Культура

Выстава “STATUS: ВЫСНОВЫ. Як быць з мастацтвам сёння?” адкрыецца ў Берасці 21 лістапада

21 лістапада а 19.00 у галерэі Прасторы КХ адбудзецца адкрыццё выставы “STATUS: ВЫСНОВЫ. Як быць з мастацтвам сёння?”.

“СТАТУС: Роля мастачак і мастакоў у трансфармацыі грамадства” – гэта калектыўны даследчы праект, які рэалізуецца ў кааперацыі шведскіх і беларускіх партнёраў: KONSTEPIDEMIN у Гётэбаргу і галерэі Прастора КХ у Брэсце. “СТАТУС” аб’ядноўвае мастачак і мастакоў, даследчыц і даследчыкаў, працаўнікоў і працаўніц культуры з Беларусі і Швецыі, зацікаўленых вывучэннем кантэксту і ўмоў рэалізацыі сучаснай мастацкай практыкі, а таксама пазіцыі і ролі мастакоў і мастачак у сучасным грамадстве.

Праект “СТАТУС” доўжыцца ўжо два гады (2018-2019). Цягам гэтага часу была праведзена значная даследчая, мастацкая, персанальная і калектыўная праца. Яе вынікам стала стварэнне анлайн-платформы, правядзенне дыскусій і іншых публічных мерапрыемстваў (галоўнае з іх – Кангрэс-перформанс работнікаў і работніц культуры – яшчэ наперадзе), выданне зборніка тэкстаў ”Мастацкія пазіцыі ў грамадстве, якое змяняецца. Назіранні з Беларусі і Швецыі”, а таксама арганізацыя шэрага мастацкіх выставак у Швецыі і Беларусі.

ЯК БЫЦЬ З МАСТАЦТВАМ СЁННЯ?

Гэтае пытанне ў назве выставы падсумоўвае, улічвае і мае на ўвазе шмат іншых пытанняў, што паўставалі ў ходзе праекта: Як можна існаваць сёння – з мастацтвам і без яго / побач і ўнутры яго? Як і навошта рабіць мастацтва і цікавіцца ім сёння? Якія пытанні ставяць перад сабой сучасныя творцы і хто іх мастацтва “спажывае”? Ці патрэбна мастацтва сучаснаму грамадству? І якая будучыня яго чакае?

Выстава ў галерэі Прасторы КХ падвядзе вынікі мастацкай часткі праекта “СТАТУС”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены працы удзельніц і ўдзельнікаў даследчых груп праекта – Схаванае жыццё, Спадчынатварэнне і (ня)праца. Таксама выстава ўлучыць працы, якія былі зроблены падчас варкшопаў праекта ў Менску ў чэрвені 2019: “Менструацыя /і/ ўлада” (праведзены Антанінай Слабодчыкавай) і “Ствараючы паралельнае грамадства” (праведзены Джонам Хантынгтанам і Ларсам Новэнгам).

У выставе бяруць удзел:

МАКСІМ САРЫЧАЎ
МАША СВЯТАГОР, ТАНЯ АРЦІМОВІЧ
ДЗІНА ЖУК, МІКАЛАЙ СПЯСІЎЦАЎ, ВОЛЯ САСНОЎСКАЯ
ЛІНДА ТЭДСДОТТЭР
ЭЛІНА ВІДАРССАН
АНТАНІНА СЛАБОДЧЫКАВА, НАДЗЯ САЯПІНА, ЯНІНА ЗАЙЧАНКА, ЯНА САРОКА, МАША СВЯТАГОР, ВОЛЬГА МАСЛОЎСКАЯ, ЭЛІНА ВІДАРССАН, ЛІЗА МІХАЛЬЧУК (група ўдзельніц варкшопу “Менструацыя/і/ улада”)
АЛІНА ДЗЕРАВЯНКА, САФІЯ САДОЎСКАЯ, ЛІЗАВЕТА КАЎЦЯК (група ўдзельніц варкшопу “Ствараючы паралельнае грамадства”).

Куратарка выставы: ЛІЗАВЕТА МІХАЛЬЧУК
Каардынатар: АЛЯКСЕЙ ТАЛСТОЎ
Арганізатары праекта: KONSTEPIDEMIN(Гётеборг, Швецыя), галерэя Прастора КХ (Брэст, Беларусь)
Партнёры праекта: Шведскі інстытут, Шведскі мастацкі савет.

Адкрыцце выставы: 21 лістапада, 19.00. На адкрыцці будуць прысутнічаць удзельніцы іўдзельнікі праекта з беларускага і шведскага боку. Таксама адбудзецца прэзентацыя публікацыі “Мастацкія пазіцыі ў грамадстве, якое змяняецца. Назіранні з Беларусі і Швецыі”. Уваход на адкрыццё вольны.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *