
Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» запрашае хлопцаў і дзяўчат з Берасця і Берасцейскай вобласці на валанцёрскі летнік “Zalesse summer camp”, які пройдзе ў вёсцы Залессе Камянецкага раёна з 5 па 11 жніўня.
Валанцёрскі летнік – гэта выдатная магчымасць правесці весела і з карысцю 7 летніх дзён. Калі ты хочаш пакінуць прыемныя ўспаміны пра гэта лета, палепшыць сваё веданне беларускай мовы, адпачыць ад горада, знайсці новых сяброў, натхніцца, прыдумаць ідэі для нечага новага, пракачаць скілы ў праектным мэнэджменце і проста цікава правесці час — далучайся!
Як усё будзе адбывацца?
На працягу тыдня мы будзем добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол Дома Еўрапейскіх сустрэч у вёсцы Залессе, дапамагаць у падрыхтоўцы інсталяцый да фестывалю Ulmus. Таксама у праграме выступленні крутых экспертаў, культурных дзеячаў і музыкаў, імёны якіх мы абвесцім пазней на старонцы летніка ў ВК. Музычным хэдлайнерам летніка стане гурт РСП, які выступіць з акустычным канцэртам. Вас чакаюць майстар-класы, гульні, і, канешне, песні ля вогнішча. А трэнінг па праектным мэнэджменце дапаможа ўдзельнікам прыдумляць, пісьменна планаваць і эфектыўна рэалізоўваць крутыя ідэі ў сферы грамадскай дзейнасці.
Колькі гэта каштуе?
Удзел у летніку бясплатны. Трансфер з Берасця да Залесся, пражыванне і харчаванне забяспечваюць арганізатары.
Хто можа ўдзельнічаць?
Каб патрапіць на летнік, трэба быць авантурным, прыемным, разумным, крэатыўным і вясёлым чалавекам, які жыве ў Берасці або ў Берасцейскай вобласці. Узроставаыя абмежаванні ад 17 да 25 гадоў. Адбор удзельнікаў будзе адбывацца праз анкету-заяўку, якую трэба запоўніць да 28 ліпеня па спасылцы. Усяго ў летнік будзе запрошана 25 хлопцаў і дзяўчат.
У якіх умовах будзем жыць?
Будынак мае 4 вялікія спальныя пакоі для ўдзельнікаў. Ёсць 2 душа з гарачай вадой, 5 прыбіральняў. Паколькі яшчэ не ўсе будаўнічыя работы скончаны, няма ложкаў, спаць давядзецца на турыстычных дыванках і спальніках, якія забяспечваюць арганізатары. Для тых, хто любіць спаць на свежым паветры, будзе магчымасць раскласці намёт на тэрыторыі летніка.
Удзельнікі усіх папярэдніх летнікаў у Доме еўрапейскіх сустрэч маюць права ўдзельнічаць у летніку без папярэдняга адбору.
Я хачу паехаць. Што трэба рабіць?
Самае галоўнае, шчыра і максімальна падрабязна запоўніць анкету-заяўку. Апішыце, чаму, на вашу думку, вы самы лепшы кандыдат на ўдзел у гэтым летніку, які ўнёсак у агульную скарбонку пазітыўнага настрою і прыемных уражанняў вы можаце зрабіць. Граеце на гітары? – Цудоўна! Ведаеце цікавыя гульні? – Выдатна! Умееце падымаць настрой вясёлымі байкамі? – Падыходзіць! І не забывайце пра дэдлайн падачы заявак: 28 ліпеня. Вынікі адбору ўдзельнікаў стануць вядомыя 1 жніўня.
Больш падрабязная інфармацыя тут.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у каардынатараў летніка Наталлі і Дар’і.
1 Comment