
У канцы лістапада распачалася краўдфандынгавая кампанія па выкупе «Крыжа мужнасці», якім у міжваенны час узнагароджвалі балахоўцаў. Коратка тлумачым, чаму ў ёй варта ўзяць удзел і хто такі генерал Булак-Балаховіч.
Не так даўно Нацыянальны гістарычны музей распачаў збор сродкаў на выкуп у прыватнага калекцыянера ўзнагароды «Крыж мужнасці» і камплекта дакументаў да яго. За тыдзень была сабраная частка патрэбнай сумы, але час ідзе, і крыж можа быць выкуплены іншымі зацікаўленымі асобамі.
Што гэта за крыж?
Узнагарода, якой адзначаліся тыя, хто служыў пад кіраўніцтвам генерала Станіслава Булак-Балаховіча ў перыяд з 1917 па 1920 г. Лёс самой узнагароды быў не менш цікавы, чым лёс яе ўладальнікаў. У розныя гады былі розныя варыяцыі крыжа, а іх выдача працягвалася да 1939 года. Ёю адзначалі за адчайную мужнасць і за добрую службу, а па версіі польскай прэсы 30-х г. —мажліва, і «за вялікія грошы». І ў гэтым палягае яе каштоўнасць для беларускай гісторыі. Сярод цэлага шэрагу ваенных узнагарод яна ўвасабляе ўсю неадназначнасць падзей, якія разгарнуліся на тэрыторыі Беларусі ў першай палове ХХ стагоддзя. І да таго ж дакументы, якія яе суправаджаюць, былі падпісаныя рукой генерала.
Дык што за генерал такі?
Напэўна, калі пісаць ягоную біяграфію, то пераважаць там будуць клічнікі і пытальнікі. На думку большасці даследчыкаў, службу ён распачаў у 1914 годзе ў расійскай арміі. Хутка прасоўваючыся па службе, атрымліваў раненні амаль гэтак жа часта, як і ўзнагароды. Зарэкамендаваў сябе ў якасці паспяховага «партызанскага» камандзіра, удзельнічаў у шматлікіх рэйдах і вылазках за лінію фронту. Лютаўская рэвалюцыя зрабіла яго камандзірам эскадрона… і яна ж нарадзіла таго Балаховіча якога мы ведаем цяпер, з усёй яго неадназначнасцю і неўтаймаванасцю. Чалавека вайны, які стаяў па-за дабром і злом.
Ці быў ён беларусам? Напэўна так. Бо нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, прысягнуў ураду БНР, у пракламацыях называў сябе сынам беларускага народа і абвясціў тэрыторыяй БНР землі захопленыя падчас свайго знакамітага палескага паходу 1920 года. Ці быў ён патрыётам? Хто ведае. Занадта шмат прагматызму прыпісваюць ягоным рашэнням і выказванням. Але, як адзначалі ўсе, хто яго ведаў асабіста, асобай ён быў яскравай. Зоркай, якая з’явілася ў полымі вайны.
Чаму музей не можа набыць крыж самастойна?
На гэта ёсць шмат прычын, але самыя галоўныя — фінансаванне і час. Як любая дзяржаўная ўстанова, Нацыянальны гістарычны музей мае план закупак. У той жа час прапанова на выкуп крыжа і дакументаў паступіла пры канцы года, калі звычайна ўсе дзяржаўныя сродкі ўжо размеркаваныя.
…і навошта музею гэты крыж?
У зборах беларускіх музеяў можна па пальцах пералічыць экспанаты, звязаныя з беларускай вайсковай гісторыяй 1917—1921 гадоў. Артэфактаў, звязаных з асобай Станіслава Булак-Балаховіча, яшчэ менш. І музею выпаў шанец запоўніць гэты прабел. Дзякуючы неабыякавым людзям мы можам займець адзін з такіх артэфактаў ужо цяпер.