
Ад жніўня Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” рэалізуе праект “#999”. Яго мэта – генераванне новых ідэй, наладжванне публічнай дыскусіі па сучасных формах правядзення вулічных святаў і сустрэчы з арганізатарамі буйных фестываляў, якія праходзяць у Беларусі.
У межах праекта “#999” была створана Працоўная група, якая збірае ідэі грамадзян і распрацоўвае прапановы да мясцовых уладаў па паляпшэнні якасці гарадской культурнай прасторы. Бо менавіта жыхары Берасця ведаюць што трэба, каб мерапрыемствы ў іх горадзе сталі цікавейшымі.
Выказаць свае меркаванні і прапановы (у тым ліку – ананімна) наконт правядзення вулічных мерапрыемстваў, тэм, вартых асвятлення падчас святкавання 1000-годдзя Берасця, можна запоўніўшы анлайн-форму.
Дэдлайн – 19 кастрычніка.
Арганізатарам праекта вельмі важна пачуць як мага больш жыхароў горада: ад падлеткаў да людзей сталага ўзросту. Кожнае меркаванне будзе важным і дарэчным! Менавіта вашы адказы змогуць паўплываць на тое, каб у Берасці з’явіліся гарадскія святочныя мерапрыемствы сучасных крэатыўных фарматаў.
Праект “#999” распачаўся ў верасні 2018 года гістарычным лекторыем. У межах праекта ўжо прайшлі тры адукацыйныя сустрэчы з арганізатарамі фестываляў “Stereo Weekend с Новым Радио”, “SPRAVA” і арт-пікніка “Freaky Summer Party”. Наперадзе – яшчэ дзве сустрэчы. Сачыце за абвесткамі!