
У сеціве з’явілася незвычайнае відэа, на якім Лявон Вольскі разам з вядомымі музыкамі, паэтамі і грамадскімі дзеячамі выконвае песню «Тры чарапахі» на дзіцячых музычных інструментах.
У кліпе заўважаныя спявачка Palina, Віталь Гуркоў, гурты Naviband і Irdorath, Франак Вячорка, Адам Глобус, Віталь Рыжкоў, а таксама музыкі гуртоў Volski і Крамбамбуля.
«За 20 год мы бачылі дзясяткі, калі не сотні выкананняў і інтэрпрэтацыяў «Трох чарапах»: ад спеваў на вулічных акцыях да флэшмобаў БРСМ, ад футбольных фанатаў да касцельных званоў, у гарадскіх джунглях і лясных гушчарах. Гэта вельмі натхняе – і нам захацелася трошкі павыдурняцца, сабраць сяброў ды зрабіць такую вось версію нефармальнага гімна Беларусі, — піша Лявон Вольскі ў сваім Facebook.
Ідэю музыкам дало папулярнае амерыканскае шоу Джымі Фэлана, дзе падобны інтэрактыў прапануюць знакамітым сусветным гуртам.
Рэжысёрам відэа выступіў Валер Кандрацьеў, аператарам – Канстанцін Сярогін, гукарэжысёрам — Сяргей Васількоў.
Найбліжэйшы вялікі канцэрт Лявона Вольскага адбудзецца 26 кастрычніка ў мінскім Prime Hall — гледачоў чакаюць паўнавартасныя сэты з песень гуртоў Мроя, N.R.M., ZET, Volski, прысвечаныя знакавым датам гэтых гуртоў.