Культура

“Будзьма!” абвяшчае конкурс на найлепшы дызайн!

Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” абвяшчае конкурс эскізаў на нацыянальна арыентаваную тэматыку. Прыняць удзел могуць аматары і прафесіяналы, а таксама ўсе, хто неабыякавы да ўласнай культуры і хоча праявіць сябе.

У чым сэнс конкурсу?

Шукаюць цікавыя, крэатыўныя і сучасныя ідэі, накіды, малюнкі і эскізы, якія б вы хацелі бачыць на майках, торбах, кубках, нататніках і інш. Арганізатары даюць шырокі прастор вашай фантазіі (падзеі, асобы з гісторыі і міфалогіі, арнаменты і ўсё, што, на вашу думку, звязанае з Беларуссю, у тым ліку проста смешныя выявы і надпісы). Галоўнае – крэатыў, бо шукаюць тое, чаго яшчэ не было!

Конкурс пачаўся 23 траўня і будзе праходзіць у некалькі этапаў.

1 этап

Дасылайце запоўненую заяўку і малюнак (або некалькі) у фармаце PNG або JPEG (максімальны памер – 5MB) да 10 чэрвеня (23:59) на скрынку [email protected] з пазнакай “Конкурс дызайну”. Да разгляду прымаецца максімум пяць малюнкаў.

Заяўка мусіць змяшчаць наступныя пункты:

  1. Імя, прозвішча,
  2. Узрост,
  3. Род дзейнасці (месца працы, вучобы),
  4. Назвы і кароткае апісанне дызайнаў (па жаданні),
  5. Тэлефон, e-mail.

На 2 этапе журы робіць папярэдні адбор дызайнаў. На сайце “Будзьма беларусамі!” і на старонках кампаніі ў сацыяльных сетках гэтыя дызайны будуць выстаўленыя на галасаванне. Дызайны, якія набяруць найбольшую колькасць інтэрнэт-галасоў, і стануць пераможцамі. Такім чынам, пераможцы будуць абраныя праз “народнае” галасаванне.

3 этап прадугледжвае супольную працу пераможцаў з прафесійнымі дызайнерамі і прадстаўнікамі кампаніі “Будзьма беларусамі!” па адаптацыі малюнка пад прынт для нанясення на візуальную прадукцыю.

Што ў выніку?

Найлепшыя малюнкі-пераможцы будуць рэалізаваныя ў выглядзе прынтоў на цішотках, торбах, кубках ды іншай візуальнай прадукцыі. Аўтары-пераможцы атрымаюць ганарар.

Пакінуць адказ