
Ужо зусім хутка, 17 жніўня, з 13:00 да 20:00, пройдзе бясплатны фестываль гісторыі і культуры Брэста “Ulmus”. Гарадскі сад ператворыцца ў яскравую пляцоўку з дзесяткам зон для адпачынку, адукацыі, разваг і г.д. Прымеркаваны фестываль да гадавіны атрымання горадам Магдэбурскага права.
“Ulmus” гэта крафтавае свята для берасцейцаў і гасцей нашага гораду, якое ствараецца для таго, каб распавесці гісторыю Берасця праз актуальныя формы.
Вядома, што на фестывалі будзе змяшчацца 8 пляцовак, сярод якіх фуд-корт, дзіцячая зона, маркет, лекторый, шмат гістарычных актыўнасцей. Больш падрабязна ніжэй. А дэтальная праграма фэста – тут.
Падсілкавацца, выпіць летніх напояў ці кавы – можна будзе ў зоне фуд-корта. А паваляцца на траве ці сене, пагуляць у настолкі прыходзце на зялёную і безалкагольную зону пікніка. На пікнік можна браць пледы, ежу і гульні для вольнага паветра.
Для дзетак мы таксама падрыхтавалі асобную лакацыю, дзе малых чакае шмат прыгод. На дзіцячай пляцоўцы можна будзе пагуляць з дамамі з картону ці размаляваць гравюру Дальберга. А з 14.00 да 16.00 будзе магчымасць пагуляць у гістарычную гульню ”Легенды Брэста”, дзе з дапамогай сучасных тэхналогій атрымаецца наведаць розныя куткі горада і даведацца пра іх шмат новага.
Спецыяльна для фестываля Ulmus, тэатр “Камішыбаі” стварыў спектакль “Берасцейскі Цмок-ахоўнік” (тэкст Наталля Герасімюк, ілюстрацыі Крыстына Дацкевіч). Паказ адбудзецца ў альтанцы ў 13:00, 15:00 і 16:30. Там жа будзе майстар-клас па вырабу значкаў-цмокаў.
Маркет – месца для ўсіх, хто робіць прыгажосць. Толькі натуральнае, экалагічнае, прыгожае і крафтавае. Калі вы захацелі далучыцца да маркета – запаўняйце форму.
На зоне лекторыя сур’ёзныя людзі будуць несурёзна рапавядаць як жылі і размаўлялі берасцейцы. Мікалай Плавінскі (археолаг, кандыдат гістарычных навук) распавядзе як праводзілі вольны час у Сярэднявеччы. А таямніцы старажытнага гораду прыадкрые знакаміты даследчык гісторыі Брэста, Анатоль Гладышчук.
Сапраўдная перліна фестывалю ад Фонда развіцця Брэсцкай крэпасці будзе змяшчацца на гістарычнай лакацыі. Кожны зможа паваляцца і пачытаць кнігі, паглядзець адукацыйныя інсталяцыі, паслухаць гістарычныя аповеды ад экспертаў у берасцейскай гісторыі. Таксама можна будзе даведаца пра тое, як будавалі крэпасць і якія надпісы там ёсць, пачуць пра мадэрнісцкую архітэктуру і іншыя цікавосткі. Вау-эфект створыць праект “ReBrest”, які пакажа што дзе было ў старым Берасці з дапамогай 3D-макетаў. Таксама адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Мікалая Плавінскага. А спецыяльна для тых, хто не любіць сядзець на месцы будзе арганізаваны гістарычны квэст па месцах каля Гарадскога сада. Рэгістрацыя тут.
На фестываль прыедзе галерэя “Арт-Беларусь”, якая прывязе частку праекта “Дарогамі Скарыны з Белгазпрамбанкам”. Ва ўсіх нас будзе магчымасць адправіцца ў падарожжа ў друкаваную майстэрню Скарыны пры дапамозе шлема віртуальнай рэальнасці. Мадэллю для стварэння віртуальнай майстэрні паслужыла рэканструяваная друкарня XVII-XVIII стагоддзяў, якая знаходзіцца ў Музеі беларускага кнігадрукавання.
Спецыяльна на фестываль, у арт лакацыю, мы прывязем зорак андэграўднага мастацтва Беларусі: Сяргея Русака (стрыт-арт мастак з Ліды) і Сяргея Лескеця (фотамастак).
Русак стварыў нечаканы вобраз Берасця з штодзённым сюжэтам, які на першы погляд вельмі просты, але нябачна адгукаецца ў тутэйшым сэрцы. Яшчэ Сяргей Русак правядзе майстар-клас па стварэнню плакатаў з берасцейскім сюжэтам у межах праекта Фонда развіцця Брэсцкай крэпасці “1000 ідэй для Брэста”. Акрамя гэтага будзе працаваць “друкарня” па метаду шаўкаграфіі з малюнкам Сергея Русака. Каб набіць для сябе выяву пра Берасце, вазьміце торбу ці цішотку светлага колеру.
Сергея Лескець створыць Райскі сад. У калабарацыі з бабкамі-шаптухамі ён збірае лекавыя зёлкі, фатаграфуе іх з дапамогай тэхналогіі lumen print. У гэтым працэсе Сяргей выкарыстоўвае ваду з рэк і святых крыніцаў, часам замоўленую ваду. На фестывале можна будзе непасрэдна пазнаёміцца з мастаком, адчуць шаманізм ягоных прац і паспрабаваць самім стварыць раслінную прыгажосць.
Фіксаваць свята і вобразы гасцей будзе праект “Утульнае маляванне”. Сярод дрэваў з 14:00 да 16:00 берасцейскія мастакі створаць асаблівую атмасферу да якой далучыцца можаце і вы.
Каб вы пабачылі яшчэ адзін пласт сучаснай культуры Брэста на музычную пляцоўку мы запрасілі аб’яднанне PODPOLIE 162. Гэта супольнасць нойз-музыкантаў якія з 18:30 да 20:00 будуць адпраўляць у паветра свае біты і классіку хіп-хопу.
Праграма фестываля гістрыі і культуры “Ulmus”, які пройдзе 17 жніўня з 13.00 да 20.00, у парку “Градскі сад”.
13.00 : старт фестываля.
13.00-13.45 : папяровы спектакль тэатру “Камішыбаі”, “Берасцейскі Цмок-ахоўнік”.
14.00-16.00 : гістарычная гульня для дзяцей ”Легенды Брэста”.
14.00-16.00 : маляванне гасцей фестываля, праект “Утульнае маляванне”.
15.00-16.00 : майстар-класс па фотаграфаванню раслін ад фотамастака Сяргея Лескеця (фотамастак).
15.00-15.45 : папяровы спектакль тэатру “Камішыбаі”, “Берасцейскі Цмок-ахоўнік”.
15.00-16.00* – размовы з берасцейскімі краеведамі і гісторыкамі за кавай (Іван Чайчыц, Ірына Малоз, Наталля Зданевіч і др.).
16.00 : гістарычны квэст па ваколіцах Гарадскога сада.
16.00-18.00 : гістарычны лекторый (выступоўцы: Мікалай Плавінскі і Антон Дацкевіч).
16.30-17.15 : папяровы спектакль тэатру “Камішыбаі”, “Берасцейскі Цмок-ахоўнік”.
18.00-20.00 : маляванне плакатаў з сюжэтам Брэста (стрыт-арт мастак Сяргей Русак).
18.30-20.00 : выступ электронных музыкаў, аб’яднанне PODPOLIE 162.
*спіс удакладняецца
Арганізатарамі фестываля выступае Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» і Адміністрацыя Ленінскага раёну г. Брэста пры падтрымцы Берасцейскага гарвыканкаму. Галоўны інфармацыйны партнёр фестывалю – часопіс “Бінокль”. Партнёр фестывалю: кампанія “Модесса”. Арганізацыйныя партнёры: “Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці”, “MYSA bag”, грамадскія арганізацыі “Час Зямлі”і “YMCA”.