
Сёння стала вядома, што аўтавакзал у Берасці будзе гучаць па-беларуску.
Як распавялі валанцёры ініцыятывы “Аўтавакзал па-беларуску”, кіраўніцтва аўтавакзала плануе зрабіць агучванне адпраўлення і прыбыцця транспарту на беларускай мове. Рэйсы, якія накіроўваюцца ў замежныя гарады, будуць дадаткова агучвацца на ангельскай мове.
Начальнік аддзела арганізацыі перавозак ААТ “Брэстаблаўтатранс” Барыс Калінін паведаміў, што ініцыятыву аб беларусізацыі “сэрца” міжгародніх і міжнародных перавозак падтрымаў і старшыня Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.
Нагадаем, што 12 сакавіка ў офісе АРР “Дзедзіч” адбылася сустрэча ініцыятараў кампаніі “Аўтавакзал па-беларуску” з кіраўніцтвам аўтавакзала і прадстаўнікамі “Брэстаблаўтатрансу”, на якой стала вядома, што ўнутранае і знешняя афармленне новага аўтавакзала будзе прадстаўлена на беларускай мове з дубляваннем на ангельскую.
Ініцыятыву “Аўтавакзал па-беларуску” рэалізавала Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” у межах кампаніі “Наша мова”. Подпісы збіраліся і анлайн праз сайт petitions.by, і ўжывую ў Дзень роднай мовы 21 лютага.
21 сакавіка на электронны адрас прыйшло пісьмо гарвыканкама наконт анлайн-подпісаў за беларускамоўны аўтавакзал.