
Беларускі музыка-гусляр Алесь Чумакоў запрашае ўсіх неабыякавых падтрымаць выданне новага альбома ірландскіх карчомных песняў па-беларуску «Праўда ў віне».
Збор сродкаў на выданне дыска перакладаў ірландскіх папулярных спеваў адкрыты на краўдфандынгавай пляцоўцы ULEJ.
Алесь Чумакоў — беларускі майстар-гусляр, вядомы шырокай публіцы як музыка гурта «Стары Ольса» і лідар праекта Ceilidh Ceol. Пазнавальны вакаліст і інструменталіст, ён паспяхова адкрыў сябе ў сольнай творчасці і праз удалую апрацоўку сярэднявечных беларускіх народных баладаў і ваярскіх песень працягнуў адраджэнне і сучаснае ўдасканаленне старажытнай традыцыі гуслярства.
У альбоме «Праўда ў віне» Алесь Чумакоў адлюстроўвае працяг пошуку ўзаемасувязі дзвюх краін. На другім дыску музыка прапануе слухачам пераклад улюбёных ірландцамі папулярных карчомных песен.
На сённяшні дзень студыйная праца над альбомам «Праўда ў віне» амаль скончаная. Кожны ахвотны можа спрычыніцца да выдання альбома ірландскіх карчомных песняў па-беларуску «Праўда ў віне» пад адной вокладкай з перавыданнем ірландскіх гістарычных песняў па-беларуску «Сыны старадаўняй Літвы».