
Беларусы 1 чэрвеня змогуць праверыць валоданне роднай мовай і напісаць «Агульную дыктоўку» па новым тэксце сучаснага беларускага пісьменніка Андруся Горвата. У якасці чытальнікаў выступяць салісты гурта NaviBand. Праект у падтрымку беларускай мовы праводзіць кампанія «Лідскае піва», прымеркаваўшы яго да 400-годдзя выхаду «Граматыкі» Мялеція Сматрыцкага.
Сёлета спецыяльна для «Агульнай дыктоўкі» тэкст падрыхтаваў Андрусь Горват. Кнігі пісьменніка з’яўляюцца бестселерамі сучаснай беларускай літаратуры, а п’еса па кнізе «Радзіва Прудок» ужо амаль год з аншлагам праходзіць на камернай сцэне Купалаўскага тэатра. Дарэчы, акцёры тэатра таксама падтрымалі акцыю і нават знялі невялікі ролік з запрашэннем прыняць удзел у дыктоўцы.
Аўтар тэксту і арганізатары акцыі паставілі перад сабой мэту не толькі даць магчымасць удзельнікам праверыць свае веды, але і паказаць прыгажосць, самабытнасць і разнастайнасць беларускай мовы.
У ролі «настаўнікаў» на «Агульнай дыктоўцы» выступяць салісты гурта NaviBand. Выбар невыпадковы: Арцём і Ксюша пастаянна выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй творчасці і зносінах з прыхільнікамі, а таксама першымі ў гісторыі Еўрабачання выканалі кампазіцыю па-беларуску.
Правераць працы прафесійныя філолагі. Вынікі дыктоўкі будуць дасланы кожнаму індывідуальна разам з электронным сертыфікатам аб удзеле. Для жадаючых праверыць сябе самастойна арыгінал тэксту апублікуюць на старонцы праекта праз некалькі дзён пасля дыктоўкі. Выдатнікі атрымаюць памятныя прызы ад арганізатараў.
Праект «Агульная дыктоўка» ў 2019 годзе праводзіцца кампаніяй «Лідскае піва» пры падтрымцы канала «Культура» Беларускага радыё.