
Беларускае моладзевае грамадскае аб’яднанне “Розныя-Роўныя” запрашае маладых людзей узяць удзел у падрыхтоўцы і правядзенні Летняга інтэграцыйнага намётавага лагера-семінара «Круглае возера-2019». Для падрыхтоўкі і правядзення лагера арганізатарам неабходная дапамога валанцёраў/к у перыяд часу з 29.07.19 па 15.08.19.
Удзельнікамі і ўдзельніцамі намётавага лагера-семінара «Круглае возера-2019» стануць маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Мэтай лагера з’яўляецца актывізацыя і інтэграцыя моладзі. Падчас лагера хлопцы і дзяўчыны з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама іх здаровыя аднагодкі прымаюць удзел у розных адукацыйных мерапрыемствах, а таксама весела і з карысцю адпачываюць. Цеснае ўзаемадзеянне дапамагае ўдзельнікам і ўдзельніцам лагера разабрацца ў сабе, зразумець іншых, пераканацца, што толькі актыўнымі дзеяннямі кожны з нас можа зрабіць сваё жыццё лепш. Месца правядзення лагера: бераг ляснога возера каля г. Плешчаніцы (прыкладна 85 км ад Мінска).
Каб стаць валанцёрам/кай, трэба
- мець шчырую матывацыю;
- вопыт добраахвотніцкай (валанцёрскай) дзейнасці;
- быць старэйшым за 18 гадоў;
- быць камунікабельным, адкрытым, добразычлівым, неканфліктным, гнуткім чалавекам;
- адказным і аператыўным у рабоце.
Валанцёры/кі забяспечваюцца:
- бясплатным харчаваннем (гарачым і свежым тры разы на дзень) і пражываннем;
- магчымасцю бясплатнага ўдзелу ў праграме лагера.