
Брэсцкае абласное аддзяленне грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разам з Установай культуры «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей» праводзіць у Брэсце Школу бёрдвочара – бясплатныя курсы, на якіх навучаць вызначаць больш за 100 відаў мясцовых птушак. Запісацца могуць усе зацікаўленыя з 18 гадоў.
Дзікая прырода побач з намі нават у гарадах. Мноства разнастайных птушак жыве ў парках, ля дамоў, на пустках, вадаёмах і ў хмызняках. Толькі ў Брэсце зарэгістравана каля 180 відаў птушак.
Ці вядома табе, што ў горадзе жывуць два віды вераб’ёў? Ці можаш адрозніць крумкача ад грака? Ці ведаеш, якія рэдкія віды птушак з Чырвонай кнігі можна сустрэць у Брэсце?
Бёрдвочынг – назіранне за птушкамі, цікавы і папулярны ў многіх краінах занятак. Гэтае хобі дорыць чалавеку радасць і задавальненне, а таксама дае магчымасць больш рухацца і разнастаіць сваё жыццё.
Ужо ў другі раз «Ахова птушак Бацькаўшчыны» праводзіць набор у Школу бёрдвочара. Першы выпуск школы самастойна вядзе назіранні, адзначае рэдкія для Беларусі віды птушак у Брэсце і вобласці, прымае актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах і акцыях, арганізаваных АПБ.
Неабавязкова ехаць у экзатычныя краіны, каб пабачыць новыя для сябе віды птушак. Палічы, колькі з 334 відаў беларускіх птушак ты ведаеш. Хочаш пазнаёміцца з іншымі?
Што цябе чакае ў Школе
У Школе бёрдвочара ты вывучыш больш за 100 відаў птушак і пачнеш заўважаць іх у прыродзе. Усяго будзе восем тэарэтычных заняткаў і дзве палявыя экскурсіі.
У Школе раскажуць не толькі як адрозніваць птушак, але і дадуць шмат іншай карыснай інфармацыі: як апранацца для бёрдвочынгу, як скласці маршрут, як апісваць птушку, як правільна пазначаць яе месцазнаходжанне.
Кожны вучань атрымае шпаргалку са спісам усіх птушак Беларусі і асноўнай інфармацыяй пра кожны від, а выдатнікі школы – вызначальнік.
Што ты даведаешся пра птушак
· як адрозніць самцоў ад самак, як выглядаюць маладыя птушкі, а як дарослыя падчас гнездавання і ў іншы час;
· як адрозніць птушак па галасах;
· дзе i якіх птушак можна сустрэць;
· чым харчуюцца птушкі;
· якія паводзіны і іншыя асаблівасці яны маюць.
Заняткі будуць праходзіць на базе Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея па адрасе: Брэст, вул. Карла Маркса, 60. Першы занятак адбудзецца 4 лютага ў 18.00. Наступныя заняткі будуць праходзіць кожны аўторак.
Выкладчык: старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ, бёрдвочар, Юрый Янкевiч. Запісацца ў Школу бёрдвочара можна да 2 лютага 2020 года. Спяшайся, колькасць месцаў абмежаваная!
Кантактная асоба: Юрый Янкевiч (тэл. 8-033-658-68-17, e-mail: [email protected]).