускіх тэатрах.
У. Галубок быў яркім выканаўцам драматычных і характарных роляў. Ён сыграў на сцэне праўдзіва і пераканаўча шэраг станоўчых вобразаў: Авечка, Гарбуз, вартаўнік у п’есе «Суд», Васіль ў п’есе «Ганка», Віцька ў п’есе «Пан Сурынта» і шмат іншых.
Майстэрства характарыстыкі сродкамі драматычнага дзеяння і мовы праявіў У. Галубок і ў адлюстраванні адмоўных персанажаў – пісар, дзяк, ураднікі ў п’есе «Пісаравы імяніны», палкоўнік і пані Пясецкая ў п’есе «Ганка», стражнік Панцялей Качэргін у п’есе «Бязродны». Каронным нумарам у выкананні Галубка ролі пана Сурынты была сцэна смерці героя. У акцёра Б. Бусла, па п’есе – праціўніка Сурынты, бліснула лязо сапраўднага нажа, занесенага над панам. Удар! Сурынта схапіўся за сэрца, пaxiснуўся і ўсе гледачы ўбачылі, як праз яго пальцы цячэ кроў, расплываючыся чырвонай плямай на белай кашулі. У зале крыкі, ледзь не страта прытомнасці – забілі чалавека!
У выніку – адмоўныя адносіны да станоўчага героя, але забойцы, i гром апладысментаў Галубку – пану Сурынту. Усе ў зале рады, што ён жывы. Вось такія вынікі натуралізму ігры на сцэне. Галубок сам раскрыў сакрэт свайго крывавага эфекту – ён падвязваў пад кашулю мяшэчак з журавінамі.
На сцэне былі сапраўдныя яешні з двух дзясяткаў яек, сапраўдны ўкраінскі боршч, катлеты з гарачай бульбай і кіслым малаком, якія «з пылу жару» падаваліся на сцэну па ходу спектакля. Той час быў галодны i кожны акцёр не прамінаў шчаслівага выпадку паесці – смачна і з апетытам. I тут ужо не было справы да тэксту і рэплік i да ідэі п’есы. Усе елі вельмі натуральна, з азартам, як у жыцці.
Шырокае прызнанне i высокую ацэнку грамадскасці атрымалі вядомыя акцёры тэатра У. Галубка – А. Бараноўскі, А. Блажэвіч, Б. Бусел, К. Быліч, В. Вазнясенскі, У. Дзядзюшка, А. Згіроўскі, А. Качынская, I. Крыцкі, З. Лідская, К. Мартыненка, У. Несцяровіч, Т. Шашалевіч і тыя, хто прыйшоў у тэатр пазней – А. Гарэлаў, Г. Свярчынскі, С. Бірыла, Л. Шынко і іншыя.
Варта працытаваць тэкст з успамінаў пра Галубка «Першы народны» актрысы БДТ-III Таццяны Шашалевіч, якая шмат гадоў працавала ў Вандроўным тэатры:
Сустрэў мяне Уладзіслаў Іосіфавіч як дырэктар вельмі цёпла і добразычліва. Патрабавальны да сябе і іншых, клапатлівы і нястомны, сваёю дабратой, увагай, любоўю і чуласцю да чалавека ён ствараў добрую атмасферу ў калектыве і самыя спрыяльныя ўмовы для работы. Вось Галубок – руплівы і дбайны гаспадар – не пакіне тэатр, пакуль не агледзіць усе куточкі ў ім, не пераканаецца, што ўсё ў парадку. А раніцай яго першага сустрэнеш у тэатры.
Вось Галубок – дэкаратар. Колькі разоў ён выручаў тэатр у паездках. Прыязджаем – сцэна пустая, як кажуць, «ні шмоткі». Сказаўшы: «Я зараз…» – знікае. Праз пэўны час зяўляецца з нейкімі скруткамі. Аказваецца, недзе выпрасіў палатно, фарбы і, закасаўшы рукавы, садзіцца пісаць. Піша да самай раніцы. Дэкарацыі гатовы. Спектакль праходзіць нармальна. Пасля спектакля прыбіраюцца лаўкі, Галубок расцягвае мяхі свайго гармоніка (ён выдатна іграў), а хлопцы і дзяўчаты ўжо адтанцоўваюць польку-трасуху.
Ад”язджаючы, абавязкова пакідаў надпіс: «Тут быў Галубок з галубянятамі». Да калектыву ён ставіўся клапатліва. Такі прыклад. Скончыўся тэатральны сезон. Трэба адпраўляць людзей у адпачынак. У адных пуцёўкі на руках, другія спяшаюцца да сваіх семяў, а грошай няма, не перавёў банк. Але і тут Галубок знаходзіць выйсце. Заручаецца гарантыяй банка, грошы пераводзяць у ашчадную касу, угаворвае выдаць кожнаму працаўніку тэатра акрэдытыў і адпускае ўсіх, хто куды хоча, ведаючы, што кожны атрымае свае грошы нават у самай маленькай ашчаднай касе, дзе яна ёсць. Так па-сапраўднаму клапаціўся ён аб людзях.
Заўсёды ў добрым настроі, падцягнуты, добразычлівы, заўсёды гатовы дапамагчы ў цяжкую хвіліну. Вось яшчэ прыклад. У мяне сур”ёзна захварэў сын. Увечары адказны спектакль. Дзіця не было з кім пакінуць. Уладзіслаў Іосіфавіч неадкладна звязваецца з бальніцай, i адтуль прысылаюць медсястру, якая дзяжурыла, пакуль я не прыйшла ca спектакля. А ў час спектакля неаднаразова пасылаў дамоў даведацца пра стаи дзіцяці. Рэдкая чалавечнасць i чуласць!
Звесткі, як кажуць, з першых вуснаў.
У. Галубок заўсёды меў падтрымку з боку беларускіх пісьменнікаў. Нейкі час у яго трупе працавалі літаратары В. Сташэўскі, М. Чарот, А. Дудар, I. Барашка. Значны ўклад у павышэнне акцёрскай адукацыі ўнеслі вядомыя дзеячы культуры: кампазітар Яўген Цікоцкі, Рыгор Пукст, мастакі Аскар Марыкс, Заір Азгур і іншыя.
У 1931 годзе ў Мінску быў створаны Тэатр юнага гледача БССР імя Н.К. Крупскай. Яго мастацкім кіраўніком стаў М. Кавязін, які прайшоў добрую практыку ў буйнейшых рэжысёраў таго часу – А. Бранцава, Е. Міровіча і У. Галубка.
На Беларусі ў пачатку 20-х гадоў былі вандроўныя трупы Другога і Трэцяга паказальных тэатраў, якія ставілі спектаклі на рускай мове, Вандроўны яўрэйскі тэатр, які ставіў спекатаклі на ідыш, але па папулярнасці не адзін з іх не мог зраўняцца з вандроўным тэатрам Галубка. Усе тэатры і ўсе артысты зайздросцілі «Галубянятам».
У Беларусі ніколі не зводзіліся праціўнікі адраджэння яе гісторыі, культуры, мастацтва і стане нам зразумелым, чаму ў адрас трупы Галубка прыходзілі абвінавачанні рознага кірунку: у патуранні густам гледачоў, аднастайнасці рэпертуару, адсутнасці прафесійнага мастацтва. Потым пачаліся папрокі Галубку за нацыяналізм, у чым яго і абвінавацілі.
Але першае пасля рэвалюцыі 10-годдзе было спакойным, махавікі рэпрэсій у дачыненні да беларускіх дзеячаў культуры яшчэ не круціліся, не было амаль ніякай агрэсіі супраць іх.
Беларускія камуністычныя ўлады у часы беларусізацыі адносіліся да Уладзіслава Галубка лаяльна, бо гэтак жа адносіўся да ўлады і сам Галубок. Нездарма яго ў той час празвалі «вандроўным трыбунам», агітатарам за савецкую ўладу, за сацыялістычны лад. Галубка так празвалі таму, што ён у беларускай глыбінцы, куды не хацелі ехаць савецкія чынушы, перад пачаткам кожнага спектакля звычайна праводзіў гутаркі (правобраз палітінфармацый), тлумачыў сялянам палітыку савецкай улады ў галіне культуры. Яна супадала тады з творчай праграмай яго тэатральнага калектыву: асвятліць розум і душу працоўнага селяніна-беларуса, разбудзіць яго творчыя сілы, выхаваць усвядомленае пачуццё патрыятызму.
У сродках масавай інфармацыі дзейнасць вандроўнага тэатра Галубка ацэньвалася вельмі высока такімі выдатнымі спецыялістамі як Аляксандар Вазнясенскі (1888–1966), Міхаіл Піятуховіч (1891–1937) і некаторымі іншымі. А. Вазнясенскі знаходзіў у дзейнасці тэатра Галубка шмат тыпалагічных падабенстваў да славутага тэатра «Глобус» Уільяма Шэкспіра.
Уладзіслаў Галубок вельмі уважліва сачыў за публікацыямі пра свой тэатр, балюча ўспрымаў і перажываў крытыку тэатра і яго пастаноўкі спектакляў. Але ж сур’езныя прэтэнзіі грамадскасці да Галубка як драматурга – аднастайнасць, прымітыўнасць, паспешнасць у працы – ён ўспрымаў як намер збіць яго з толку, «прызнанага» i народнага.
Але ж з 1929 году пачаліся паслядоўныя наступы на тэатр Галубка, усялякія прыдзіркі – не той рэпертуар, не тыя артысты, няма тэм пра класавую барацьбу, пра будаўніцва новага ладу ў БССР.
У той час стала знакамітай у тэатральных колах рэпліка Галубка на «упрек в обилии смертей» у яго меладрамах: «Мяне празвалі душагубам беларускай сцэны, а вось у Шэкспіра ў «Гамлеце» аж пяць смерцяў, але ж яго не называюць душагубам».
Між іншым, Галубок толькі ў 1923 годзе ў Маскве ўпершыню пазнаёміўся з драматычнымі творамі У. Шэкспіра і даў ім своеасаблівую ацэнку: «Таксама нішто сабе пісаў хлопец!»
Не разумеючы да канца барацьбы за «новае», Галубок адказаў на крытыку адной з яго п’ес прытчай пра чалавека, які нясе людзям багацці, «сокровища» і зграю ваўкоў, якія напалі на гэтага чалавека.
Уладам не падабалася, што вандроўкі Вандроўнага тэатра знаходзяцца без нагляду НКУС БССР, іх цяжка трымаць пад пільным вокам адпаведных органаў, асабліва калі ў краіне «абвастрылася класавая барацьба» (а на самой справе Сталін распачаў вайну з народам). Тым больш, што перад кожным спектаклем спадар Уладзіслаў выступаў з бліскучымі пазнавальнымі лекцыямі па гісторыі, літаратуры, культуры. А што ён расказваў слухачам i пра што расказваў? Не паставіць жа да кожнага дакладчыка свайго інфарматара ці наглядчыка – «зоркий глаз».
Менавіта таму у 1932 годзе тэатр Галубка зрабілі аседлым, так бы мовіць «посадили на якорь», і загадалі як мага хутчэй ўвесці ў рэпертуар песы пра класавае змаганне ў Беларусі ў перыяд пабудовы новага сацыялістычнага ладу. Так з’явіўся на свет знакаміты БДТ-III. Цікава тое, што гэты тэатр атрымаў сталую базу не ў Мінску, а ў Гомелі.
Алеся Дудара – выдатнага беларускага паэта – арыштавалі ў 1928 годзе за яго славуты верш «Пасеклі край наш папалам». Гэты верш, адзін з найлепшых у творчасці Дудара, гучыць надзіва сучасна i сёння:
Пасеклі край наш папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласки
Вось гэта – вам, а гэта – нам,
Няма сумлення ў душах рабскіх…
Ня смеем нават гаварыць
I думаць без крамлёўскай візы…
О, ганьба, ганьба! У нашы дні
Такі разлом, туга такая!
I баюць байкі баюны
Северо-Западного края…
Плююць на сонца i на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым…
Акрамя верша, прыпомнілі яму і ўдзел у тэатральнай трупе тэатра Галубка. А за свой верш Алесь Дудар заплаціў жыццём. Каты забілі яго 29 кастрычніка 1937 года, калі яму было ўсяго 33 гады.
У 1931 годзе ўлады прызначылі мастацкім кіраўніком Вандроўнага тэатра К. Саннікава, а Уладзіслаў Галубок стаў дырэктарам. У 1932 годзе тэатр атрымаў новую назву – Беларускі драматычны тэатр – ІІІ i ўласны будынак у Гомелі. З гэтага часу ўсё ў тэатры стала мець такую ж саліднасць, што і ў іншых тэатрах: свой рэжысёр, свой мастак, свой памочнік рэжысёра, тэатральная касцюмерная, бутафорная майстэрня, электрыкі, грымёры, цырульнікі, рабочыя сцэны i іншыя супрацоўнікі, якія забяспечвалі працу тэатра. Штат работнікаў БДТ-ІІІ значна пашырыўся.
Адначасова адбыліся кардынальныя змены творчага кірунку. У тэатры павысілася пастановачная культура спектакляў, прафесійны ўзровень калектыву, але ж без уліку беларускіх народных традыцый. У выніку гэтых пературбацый БДТ-ІІІ страціў сваю беларускую нацыянальную самабытнасць і непаўторнасць. Больш за тое, у 1936 годзе Галубку прыказалі ставіць класічныя п’есы на расейскай мове – «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Пушкінскі спектакль» паводле твораў А. Пушкіна, «Каварства і каханне» нямецкага паэта Ф. Шылера.
У пачатку 1935 года Уладзіслаў Галубок атрымаў чатырохпакаёвую кватэру ў Мінску ў так званым Доме спецыялістаў, які мясціўся на рагу вуліц Савецкая і Даўгабродская. Сям”і з 8 чалавек было не вельмі прасторна, але адзін пакой стаў «залай» Галубка, і ніхто яго не займаў, акрамя самога гаспадара. У гэтай «зале» стаяў разам з іншай мэбляй велізарны сялянскі куфар, каваны металічнымі шынамі. Засланы саматканым абрусам, ён быў кантрастам да ўсяго, што знаходзілася ў пакоі. Куфар гэты меў добры замок, ніхто з сям”і не меў права адчыняць яго. Вось што ўспамінаў зяць У. Галубка, народны мастак БССР Яўген Ціхановіч (1911–2005):
…тут былі вершы і апавяданні У. Галубка яшчэ з нашаніўскага часу, тут былі рукапісы ўсіх яго пес, дзесяць альбомаў з выразкамі з газет і часопісаў, у якіх былі водгукі чытачоў і крытыкаў, рэцэнзіі і артыкулы пра тэатры і пра асобныя спектаклі і канцэрты, афішы спектакляў і канцэртаў, шматлікія фатаграфіі асобных сцэн са спектакляў, фотаздымкі акцёраў з гледачамі, фотапартрэты асобных акцёраў, пісьмы Галубку ад вядомых тэатральных дзеячаў Украіны і Расіі, шматлікія граматы і падзякі, падарункі ад рабочых калектываў фабрык і заводаў, незакончаныя рукапісы новых п’ес, дзённікі і накіды да мемуараў-успамінаў, якія пісаў Галубок здаўна, урываючы вольную хвіліну.
Былі тут і дакументы розных часоў, якія датычыліся працы тэатра, сярод іх і пастанова Савета Народных Камісараў Рэспублікі пра наданне У. Галубку годнасці народнага артыста, пастанова пра ўзнагароду персанальнай аўтамашынай і многія іншыя; была там нарэшце і «зброя» – крамнёвая стрэльба i бутафорская шабля пана Сурынты, з аднаіменнай п’есы.
Такім чынам, у гэтым куфры змяшчаўся амаль што цэлы музей тэатра Галубка – розныя матэрыялы, фатаграфіі і пісьмы, гістарычныя прадметы і дакументы, якія адносіліся да гісторыі ўзнікнення, станаўлення і развіцця беларускага тэатра. Вельмі шкада усведамляць, што гэты знакаміты і вельмі каштоўны куфар знік бясследна.
Летам 1937 года Уладзіслаў Галубок сабраў трупу БДТ-ІІІ перад водпускам яе на міжсезонныя вакацыі, гаварыў з артыстамі асабліва шчыра і душэўна, пранікнёна, літаральна кожнаму з іх выказаў цёплыя словы і пажаданні, казаў пра будучыню свайго тэатра. Але напрыканцы лета ён i А. Згіроўскі былі арыштаваны, а тэатр расфарміраваны, артыстаў «рассыпалі» па розных тэатрах Беларусі.
Галубка арыштавалі ў жніўні 1937 года і прысудзілі да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. Уладзіслаў Іосіфавіч быў расстраляны 28 верасня 1937 года. Даведаўшыся пра арышт мужа, жонка спрабавала скончыць жыццё самагубствам, але яе выратавалі. Яна дажыла да рэабілітацыі мужы. А ўжо пасля яе смерці, у 1982 годзе ў Траецкім прадмесці ў Мінску была адкрыта гасцёўня Уладзіслава Галубка.
Падчас арышту У. Галубка і вобыску ў яго кватэры быў канфіскаваны і куфар з рукапісамі. У ім захоўваліся тэксты новых камедый і меладрам, вершаў і апавяданняў, малюнкі і карціны.
А ці ж не ўсплылі пазней яго літаратурныя творы, ужо крыху перапрацаваныя, скарочаныя ці пашыраныя і выдадзеныя за свае людзьмі, якія мелі непасрэдны доступ да гэтага куфра і там няблага пажывіліся, падпісаўшы іх сваім прозвішчам? На жаль, у бліжэйшыя гады мы гэтага не даведаемся, бо ўсё, што было вывезена з кватэры У. Галубка, даставілі ў НКУС БССР. А ў нетрах яго сховішч, здабыча можа захоўвацца дзесяцігоддзямі, а калі вытрывае гэтая «славутая» арганізацыя, то і стагоддзямі.
Калі ж хто сапраўды паквапіўся на літаратурную спадчыну Галубка, дык Бог ім суддзя.