
Фатаграфіі, якія вы пабачыце на выставе “Нябачная маці”, зроблены на тэрыторыі Беларусі, рознымі людзьмі, у розныя часы. Сёння яны з’яўляюцца часткай вялікага фотаархіва (каля 10 000 адзінак), сабранага вядомым беларускім фатографам, гісторыкам, этнографам і калекцыянерам Сяргеем Лескецям.
Што іх аб’ядноўвае?
Відавочна, усе яны – партрэтныя выявы маленькіх дзетак – студыйныя ці аматарскія, але цалкам утылітарныя, а не мастацкія па сваёй першаснай задуме фатаграфіі.
Чаму тады аб’ядналі іх ў мастацкі праект?
Не відавочна. Але, калі вы ўважліва прыглядзіцеся да гэтых выяваў, то спачатку адчуеце нешта дзіўнае, нібыта чыюсьці нябачную прысутнасць, а потым – не з першага, а можа нават і не з другога погляду – прымеціце нібыта адмыслова прыхаваныя ці выпадкова патрапіўшыя ў кадр постаці, рукі. твары… Гэтыя прывідныя здані і ёсць “нябачныя маці” ( існуе нават спецыяльны тэрмін дзеля вызначэння гэтага фатаграфічнага феномена – “hidden mothers”). Усе гэтыя фота стваралісь такім чынам, каб мы не заўважылі іх, і нават, калі жаночая постаць ці яе фрагмент, ўсё ж такі траплялі на негатыў, то потым, на здымке, іх замалёўвалі ці прыхоўвалі пад папяровымі накладкамі.
У гэтым праекце аўтары намагаюцца ізноў зрабіць іх бачнымі, прапануем перанесьці ўвагу з дзіцяці на маці і паразважаць над тым, чаму гэтыя жанчыны вырашылі схаваць сябе. А таксама над тым, як ўздзейнічаюць на нас сёння гэтыя фотаздымкі – з сентыментальнай і крытычнай пазіцыі, нагадваючы нам пра бясконцую і нябачную матчыну падтрымку гэтаксама, як і пра бясконцую і нябачную матчыну працу.
Сяргей Лескець – фатограф, гісторык, этнограф. Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Турэц-Баяры на Маладзечаншчыне. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэт імя Максіма Танка і аддзяленне найноўшай гісторыі Беларускага калегіума. У творчасці аддае перавагу тэмам традыцыйнай культуры, сямейных каштоўнасцяў, паўсядзённага жыцця. Збірае архіў беларускай фатаграфіі.
Адкрыццё: 24.01.2020 а 19.00 (уваход вольны). Выстава працуе да 9.02.2020.
Галерэя Прасторы КХ адчынена: чацвер-нядзеля, 15.00 – 19.00. Уваход на выставу: 3 BYN. Кантактныя тэлефоны: +375-33-308-38-11; +375-29-705-56-74 (Лізавета).