Адукацыя

У Беларусі стартаваў сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» для навучэнцаў 9, 10 і 11-х класаў

У Беларусі стартаваў сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» – конкурс яскравых ідэй пакалення Z: навучэнцаў 9, 10 і 11-х класаў.

На працягу навучальнага года ўдзельнікі праекта будуць раcпрацоўваць сваю ідэю, развіваць навыкі публічнага выступлення і самапрэзентацыі, атрымліваць карысныя веды на воркшопах і сустрэчах з экспертамі. 10 фіналістаў праекта, якіх абярэ журы, атрымаюць персанальных ментараў TEDx і з іх дапамогай будуць рыхтавацца да свайго вялікага публічнага выступу на маштабнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.

Менавіта 10 фіналістаў выйдуць у знакамітае чырвонае кола TED і прэзентуюць свае ідэі перад вялікай аўдыторыяй. Усе яны атрымаюць прызы –  iPhone Xs. Праект «Першыя» будзе цалкам рэалізаваны на беларускай мове, у тым ліку ўсе майстар-класы і публічныя выступы фіналістаў, бо адна з мэтаў гэтай ініцыятывы – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы з дапамогай супольнасці TED.
Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. У мінулым годзе кампанія А1 ужо праводзіла падобны адукацыйны праект velcom YOUTH. Праект «Першыя» пройдзе яшчэ больш маштабна – запланаваны воркшопы і адукацыйныя мерапрыемствы не толькі ў Мінску, але і ў Гародні, Гомелі, Магілёве і Віцебску.

Хто можа паўдзельнічаць?

Сёлета, акрамя навучэнцаў 10 і 11-х класаў, да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца і навучэнцы 9-х класаў.

Тэматыка конкурсу

«Тэхналогія», «Культура», «Інклюзія» і «Экалогія». Больш падрабязна можна даведацца на сайце generation.A1.by і ў суполцы праекта. Генеральны інфармацыйны партнёр праекта – беларускі партал TUT.BY.

Прыём заявак ужо распачаўся і будзе праходзіць па 8 сакавіка 2020 г. У першапачатковай заяўцы трэба сфармуляваць сваю ідэю і коратка распавесці пра яе. Падаваць заяўкі могуць навучэнцы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Зарэгістраваных удзельнікаў праекта чакаюць інтэрактыўныя варкшопы ад экспертаў у галіне майстэрства прэзентацыі і аратарскага мастацтва, а таксама ад вядомых беларускіх і замежных спецыялістаў па кірунках конкурсу.

Удзельнікі конкурсу будуць мець магчымасць дапрацаваць сваю ідэю. Да 8 сакавіка 2020 г. відэаролік з пашыранай прэзентацыяй неабходна будзе размясціць на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак з хэштэгам #generationA1 і даслаць спасылку на [email protected].

Аўтары самых яскравых, цікавых, значных, перспектыўных і арыгінальных ідэй трапяць у лік 10 фіналістаў. Яны наведаюць TEDxMinsk 2020 і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з ментарамі TEDx. Іх выступленні адбудуцца на выніковым мерапрыемстве TEDxYouth@Minsk у траўні 2020 года. Трансляцыю канферэнцыі будзе весці відэасэрвіс VOKA.
Далучайцеся!

TED (ад англ. technology, entertainment, design – тэхналогіі, забавы, дызайн) – сусветна вядомы фармат канферэнцый, першая з якіх адбылася ў 1984 годзе ў ЗША. Іх місія – распаўсюджанне і прасоўванне ўнікальных ідэй. Сярод вядомых удзельнікаў TED-канферэнцый – Сціў Джобс, Сцівен Хокінг, Біл Клінтан і інш.

TEDx – праект TED, які дазваляе асобным людзям ці групам людзей праводзіць незалежныя канферэнцыі ў фармаце і па ліцэнзіі TED.

Гісторыя TEDx у Беларусі

Першае мерапрыемства ў фармаце TEDx у Беларусі адбылося ў 2009 г. З тых часоў было праведзена 8 лакальных мерапрыемстваў.
Канферэнцыя TEDxMinsk2019 прайшла ў Купалаўскім тэатры і стала адной з самых яскравых інтэлектуальных падзей краіны.
У 2018-2019 гг. у Беларусі ўпершыню быў праведзены сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH для старшакласнікаў, дзясятка фіналістаў якога сталі спікерамі вялікай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.

Кантактная асоба: Павел Салаўёў, камунікацыйнае агенцтва ARS Communications +375 29 649 52 53 | [email protected].

Пакінуць адказ