
Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашае ў Школу пісьменніцтва «W/Rights». Калі табе да 35 гадоў, і ты пішаш прозу, паэзію альбо перакладаеш вершы з замежных моваў — смела падавай заяўку.
Новы адукацыйны праект спалучае сямігадовы досвед Школы маладога пісьменніка і актуальныя патрэбы маладых літаратараў. «W/Rights» аб’ядноўвае паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў, якія падчас навучання не толькі палепшаць якасць сваіх тэкстаў, але і атрымаюць механізм рэалізацыі сваіх культурніцкіх правоў. Праект здзяйсняецца ў партнёрстве з грамадска-культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!», праваабарончай ініцыятывай «Журналісты за талерантнасць», Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый.
Выкладанне ў Школе будзе весціся на дзвюх аддзяленнях: «Паэзія/Пераклад паэзіі» і «Мастацкая проза».
Навучанне ў Школе — бясплатнае!
На аддзяленні прозы выкладаюць Ганна Бутырчык, Наталля Паваляева і Людміла Рублеўская, на аддзяленні «Паэзія/Пераклад паэзіі» — Ульяна Верына, Вольга Гронская, Андрэй Хадановіч.
- базавыя веды ў галіне культурніцкіх правоў;
- актуальныя практыкі creative writing;
- камунікацыя і ўзаемнае абмеркаванне тэкстаў з калегамі;
- тэорыя прозы, паэзіі і паэтычнага перакладу;
- навучанне асновам прамоцыі, краўдфандынга і фандрайзінга ў сферы культуры;
- семінары па выяўленні мовы варожасці ў тэкстах;
- воркшопы з найлепшымі паэтамі і пісьменнікамі Беларусі;
- сустрэчы з выдаўцамі, дызайнерамі і спецыялістамі па аўтарскім праве;
- магчымасць надрукаваць свае творы.
Умовы паступлення
1) Узрост: 18-35 гадоў.
2) Заяўка на адрас [email protected]
Заяўка павінна ўключаць:
1) узор уласнай прозы (для аддзялення «Мастацкая проза») альбо паэзіі/перакладу (для аддзялення «Паэзія/Пераклад паэзіі») любога жанру на беларускай мове аб’ёмам 2-5 старонак;
2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце навучацца ў Школе;
3) спіс з 5-10 кніг, якія на вас паўплывалі найбольш.
Правілы афармлення заяўкі:
1) Тэма ліста: W/Rights з пазнакай «Мастацкая проза» альбо «Паэзія/Пераклад паэзіі».
2) Вашыя тэксты, матывацыйны ліст і спіс кніг дасылайце разам адным файлам у фармаце.docx (.doc). На першай старонцы пазначце сваё імя і прозвішча, адрас пражывання, дату нараджэння, e-mail і кантактны нумар тэлефона.
3) Файл назавіце лацінкай наступным чынам ― «вашае прозвішча, ніжняе падкрэсліванне, вашае імя», напрыклад:
Pashkevich_Alaiza.docx
Bahdanovich_Maksim.docx
Важна! Заяўкі для паступлення прымаюцца на электронную пошту: [email protected] да 20 верасня 2019 года.
Заяўкі не рэцэнзуюцца. Прыём паводле конкурсу. Пра вынікі прыёмнай кампаніі будзе паведамлена на пачатку кастрычніка на сайце lit-bel.org і ў паштовай рассылцы. Пры паспяховым залічэнні ў Школу вам паведамяць гэта да пачатку заняткаў па нумары тэлефона, які вы пакінулі.